Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

“Героі маіх карцін”

Асновай праграмы стане жывапісны твор М.П. Багданава-Бельскага “Новая казка”. Галоўныя героі карціны – дзеці, іх непасрэднасць і чысціня, іх неспасціжны ўнутраны космас. Пытанняў да палатна ўзнікае нямала, але на ўсе з іх знойдуцца адказы падчас музейнай сустрэчы. Магчыма, у карціне ўдасца ўбачыць значна больш, чым паказаў мастак ...

З водгукаў удзельнікаў праграмы:

“Пасля наведвання музея са сваімі аднагрупніцамі я зірнула на свет мастацтва з іншага боку. Разглядаючы карціны, абмінаючы эпохі, мы былі ў пошуку адзінага ў сваім родзе сапраўднага палатна Мікалая Пятровіча Багданава-Бельскага. Знайшоўшы карціну, нашай невялікай кампаніяй мы размясціліся насупраць яе і каля гадзіны дзяліліся адкрыццямі і ўражаннямі адзін з адным. Гэта быў сапраўды незвычайны і дзіўны вопыт такога глыбокага знаёмства з творам. Ніколі б не падумала, што наведванне музея можа быць настолькі захапляльным!”

“Нядаўні ўдзел у праграме “Героі маіх карцін” адкрыў мне не толькі новы бок мастацтва, але і дапамог па-іншаму зірнуць на маіх аднакурсніц. Мы ўбачылі адна адну ў святле ўласных думак, у святле асацыяцый і ўспамінаў. Кожны з нас быў скарбам, каштоўнай крыніцай, што гарманічна спалучаецца з іншым. Кожны быў працягам думкі іншага. Праграма дапамагла мне адчуць, што калі нават на пару гадзін адкрыешся – нічога не страціш, а толькі набудзеш”.

“Наведванне музея пакінула ў маёй душы пачуццё сапраўднага адкрыцця. Добрую частку часу мы прысвяцілі абмеркаванню толькі адной карціны, але ў мяне не было адчування таго, што пра яе ўжо ўсё сказана. Кожная карціна мае сваю гісторыю, гісторыю самога палатна і таго, што на ім адлюстравана. Тут можна паразважаць аб тым, на што звычайна не хапае часу, адчуць глыбей тое, што раней не прыходзіла ў галаву. І ў гэтым цуд мастацтва: паказаць нам сутнасць рэчаў, якую мы звычайна не бачым з-за сваёй духоўнай слепаты, якая замінае нам адкрываць свет і сябе”.

 

Больш падрабязную інфармацыю аб праграме можна атрымаць тут http://museumimpression.blogspot.com.by/2014/12/blog-post.html

 

Праграма адрасавана дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту (5 – 11 класы), а таксама студэнтам і дарослым.

Колькасць у групе: ад 5 да 10 чалавек.

Працягласць праграмы: 1,5 акадэмічныя гадзіны.

Удзел у праграме ажыццяўляецца па папярэднім запісе.

Запісацца на праграму можна па тэлефоне327-71-63 (Экскурсійнае бюро).