Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Адкрыццё персанальнай выставы “Паэзія срэбра” Ігара Гардзіёнка

12 ліпеня а 18-й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя” адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы “Паэзія срэбра” беларускага графіка, сябра Беларускага саюза мастакоў Ігара Гардзіёнка. На выставе будуць прадстаўлены ілюстрацыі да новага паэтычнага зборніка легенд і паданняў “Скарб бяздонны” вядомага беларускага паэта, публіцыста, перакладчыка Міколы Мятліцкага. Выданне адзначана дыпломам першай ступені за ўдзел у конкурсе “Мастацтва кнігі” (Мінск, 2016). Ілюстрацыі, якія склалі мастацкае афармленне паэтычнага зборніка, раскрываюць і вобразна ўзбагачаюць мастацкі тэкст, пашыраюць межы ўспрымання паэтычных радкоў.

У творчым багажы Ігара Гардзіёнка – шматлікія ўзнагароды за ўдзел у конкурсах па мастацкім афармленні кніжных выданняў вядомых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, удзел у пленэрах, мастацкіх выставах. Яго, як мастака, што нарадзіўся на Беларусі, цікавіць легендарнае, язычніцкае мінулае беларускіх зямель, надзывычай чароўнае, містычнае, якое з’яўляецца бясконцай крыніцай творчага руху.

 У працах мастака знайшлі адлюстраванне разнастайныя вобразы: мы бачым зачараваных закаханых і легендарных каралёў з рэгаліямі ўлады, вешчуноў-ведзьмакоў, язычніцкіх багоў і ваяўнічых рыцараў. Ды і сама назва выставы нясе ў сабе дваісты сэнс. Срэбра, паэзія срэбра… – узнікаюць асацыяцыі з высакародным металам, каштоўным вырабам. Аднак галоўны сэнс адсылае нас да тэхнічных асаблівасцей стварэння графічных твораў. Бо на мове мастакоў-графікаў срэбра альбо пісьмо срэбрам указвае на глыбіню нюансіроўкі, тонавыя градацыі, асаблівае майстэрства дабаўлення ў чорна-белую графіку серабрыстага тону як адзнакі далікатнасці, вытанчанасці тэхнічнага прыёму.

Выстава працуе да 12 верасня 2019 г. Уваход на выставу па білету ў музей.