Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

У Музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве

14 лістапада 2018 года а 17-й гадзіне адбудзецца адкрыццё выставы “Пейзажы малой радзімы” з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Імкненне беларускіх пейзажыстаў трактаваць вобраз прыроды як арганічную цэласнасць разнастайных праяў рэальнасці з’яўляецца глыбіннай устаноўкай для ўсёй беларускай культуры. Прырода паўстае ў іх творах як сінкрэтычнае адзінства ўсіх сваіх элементаў, неад’емнай часткай якога з’яўляўся і чалавек.

Аўтары прадстаўленых у экспазіцыі твораў валодаюць рэдкім каларыстычным дарам, беспамылковым пачуццём кампазіцыі і малюнка, імкненнем складаць у сваіх карцінах паэтычны вобраз беларускай прыроды. Іх творчасць адзначана глыбока нацыянальным характарам.

У карцінах Анатоля Бараноўскага (1937–2017), Васіля Васільева (1927–2010), Уладзіміра Лагуна (1922–2004), Хаіма Ліўшыца (1912–1994), Валянціна Савіцкага (1919–2006), Канстанціна Касмачова (1911–1992), Валер’яны Жоўтак (1919–2000), Вячаслава Кубарава (1931–1995), Віталя Цвіркі (1913–1993) і іншых мастакоў раскрываецца тэма жыцця малых гарадоў і мястэчак з тысячагадовай гісторыяй.

Сюжэты карцін, на першы погляд, простыя і непатрабавальныя – рэкі, дрэвы, палі, дамы і храмы. Аднак унутраным лейтматывам кожнага палатна з’яўляецца тэма Вечнага і Вечнасці. Напэўна, таму прадстаўленыя творы, па сутнасці, пазбаўлены прыкмет часу. Былое і сучаснасць не супрацьпастаўляюцца, не адасабляюцца адзін ад аднаго, а жывуць у прасторава-часавым адзінстве. Пейзажы прадстаўленых мастакоў ствараюць гарманічную панараму суіснавання чалавека і прыроды. Іх жывапіс падпарадкаваны задачам паэтызацыі штодзённага быцця. Ён мае шчыльную, матэрыяльную, адчувальную аснову і адрозніваецца адценнямі фарбаў, якія падкрэсліваюць непаўторнасць прыгажосці беларускага края.

Бясспрэчная каштоўнасць прадстаўленых у экспазіцыі твораў складаецца ў тым, што ў іх выразна выяўлены прыярытэты –  традыцыйная архітэктура і сціплая прыгажосць беларускай прыроды.  

Наталля Сяліцкая,

мастацтвазнаўца,

вядучы навуковы супрацоўнік

аддзела сучаснага беларускага мастацтва

Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь