Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Віленская – вуліца жыцця…

Гэта выстава не спроба вырашэння праблемы ды нават не пастаноўка пытанняў, толькі візуальныя выказванні на заданую тэму.

Горад, як жывы арганізм, падчас свайго існавання церпіць каласальныя змены: павольныя ці хуткія, маленькія або вялікія, часам – поўнае знішчэнне. Калі змены адбываюцца павольна, на працягу некалькіх пакаленняў, яны застаюцца амаль не заўважанымі. Але часам бурная трансфармацыя змяняе асяроддзе да непазнавальнасці. Змены, звязаныя з забудовай, успрымаюцца чалавекам больш арганічна і лёгка. Цяжэй, калі змяняецца ландшафт, ламаючы звыклае асяроддзе. У выніку – пераварот у свядомасці, а часам – дыскамфорт ды адчужанасць.

Адна з найстарыжытнейшых вуліц горада – Віленская – мела ўсе магчымасці, каб стаць яго ўпрыгажэннем. Праходзіла праз цэнтр, вызначала напрамак на сталіцу, была жывапіснай ды ўтульнай, дзякуючы рэльефу і скрыжаванню з ракой, мела асаблівую гісторыю – што яшчэ трэба, каб стаць легендарнай, прывабнай і любімай?

На жаль, Віленская недаацэнена сучаснымі людзьмі. Хоць жыццё і бурліла на ёй у адносна недалёкія гады на стыку ХІХ і ХХ стагоддзяў, але пра яе не складалі легенд, не пісалі песень. Не склалася…

Пасляваеннаму пакаленню яна памятная вызначальнымі аб’ектамі для ўсяго горада: “польскімі” могілкамі, пазней – выцвярэзнікам, лазняй і крамай “На паўгары”. Але сама гара так і не стала спускам, напрыклад, Андрэеўскім, а пераўтварылася ў праблему, якая тармазіла спачатку транспарт, а потым і ўвесь горад.

Будаўніцтва ў 2007 годзе пуцеправода, які вырашаў транспартную праблему, кардынальна змяніла ландшафт і стварыла новую прастору.

З’яўленне новага асяроддзя было ўспрынята неадназначна. Некаторыя ўсяляк віталі, другія адрынулі, трэція абыякава не заўважылі. У кагосьці была надзея, што гэта і ёсць другое дыханне. Але пакуль не склалася…

Што мы маем сёння? Два закінутыя старыя будынкі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, царква Віфанія, некалькі офісаў ды прадпрыемстваў. Усё гэта заключана ў не вельмі тыповую для Магілёва, але вельмі ўрбаністычную прастору. З аднаго боку, пабудова маста практычна знішчыла адну са старажытнейшых вуліц горада, з другога – незалежна ад жадання ініцыятараў яго стварыла незвычайнае для горада асяроддзе. Сцяна і вузкі праход паміж ёй і старымі дамамі арганізавалі зусім новае візуальнае поле, якое прыцягнула ў першую чаргу графітыстаў і фатографаў. Прастора напоўнілася новым жыццём, але ненадоўга. Зноў не склалася… Некалі жывы куток горада яшчэ раз пагрузіўся ў сон… Відаць, у чаканні наступных змен.

Што адбудзецца, калі адновяць альбо знясуць старыя будынкі? Ці вернецца туды гарадское жыццё? Можа быць, што сітуацыя зноў зменіцца і з’явіцца яшчэ адна рэінкарнацыя аднаго з куткоў Магілёва. Ці будзем мы смуткаваць па старому альбо радавацца новаму, фатаграфаваць адноўленую мінуласць альбо разлажэнне старых развалін? У згасанні жыцця таксама ёсць сваё хараство… 

І нарэшце ўсё складзецца…

 

Аляксандр Ліцін – фотарэпарцёр, фотамастак, краязнаўца.

Нарадзіўся ў Магілёве ў 1955 годзе. Скончыў Ленінградскі інстытут дакладнай мexaнікі i оптыкі. Працаваў інжынерам у Казані (Расія) і Магілёве. 3 1989 года звязаў сваё жыццё з прафесійнай фатаграфіяй. У 1987 годзе быў абраны старшынёй абласнога фотаклуба “Магілёў”.

У 1990 годзе арганізаваў творчую групу “Студыя 3 plus”. 3 2009 года кіраваў маладзёжнай фотастудыяй “Маор”. Удзельнік звыш 150 фотасалонаў i фотавыстаў у розных краінах свету. Узнагароджаны дыпломамі i прызамі.

Сумесна з клубам “Чароўны ўспамін” ажыццявіў праекты “Архітэктура Беларусі: веліч i страты” (2000), “Сцежкамі Максіма-Кніжніка” (2001) і “Пуцявінамі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча” (2008). Персанальныя выставы мастацкай фатаграфіі адбыліся ў Магілёве, Віцебску, Мінску (Беларусь), Адэсе, Феадосіі, Ялце, Роўне, Сумах, Арцызе (Украіна), Лінцы (Аўстрыя), Варшаве (Польшча), Казані, Санкт-Пецярбургу (Расія), шматлікіх гарадах Германіі. Аўтар некалькіх кніг i фотаальбомаў па краязнаўству Maгiлёўшчыны i гісторыі фатаграфіі.