Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Адкрыццё персанальнай выставы Рамана Коршунава «У пошуках гармоніі»

«У пошуках гармоніі» – так называецца персанальная выстава Рамана Коршунава, якая можа расказаць пра новыя мастацкія творы мастака, напісаныя ім за апошнія пяць год.

Адкрыццё: 23 мая, 17:00

Нарадзіўся мастак 12 мая 1984 года ў Крычаве Магілёўскай вобласці. У 2011 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне станковага жывапісу. Вучыўся ў прафесара, народнага мастака Беларусі Мая Вольфавіча Данцыга. Удзельнік мастацкіх выстаў з 2004 года.

Працуючы ў станковым жывапісе, пераважна ў жанры пейзажа і нацюрморта, мастак прызнае, што лепшыя яго творы – аб родным краі, асабліва ў прамежкавы час – ранняя вясна, позняя восень. Прырода для майстра стала галоўным спадарожнікам яго творчасці. Мастак бачыць прыгожае ў простых матывах і рэчах, і менавіта ў гэтым асаблівасць яго творчасці.

Рэгіяналізм – пачуццё асабістай любві да малой радзімы, шчырае імкненне мастака да адлюстравання паэтычнай прыгажосці родных мясцін Крычава, Магілёва. Гэта тэндэнцыя найбольш поўна выявілася ў жанры пейзажа. Творца імкнецца сродкамі жывапісу перадаць свае эмоцыі, данесці да гледача свае творчыя ідэі. Акцэнт у такіх творах робіцца на каларыце, які, як правіла, рафінаваны па колеры і тонка нюансіраваны (“Першы снег”, 2016; «Мой двор”, 2018; «Вясна”, 2018; «Ціхі вечар”, 2018).

         Не толькі пейзаж прываблівае мастака. На адной ступені з ім нацюрморт, які вызначае асаблівасці манеры Рамана Коршунава. Нацюрморт для яго – не проста нагода для штудыі натурнага, рэчыўнага свету, але і заўсёды часціца прасторы, жыцця чалавека і сведка яго зацікаўленасці, жыццёвай накіраванасці, у ім адчуванне прыгажосці свету: «Бэз» (2017), «Нацюрморт з кавуном» (2018).

         Кожны твор, прадстаўлены на выставе, набывае незвычайную ўнутраную значнасць, якая з’яўляецца сведчаннем узвышаных адносін да свету. Адсюль няспынныя пошукі абагульнена-ўрачыстага, сінтэтычнага вобраза, жаданне ў самым сціплым матыве ўвасобіць вялікія ідэі, перадаць адчуванне велічы і гармоніі свету.

Раман Коршунаў неаднаразова з’яўляўся ўдзельнікам Міжнародных пленэраў па жывапісе «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве» (Беларусь, 2004, 2011, 2016), Міжнароднага пленэру па жывапісе імя С.Ю. Жукоўскага (Беларусь, 2013), Міжнароднага пленэру «Палітра садружнасці і сяброўства» (Арменія, 2018).

З 2011 года працуе выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Магілёўскім дзяржаўным каледжы мастацтваў на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну.

З 2014 года з’яўляецца членам грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў».

Творы Рамана Коршунава захоўваюцца ў калекцыях Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Гродзенскага абласнога гістрыка-археалагічнага музея, Аршанскай карціннай галерэі, у прыватных калекцыях Расіі, Аўстрыі, Кітая.

 

Строгіна С.В., загадчык філіяла «Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі»