Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Адкрыццё выставы «Час Жыцця/Час Смерці»

17 красавіка (серада) а 17-й гадзіне ў Музеі Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве адбудзецца адкрыццё выставы “Час Жыцця/Час Смерці” па выніках X Міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Навіцы (Польшча).

На выставе прадстаўлены работы, створаныя падчас Х Міжнародных майстар-класаў іканапісу, што праходзілі ў верасні 2018 года ў Навіцы. У двухтыднёвым пленэры прынялі ўдзел 40 мастакоў з Польшчы, Украіны, Літвы і Сербіі.

Рыхтуючы чарговы, ужо дзясяты, навіцкі пленэр, арганізатары звярнуліся да слоў, сказаных Хрыстом у Віфаніі над магілай Лазара: “Хто верыць у Мяне, калі і памрэ, ажыве; і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вечна” (Евангелле ад Іаана, 25-26). Гэтыя словы сталі дэвізам штогадовых навіцкіх сустрэч мастакоў, тэолагаў, гісторыкаў і крытыкаў мастацтва і далі магчымасць адлюстраваць як чалавечую драму смерці, так і перспектыву вечнага жыцця. Фармат сустрэч у Навіцы дазволіў мастакам звяртацца да аўтарскіх рашэнняў і свабодна выбіраць сродкі выяўлення сутнасці слова евангельскага. Адсюль вынікае стылістычная разнастайнасць прадстаўленых работ.

Сярод прадстаўленых адлюстраванняў можна знайсці абсалютна новыя рашэнні вобразаў, якія спрадвеку прысутнічалі ў іканаграфіі і замацаваліся ў свядомасці. Большасць “навіцкіх” работ адрозніваецца ад агульнапрынятых уяўленняў аб іконе, як больш ці менш праўдзіва выкананай копіі ўжо існуючай выявы. Не ўсе створаныя падчас пленэру карціны з’яўляюцца іконамі, аднак усе яны – сведчанне ўдзелу ў сустрэчы, сутнасцю якой было сузіранне Слова Божага. Несумненна, прастора свабоды самавыяўлення дае магчымасць для ўдзелу ў праекце мастакоў-абстракцыяністаў. Іх працы таксама прадстаўлены на выставе і тым самым пашыраюць спектр пошуку сучаснай мастацкай мовы для перадачы гістарычнага вопыту хрысціянскай веры.

 

 

Падрабязней аб выставе