Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Адкрыццё персанальнай выставы Аляксандра Дзямідава “2002–2019. Рэтраспектыва”

1 верасня а 13-й гадзіне ў Музеі Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі (г. Магілёв) адкрыецца персанальная выстава Аляксандра Дзямідава “20022019. Рэтраспектыва”.

...Мастак глядзіць на свет праз прызму свайго ўспрымання. Калі для большасці мастакоў тэма дзяцінства – толькі даніна павагі модзе, то для Аляксандра Дзямідава – спосаб мыслення праз дзіцячыя вобразы, якія ў гледача, у першую чаргу, асацыіруюцца з непасрэднасцю, лёгкасцю, мастак паказвае даволі дарослыя рэчы.

Як казаў сам майстар: “Я не пішу адкрытыя эмоцыі, у мяне на карцінах не ўбачыш чалавека, які рагоча ва ўвесь голас або, наадварот, рыдае кракадзілавымі слязьмі. У мяне спакойныя эмоцыі, якія дораць супакаенне”.

Немалаважную ролю ў стварэнні такой цёплай атмасферы работ мае і колер, які ўплывае на ўспрыманне гледачом карціны не менш, а часам і больш за сюжэт.

“Калі я пачынаю пісаць твор, я не задумваюся над колерам, само сабой атрымліваецца”, – адзначае мастак. І сапраўды, цёплыя фарбы работ Аляксандра Дзямідава падчас прагляду дораць адчуванне лёгкасці і спакою.

У кожнай краіне на выставы прыходзяць вельмі розныя людзі. Калі б яны сабраліся разам – іх падзяляў бы не толькі моўны, але і культурны, паняційны бар’ер. Аднак мова жывапісу Аляксандра Дзямідава зразумела ўсім. Вобразы, якія ён выкарыстоўвае, – кветкі, дамы, дрэвы, жывёлы, людзі – архітэпічныя. Яны лёгка чытаюцца і блізкія любому чалавеку, на якой бы мове ён ні казаў. Яны падахвочваюць гледачоў не толькі любавацца, але і ўспамінаць, і разважаць. Мова мастацтва Аляксандра Дзямідава – мова “душы” або “падсвядомасці”. Кожны можа выбраць сваё вызначэнне. Гэта мова карцін, выкананых з любоўю і ахвотай. Мастак адкрывае нам дзверы ў свой свет...

Сардэчна запрашаем!