Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Гісторыя аднаго слуцкага пояса

Гісторыя аднаго слуцкага пояса

 

Золототканый шелк, бесценный по работе,

Он чернью серебра покрыт на обороте.

На обе стороны тот пояс одевали:

На праздник – золотой и черной – в дни печали...

 

Гэтыя радкі пісаў Адам Міцкевіч пра слуцкія паясы – выдатныя помнікі беларускай мастацкай культуры XVIII ст. Слуцкім паясам прысвечаны шматлікія навуковыя артыкулы і манаграфіі, якія дастаткова грунтоўна разглядаюць разнастайныя пытанні, звязаныя як з гісторыяй іх вытворчасці, так і з вывучэннем іх мастацкіх асаблівасцей. Але чым больш глыбокімі становяцца нашы веды пра слуцкую персіярню і яе вырабы, тым больш новых пытанняў узнікае.

Адной з падстаў напісання дадзенага артыкула стала праца аўтара разам з калегамі з Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі (далей – НМГіКБ) над каталогам выстаўкі “Слуцкія паясы” (праходзіла з 29 верасня 2005 г. да 31 студзеня 2006 г. у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі), выданне якога павінна стаць лагічным завяршэннем выставачнага праекта. Сярод паясоў і фрагментаў, што экспанаваліся на выстаўцы і павінны былі ўвайсці ў каталог, пільную ўвагу прыцягнула частка пояса з фондаў НМГіКБ, інвентарны нумар КП 31592/5 Т 38. Гэта фрагмент слуцкага пояса адметнага дэкаратыўнага тыпу, такіх да нашых дзён збераглося толькі некалькі адзінак.

Як вядома, за час дзейнасці прадпрыемства ў Слуцку былі распрацаваны самабытныя варыянты дэкору кунтушовых паясоў.

Сем асноўных тыпаў арнаментацыі “галоў” – канцоў паясоў, верагодней за ўсё, былі створаны Янам Маджарскім паміж 1758 – 1770-мі гг. Яны практычна нязменнымі выкарыстоўвалiся на ўсiм працягу дзейнасцi слуцкай мануфактуры. Іх сучасныя асацыятыўныя назвы – “карумфіль”, “сухарык”, “кітайскія воблачкі”, “валошка”, “букет”, “уквечаныя пні” і “вянкова-медальённы” тып, утварыліся дзякуючы дамінуючаму адлюстраванню тых ці іншых кветкава-раслінных матываў на канцах [1]. Усе тыпы арнаментацыі яскрава падзяляюцца на тры групы:

  • распрацаваныя пад моцным уплывам дэкору ўсходніх, найперш, турэцкіх стамбульскіх і персідскіх кашанскіх паясоў: “карумфіль”, “сухарык”, “кітайскія воблачкі”, “вянкова-медальённы” тып;
  • распрацаваныя з шырокім выкарыстаннем элементаў з заходнееўрапейскага барочнага ці класіцыстычнага мастацтва: “букет”;
  • тыпы, якія з’яўляюцца цалкам арыгінальнай аўтарскай распрацоўкай мастакоў слуцкай персіярні: “валошка”, “уквечаныя пні”.

У той жа час Ян Маджарскі распачаў, а 1780-х – пачатку 1800-х гг. Лявон Маджарскі прадоўжыў стварэнне на аснове арнаментацыi сярэднiкаў усходнiх паясоў уласных варыянтаў iх дэкарыроўкi: ад лаканiчных, графiчных i нешматколерных да разнастайных, шматдэталёвых i палiхромных. У залежнасцi ад узроўню пераасэнсавання ўсходнiх першаўзораў усе кампазiцыi сярэднiкаў, распрацаваныя Маджарскiмi, падзяляюцца на дзве групы:

– кампазiцыi або амаль цалкам запазычаныя з усходнiх тканiн, або ў іх унесены вельмi нязначныя змены (напрыклад, аздоба ў выглядзе так званай “карпавай лускi” – вельмi распаўсюджаны дэкор сярэднiкаў персiдскiх паясоў – была злёгку пераасэнсавана праз павелічэнне памераў “лускавiнак” i кампаноўку ўнутр кожнай з iх маленькай стылiзаванай кветачкі або трохлiснiка, ці мастакі крыху ўскладнілі традыцыйную турэцкую кампазiцыю, утвораную папярочнымi палосамi роўнай таўшчынi i кантрастных колераў, акцэнтаваўшы канцы цёмных палос светлымi ромбамi i трохкутнiкамi, размешчанымi папераменна);

– дэкаратыўныя рапорты сярэднiка з моцнай трансфармацыяй усходнiх першаўзораў, або цалкам арыгінальныя (сюды адносiцца, напрыклад, складаная сiстэма аздобы сярэднiка палосамi рознай шырынi i колераў, гладкiх i запоўненых геаметрычнымi i раслiннымi ўзорамi ў выглядзе хвалiстых лiнiй, зорак-васьмiкутнiкаў, квадратаў, ромбаў i паўкружжаў, доўгага, злёгку выгнутага лiсця, якое нагадвае вербавае, кветак шыпшыны i валошкi, перавiтых буйным зубчатым або дробным кроплепадобным лiсцем, раслiннай вязi i iнш., або арнаментальная кампазiцыя, утвораная пластычнымi, выгнутымi ў розныя бакi цёмнымi стужкамi, якiя сваiмi сiлуэтамi нагадваюць арабскiя пiсьмёны).

Сярод шматлікіх і разнастайных слуцкіх паясоў і іх фрагментаў, што зберагліся да нашых дзён у музейных зборах і прыватных калекцыях розных краін, безумоўна, асаблівую цікавасць для вывучэння прадстаўляюць тыя, што злучаюць адметныя, цалкам уласна слуцкія дэкаратыўныя рашэнні і канцоў і сярэдніка, бо менавіта яны найбольш яскрава сведчаць пра ўласцiвасць слуцкiм паясам самабытнай мастацкай мовы.

Фрагмент пояса з калекцыі НМГіКБ (інвентарны нумар КП 31592/5 Т 38) з’яўляецца менавіта такім: з кампазіцыяй “уквечаныя пні” на канцах і “сярэднікам”, арнаментаваным цёмнымі стужкамі, якія сваімі сілуэтамі аддалена падобныя да арабскай вязі.

Да гэтага моманту аўтар мела магчымасць толькі аднойчы непасрэдна працаваць з часткамі пояса такога ж дэкаратыўнага вырашэння. Гэта былі фрагменты пояса, ушытыя ў арнат, з калекцыi Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (КП 17291, Т 105). У пярэднім баку арната знаходзіцца фрагмент (73х28 см), які ўключае “галаву” і частку сярэдніка пояса, у тыльным баку – фрагмент толькі сярэдніка (119х28 см).

Але фрагменты пояса з арната не маюць метак персіярні (хутчэй за ўсё, частка ніжняга шлячка канца пояса, дзе павінна была размяшчацца сігнатура, была адрэзана ў час пашыву арната), у той час як на фрагменце пояса са збору НМГіКБ яна збераглася: SŁUCK.

Дадзеная метка – не толькі бясспрэчнае сведчанне прыналежнасці пояса да вырабаў слуцкай персіярні, але і вызначальнік даціроўкі яго стварэння [2]. Як вядома, такая сігнатура ткалася на паясах у 1760–1776 гг. – ад моманту, калі слуцкая персіярня фактычна наноў распачала сваю дзейнасць пад кіраўніцтвам Яна Маджарскага, і да часу, калі прадпрыемства было перададзена майстру ў арэнду.

Трэба таксама зазначыць, што фрагменты пояса з арната ў дакументах НММ РБ былі вызначаны як “вырабленыя невядомай мануфактурай”, і таму частка пояса з фондаў НМГіКБ з меткай “SŁUCK” станавілася адным з выдатных аргументаў у працэсе атрыбуцыі частак пояса з арната.

Але, пэўна, самым нечаканым адкрыццём пад час работы з фрагментам пояса з калекцыі НМГіКБ і звязанымі з ім дакументамі было ўказанне месца, адкуль дадзеная тканіна была вывезена ў музейныя фонды пад час экспедыцыі ў 1972 г.: касцёл Яна Хрысціцеля ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці [3].

Справа ў тым, што менавіта з гэтага ж касцёла пад час экспедыцыі 1979 г. супрацоўнікамі НММ РБ быў вывезены і вышэйзгаданы арнат з ушытымі ў цэнтральную частку фрагментамі слуцкага пояса.

Ужо на гэтым этапе вывучэння фрагментаў паясоў узнікла думка пра тое, што, магчыма, мы маем справу з часткамі аднаго слуцкага пояса, які быў разрэзаны на кавалкі. Дзве часткі былі ўшыты ў арнат, а трэцяя засталася і зберагалася ў касцёле, пакуль і арнат і фрагмент пояса не трапілі ў музейныя зборы. Ва ўсялякім разе, памеры шырыні ўсіх трох частак супадалі – 28 см, а падсумоўванне даўжынь трох частак – 323 см давала поўную даўжыню цэлага слуцкага пояса, якая можа вагацца прыкладна ад двух з паловай да чатырох метраў.

Наступнае вывучэнне тканін, якое ўключала не толькі ўважлівае сапастаўленне арнаментацыі, кампазіцыйнага рашэння і каларыстыкі, але і вымярэнне арнаментаваных і гладкіх частак фрагментаў паясоў, прамежкаў рытмічных чаргаванняў дэкору і інш. (вынікі вымярэнняў супадалі або іх адрозненні былі не істотнымі – 1–2 мм, што можна лёгка патлумачыць адрозненнем бытавання частак пояса), а таксама падлік колькасці нітак у перапляценнях аналагічных элементаў фрагментаў дазваляе сцвярджаць, што часткі пояса з арната (калекцыя НММ РБ) і частка пояса са збораў НМГіКБ з’яўляюцца часткамі аднаго пояса, які быў выкананы на слуцкай персіярні паміж 1760–1776 гг, волею лёсу трапіў у Камайскі касцёл Яна Хрысціцеля, магчыма, ахвяраваны кімсьці з прадстаўнікоў шляхецкіх родаў Войнаў ці Козелаў, на сродкі якіх якраз у канцы 1770-х гг. была прыбудавана капліца-алтар храма. Верагодней за ўсё, на пачатку XIX ст. пояс быў разрэзаны на часткі, а які лёс іх напаткаў, мы ўжо ведаем.

У заканчэнне хацелася б выказаць спадзяванне, што паясы і іх фрагменты з музейных збораў Беларусі адкрыюць яшчэ не адну сваю таямніцу.

 

1. Падрабязней глядзі: Скварцова, І.М. Да пытання аб несігнатурнай атрыбуцыі слуцкіх паясоў/ Ірына Мікалаеўна Скварцова // Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Выпуск 3. – Мінск: Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры, 2001. С. 24–35.

2. Падрабязней глядзі: Chruszczynska J. Pasy kontuszowe z polskich manufaktur i pracowni w zbiorach Muzeum Narodowego w Warszawie / J. Chruszczynska. – Warszawa: AVO, 1995. S. 303.

3. Касцёл Яна Хрысціцеля ў в. Камаі быў пабудаваны ў 1603–1606 гг. Янам Рудамінам-Дусяцкім (каля 1543 – 1621), войскім браслаўскім з 1600 г., дэпутатам Трыбунала Вялікага княства Літоўскага ў 1602, 1605 і 1615 гг. Акт фундацыі (1606) падпісаны і Янам Хаецкім. З 1643 г. пры касцёле існаваў шпіталь. У сярэдзіне XVII ст. касцёл згарэў, і пасля адбудовы быў асвечаны ў 1673 г. У 1778 г. на сродкі Войнаў і Козелаў у касцёле была прыбудавана капліца-алтар з крыптай.

Скварцова І.М.

друкуецца па матэрыялах “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, выпуск 7. Мн., “Белпрынт”, 2008, стр. 102–108

Пры выкарыстоўванні матэрыялаў спасылка на сайт і выданне АБАВЯЗКОВА