Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

ЛIЁНСКIЯ ПАЯСЫ Ў ЗБОРАХ МIНСКIХ МУЗЕЯЎ

Кунтушовыя паясы другой паловы XVIII – пачатку XIX стст. i асаблiва слуцкiя кунтушовыя паясы спецыяльна прадстаўляць не трэба: яны даўно сталi хрэстаматыйнымi творамi ў гiсторыi беларускага мастацтва.

Але “хрэстаматыйнасць”, на жаль, не падразумявае адначасова i дасканалай вывучанасцi. I вельмi многiя мастацкiя тканiны з беларускiх музейных калекцый па сённяшнi дзень ставяць перад даследчыкамi нашмат болей пытанняў, чым даюць адказаў.

Да нядаўняга часу адной з найбольш таямнiчых груп кунтушовых паясоў былi тканiны, сiгнатаваныя меткамi ў выглядзе ляжачых лiтар FS. Гэта сiгнатура знаходзiцца ў вертыкальных шлячках-бардзюрах i размяшчаецца амаль што ў самых вуглах пояса (з аднаго боку ў прамым, з другога – у люстэркавым выяўленнi). Лiтары займаюць практычна ўсю шырыню шлячка.

На працягу вывучэння паясоў з такiмi меткамi даследчыкамi было выказана некалькi меркаванняў аб магчымым месцы iх вытворчасцi. Напрыклад, Л.I. Якунiна ў манаграфii “Слуцкiя паясы” ўказвае на iх слуцкае паходжанне, тлумачачы лiтары FS як скарачэнне слоў FECIT SLUCIAE.1       Э. Свейкоўскi прыпiсваў паясы з такой сiгнатурай да вырабаў кабылкаўскай мануфактуры, атаесамляючы лiтары FS з iнiцыяламi Стэфана Фiльс’яна, на чале якога персiярня працавала ў 1787–1791 гг.2 Т. Манькоўскi звязаў лiтары FS з iнiцыяламi iншага знакамiтага майстра – французскага ткача Францыска Селiмана3, якi ў 1774– 1778 гг. працаваў на гродзенскай Каралеўскай мануфактуры, у 1781– 1787 гг. – на мануфактуры ў Кабылцы, у 1789– 1791 гг. – у Лiпкове, а ў 1791–1800 гг. – у Корцы4.  Т. Крушыньскi, не прапануючы дыфiнiцыi лiтар, выказаў меркаванне пра замежнае, французскае паходжанне тканiн, адзначаных меткамi FS, указаўшы на iх iстотныя адрозненнi ад паясоў, вырабленых на персiярнях Рэчы Паспалiтай, i ў тэхналогii ткацтва, i ў гатунку злотнай нiткi, i ў каларыстычным ладзе.

Пра бытаванне ў Рэчы Паспалiтай у канцы XVIII ст. кунтушовых паясоў заходнееўрапейскай вытворчасцi вядома даўно. Е. Кiтовiч згадвае пра iх у сваiм “Opise obyczajόw i zwyczajόw za panowania Augusta III…”, яны прыгадваюцца ў iнвентарах шляхецкiх маёнткаў. А канчаткова факт вытворчасцi кунтушовых паясоў на тэкстыльнай мануфактуры Лiёна быў пацверджаны ў пачатку XX ст., калi французскi гiсторык Л. Фурнье прадставiў архiўныя матэрыялы, паводле якiх у другой палове XVIII ст. майстр П’ер-Тусэн Дэшазэль здзяйсняў на лiёнскай тэкстыльнай мануфактуры Гiйо i Жэрмэна (дзе спачатку працаваў як мастак, а з 1785 г. стаў кампаньёнам прадпрыемства) вытворчасць паясоў па ўзору ўсходнiх для далейшай адпраўкi ў Рэч Паспалiтую5.

У апошнiх дзесяцiгоддзях XVIII ст. попыт на кунтушовыя паясы ў Рэчы Паспалiтай быў надзвычай вялiкiм, вырабы мясцовых мануфактур былi не ў стане яго забяспечыць. I купцы з Рэчы Паспалiтай размяшчаюць заказы на iх выкананне на замежных мануфактурах.

Вядома, што такiя заказы выконвалiся лiёнскай мануфактурай аж да 1793 г. – часу Вялiкай французкай рэвалюцыi. А таксама, што адным з заказчыкаў быў Пасхалiс Якубовiч – уладальнiк лiпкоўскай персiярнi (працавала ў 1787 – 1794 гг.6), якi прадставiў у Лiён у якасцi ўзораў для вырабаў паясы ўсходняй, слуцкай i лiпкоўскай вытворчасцi.

У 1972 г. французскi прадпрымальнiк Франсуа Верзье знайшоў у архiве шаўковай фабрыкi кампанii “PRELLE”, якую ўзначальваў i якая з’яўляецца прамой спадкаемцай мануфактуры Гiйо, Жэрмэна i Дэшазэля XVIII ст., чатыры тамы ўзораў арнаментацыi тканiн (усяго 139 узораў), што вырабляла лiёнская ткацкая мануфактура ў XVIII ст.

М. Ташыцка, вывучыўшы гэтыя ўзоры, вылучыла сярод iх шэсць дэкаратыўных тыпаў, класiфiкацыя якiх была зроблена паводле арнаменту канцоў паясоў:

-  з матывамi  слуцкiх паясоў;

-  з матывамi лiпкоўскiх паясоў;

-  з матывамi букетаў, аб’яднаных з элементамi садова-паркавай архiтэктуры;

-  з матывамi геаметрычна стылiзаваных кветкавых галiнак;

-  з матывамi ўсходнiх паясоў;

-  з матывамi, уласцiвымi французскаму стылёваму мастацтву7.

На ўзорах першых трох тыпаў, як правiла, прысутнiчае метка ў выглядзе ляжачых лiтар FS. Такiм чынам, было знойдзена пацверджанне, што на лiёнскай мануфактуры ў значнай колькасцi выраблялiся кунтушовыя паясы, многiя з якiх сiгнацiравалiся FS.

У 1994 г. Нацыянальны музей у Кракаве выдаў каталог французскiх паясоў са сваёй калекцыi за аўтарствам   М. Ташыцкай: Taszycka M. Pasy kontuszowe: Część 4: Pasy francuskie. – Kraków: Drukarnia Uniwersytetu Jagiellońskiego w Krakowie, 1994. – 176 s.

 Прыведзеныя ў iм фотаздымкi асобных лiёнскiх узораў, а таксама паясоў са збору кракаўскага музея сталi каштоўным матэрыялам для параўнання ў новым вывучэнні кунтушовых паясоў з музейных калекцый Беларусi.

На сённяшнi дзень у трох мiнскiх музеях – Нацыянальным мастацкiм музеi Рэспублiкi Беларусь, Нацыянальным музеi гiсторыi i культуры Беларусi i Музеi старажытнабеларускай культуры Iнстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору iмя К. Крапiвы Нацыянальнай Акадэмii навук Беларусі – выяўлены тры лiёнскiя паясы, адзначаныя меткамi FS. Цiкава, што яны належаць да розных, вызначаных М. Ташыцкай дэкаратыўных тыпаў.

Пояс з калекцыi НММ РБ8 належыць да першага тыпу, выяўленчым матывам якога ўласцiва выкарыстанне арнаментыкi кунтушовых паясоў слуцкай мануфактуры.

На яго канцах адлюстравана кампазiцыя “кiтайскiя воблачкi”. Гэта назва з’явiлася з асацыятыўнага падабенства хвалiстай стужкi, якая абкружае элiпсападобную кветкавую раслiну, да выцягнутага ланцужка купчастых воблакаў. Паясы з дэкорам канцоў такога кшталту асаблiва часта выраблялiся на слуцкай персiярнi ў 1767–1780 гг., калi мануфактуру ўзначальваў (i з 1776 г. арэндаваў) Ян Маджарскi. Цёмна-сiняе поле сярэднiка лiёнскага пояса заткана залацiста-жоўтымi кружкамi, якiя выразна кампануюцца ў рады. Кружкi кожнага рада чаргуюцца з полем памiж кружкамi суседнiх радоў у шахматным парадку.

У каталогу паясоў Нацыянальнага музея ў Кракаве прыведзены здымак ўзору з аналагiчным дэкорам канца i меткай FS, дзве тканiны маюць тое ж самае дэкаратыўнае вырашэнне канцоў: MNK XIX-2397 (з сiгнатурай FS) i MNK XIX-2319 (з меткай PI). Пояс з iнвентарным нумарам MNK XIX-2494 (з сiгнатурай FS), з’яўляецца поўным аналагам тканiне з калекцыi НММ РБ.

Пояс са збору МСБК IМЭФ iмя К. Крапiвы НАН Беларусі9 належыць да тыпу паясоў з матывамi букетаў, аб’яднаных з элементамi садова-паркавай архiтэктуры. Дэкаратыўная кампазiцыя канца ўтвараецца двукратным паўторам выявы букета, пастаўленага ў вазу, якая аддалена нагадвае антычную амфару. Букет складзены з разнастайных кветак, сярод якiх цэнтральная – самая вялiкая i высокая, а астатнiя меншыя за яе ў тры-пяць разоў. Дэкор сярэднiка мае модульную пабудову з дзвюх палос. Першая заткана рамбавiдным арнаментам з дзесяцiпялёсткавай кветачкай у цэнтры кожнай геаметрычнай формы, другая – раслiнным, у выглядзе кветак, злучаных разам стылiзаваным лiсцем-стужкай. Паловы першых палос кожнага модуля адрозніваюцца колерам, у другiх палосах кожнага модуля адбываецца чаргаванне колеру кветак адносна папярэдняга модуля.

У каталогу паясоў М. Ташыцкай змешчаны пояс з iдэнтычным тканiне са збору МСБК арнаментальна-каларыстычным вырашэннем – MNK XIX-2335 (з меткай FS).

Пояс з калекцыi НМГ I КБ10 належыць да тыпу тканiн з матывамi лiпкоўскiх паясоў. На жаль, у каталогу французскiх паясоў Нацыянальнага музея ў Кракаве аналагаў яму няма. Тым не менш, дэкаратыўнае вырашэнне яго канцоў (у выглядзе раслiны з пышным суквеццем з мноства дробных пяцiпялёсткавых кветак i доўгiм вузкiм лiсцем)  i сярэднiка (утвораны рытмiчным чаргаваннем чатырох палос, якiя складаюць модуль: першая – шырокая, з “гарошкавай” акантоўкай i выявамi кветак, злучаных мiж сабою стужкападобнай лiнiяй; другая i чацвёртая – вузкiя, з выявамi дробных чатырохпялёсткавых кветак, злучаных хвалепадобнай лiнiяй; трэцяя – шырокая, з “гарошкавай” акантоўкай, запоўненая геаметрычным арнаментам з рамбiчнымi формамi, упiсанымi ў авал) мае шмат паралеляў з уласна вырабамi лiпкоўскай персiярнi, i ў прыватнасцi, з паясамi з калекцыi Нацыянальнага мазея ў Варшаве: SZT 599 MNW (156595 MNW) – з сiгнатурай Pascha/lis, SZT 558 MNW (156586 MNW) – з сiгнатурай Pascha/lis, SZT 740 MNW (233096 MNW) – з меткай-выявай баранчыка i лiтарамi PI, SZT 734 MNW (231675 MNW) – з меткай-выявай баранчыка i лiтарамi PI.

 

1 Якунiна Л.I. Слуцкiя паясы. – Мiнск: Выдавецтва Акадэмii Навук Беларусi, 1960. – С. 41.

2 Swieykowski E. Zarys artystycznego rozwoju tkactwa i haftarstwa obiasniony zabytkami Muzeum Narodowego w Krakowie. – Krakόw: Wydawnictwo  Muzeum  Narodowedo. Czcionkami drukarni“Czasu”, 1906. – S. 153-154.

3 Mankowski T. Polskie tkaniny i hafty XVI–XVIII wieku. – Wrocław: Zaklad imienia Ossolinskich, 1954. – S. 106–107.

4 Chruszczyńska J. Pasy kontuszowe z polskich manufaktur i pracowni w zbiorach Muzeum Narodowego w Warszawie. – Warszawa:  AVO, 1995. – S. 332.

5 Taszycka M. Pasy kontuszowe: Część 4: Pasy francuskie. – Krakόw: Drukarnia Uniwersytetu Jagiellońskiego w Krakowie, 1994. – S. 7, 12, 8.

6 Chruszczyńska J. Pasy kontuszowe… – S. 297, 320–321.

7 Taszycka M. Pasy kontuszowe… – S. 13.

8 КП 9945, БП 184, 388х30 см, паступiў у калекцыю музея з касцёла     г/п Лужкi Мiёрскага раёна Вiцебскай вобласцi, адкуль быў вывезены падчас экспедыцыi 1964 г. Апублiкаваны ў: Дзяржаўны мастацкi музей БССР. Жывапiс. Графiка. Скульптура. Прыкладное мастацтва /Пад рэд. Ю.А. Карачуна. – Мiнск: “Беларусь”. 1979. – Іл. 189.

9 КП-6915, 352х35 см, падораны ў калекцыю МСБК у 1989 г. Анджэем Цеханавецкiм (Лондан). Апублiкаваны ў: Музей старажытнабеларускай культуры. Альбом / Укладальнiк А.А. Ярашэвiч. – Мiнск: “Беларусь”, 2004. – С. 202–203.

10 КП-5780, 390х35 см, паходзiць з даваеннага збору Беларускага дзяржаўнага музея; рээвакуiраваны з Германii; у 1958 г. перададзены ў калекцыю НМГ I КБ з Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны.

 

Скварцова I.М.

друкуецца па матэрыялах “Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, выпуск 5, 2004. Мн., “Белпрынт”, 2007, стр. 143-147.

Пры выкарыстоўванні матэрыялаў спасылка на сайт і выданне АБАВЯЗКОВА