Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Аддзел рускага і замежнага мастацтва

Аддзел рускага і замежнага мастацтва

Загадчык аддзела - Святлана Іванаўна Пракоп'ева  

вул.Леніна 20А

327 15 07

З 1957 года вядзе сваю гісторыю навукова-даследчы аддзел рускага мастацтва. На пасаду першага загадчыка быў прызначаны Пётр Мікалаевіч Герасімовіч (1912–1990). З 1964 па 2000 г. працай аддзела кіравала Алена Канстанцінаўна Рэсіна, у 2000–2010 гг. – Таццяна Абрамаўна Рэзнік. З 2010 г. аддзел узначальваў Аляксей Пятровіч Харак. У розныя гады ў аддзеле рускага мастацтва працавалі Р.Р. Бадзін (1930–1999), М.П. Марчанка, А.Д. Шапашнікава, Т.І. Карандашава, М.У. Трафімава, І.Р. Томашава і інш.

Фонд рускага мастацтва, які ўключае ў сябе жывапіс, скульптуру, графіку, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва XVIII–XX стст., з’яўляецца гонарам музейнага збору. Высокая мастацкая каштоўнасць калекцыі рускага мастацтва НММ РБ забяспечыла ёй шырокую вядомасць, якая распаўсюдзілася далёка за межы рэспублікі.

Навукова-даследчы аддзел замежнага мастацтва юрыдычна існуе ў музеі з чэрвеня 1990 года. Менавіта тады быў арганізаваны сектар замежнага мастацтва, у маі 1991 года ён атрымаў статус аддзела, які ўзначаліла Тамара Іванаўна Карандашава.

Фактычна навуковым вывучэннем калекцый фонду замежнага мастацтва ў музеі з 1976 па 1989 г. займалася старшы навуковы супрацоўнік Ніна Міхайлаўна Бараноўская (1914–1989). Ёй былі створаны першыя навуковыя картатэкі калекцый, вынікі вывучэння твораў уводзіліся ў навуковы зварот праз розныя віды публікацый – артыкулы, выставачныя экспазіцыі. У 2000 годзе да фонду заходнееўрапейскага мастацтва была далучана калекцыя помнікаў культуры і мастацтва народаў Усходу. У ёй прадстаўлены традыцыйныя віды мастацтва краін Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтральнай, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Каўказа і Далёкага Усходу: жывапіс і скульптура, мініяцюра і мастацтва народнай карціны, ткацтва і мастацкі метал, кераміка і фарфор, распісная і перагародчатая эмаль, разьба па дрэве, косці, каменю, распісныя і разьбяныя лакі. Тады ж аддзел быў перайменаваны ў аддзел заходнееўрапейскага мастацтва і мастацтва краін Усходу. А з 2002 года, згодна са штатным раскладам музея, атрымаў назву навукова-даследчага аддзелазамежнага мастацтва. З мая 2003 года аддзел ўзначаліла Алена Уладзіміраўна Сянькевіч.

У 2013 годзе абодва аддзелы (рускага мастацтва і замежнага мастацтва) аб’яднаны ў навукова-даследчы аддзел рускага і замежнага мастацтва. Загадчыкам аддзела прызначаны А.П. Харак. З лістапада 2017 года аддзелам кіруе Святлана Іванаўна Пракоп’ева.

Супрацоўнікі аддзела (А.У. Сянькевіч, Ю.У. Лісай, Д.С. Барташук, Н.С. Моніч, К.Б. Дасько, у тым ліку і С.І. Пракоп’ева) чытаюць лекцыі, праводзяць музейныя праграмы і экскурсіі па пастаяннай экспазіцыі музея і выстаўках, вядуць навуковую работу па вывучэнні і каталагізацыі калекцый, папулярызацыі твораў музейнага збору, арганізацыі і правядзенні выстаў. Прыярытэтным напрамкам дзейнасці аддзела з’яўляецца навукова-даследчая работа. Спецыялісты таксама вядуць педагагічную работу ў ВНУ Мінска: чытаюць лекцыі па гісторыі мастацтваў і атрыбуцыі твораў мастацтва (С.І. Пракоп’ева, Ю.У. Лісай); аказваюць кансультацыі па навуковай тэматыцы аддзела; выконваюць мастацтвазнаўчую экспертызу па зваротах дзяржаўных арганізацый і прыватных асоб (С.І. Пракоп’ева, А.У. Сянькевіч, Ю.У. Лісай).

Акрамя асноўнай працы, супрацоўнікі аддзела з’яўляюцца захавальнікамі калекцый замежнага жывапісу, скульптуры і графікі (С.І. Пракоп’ева), рускай графікі (Ю.У. Лісай), усходняга дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (А.У. Сянькевіч), беларускага жывапісу (К.Б. Дасько).

На сённяшні дзень бóльшая частка працы па каталагізацыі фонду завершана. Пад навуковай рэдакцыяй А.К. Рэсінай супрацоўнікамі аддзела былі падрыхтаваны і выпушчаны ў свет «Каталог русской и советской скульптуры» (1977), «Каталог русской дореволюционной и советской гравюры и литографии» (1984), «Каталог русской дореволюционной и советской живописи» ў 2-х тамах (Т. І, 1995; Т. ІІ, 1997). На сённяшні дзень падрыхтаваны да публікацыі каталог «Русский рисунок и акварель XVIII–XX веков». Вядзецца праца па каталагізацыі новых паступленняў рускай друкаванай графікі XIX – пачатку XXI ст. У 2008 годзе выдадзены каталог «Скульптура стран Западной и Восточной Европы в собрании НХМ РБ». Падрыхтаваны да друку каталог «Керамика и фарфор Китая из собрания НХМ РБ». Працягваецца праца над наступнымі каталогамі: «Западноевропейская графика в собрании НХМ РБ»; «Западноевропейская живопись в собрании НХМ РБ»; «Китайская народная картинка в собрании НХМ РБ»; «Вьетнамская народная картина в собрании НХМ РБ»; «Керамика и фарфор Японии из собрания НХМ РБ».

Супрацоўнікі аддзела прымаюць актыўны ўдзел у публікацыі твораў з музейных калекцый. У прыватнасці, Т.А. Рэзнік і А.К. Рэсінай у 2004 годзе былі падрыхтаваны раздзелы аб рускім мастацтве для альбомаў: «Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва XV – пачатку ХХ стагоддзя», «Скарбы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь», кампакт-дыск «НХМ РБ. Электронный каталог постоянной экспозиции»; у 2010 г. супрацоўнікі аддзела – Т.А. Рэзнік, А.П. Харак, У.У. Валодзін – удзельнічалі ў падрыхтоўцы альбома-каталога «Творы Івана Хруцкага ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь».