Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Аддзел навукова-асветніцкай работы

Кацярына Казіміраўна Ляшкевіч - загадчык аддзела, тэл. (017) 327 07 87

Святлана Варапай – загадчык сектара маркетынгу, тэл. (017) 327 07 87

Сектар маркетынгу: тэл. (017) 220 22 87

Экскурсійнае бюро: тэл. (017) 327 71 63

Аддзел навукова-асветніцкай работы быў створаны ў 1964 годзе, праз шэсць гадоў пасля ўезду ў будынак музея па вул. Леніна, 20, будаўніцтва якога скончылася ў 1957 годзе. Першым кіраўніком новага аддзела ў 1964–1984 гадах быў выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Г.І. Кароль, якога ў 1984 годзе змяніў гісторык Р.І. Ібрагімаў. Аддзел узначальвалі: з 1998 па 2003 год – выпускнік МДУ К.У. Барабанаў, з 2003 па 2014 – кандыдат мастацтвазнаўства І.М. Скварцова, у 2014–2015 гадах – культуролаг-менеджар Д.Г. Шантар, з 2015 года – мастацтвазнаўца Н.М. Усава, з 2016 - Д.А.Салодкі, з кастрычніка 2018 - А.У Кузняцова

Пачынаючы з першых гадоў існавання музея яго асветніцкую дзейнасць адрознівае зварот да самай шырокай аўдыторыі гледачоў. Асноўныя формы работы з публікай – аглядныя экскурсіі, цыклы тэматычных экскурсій па пастаяннай экспазіцыі музея і часовых выставах, музейна-педагагічныя праграмы, а таксама лекцыі.

У канцы 1960-х гадоў пры Нацыянальным мастацкім музеі (тады Дзяржаўны мастацкі музей БССР) адкрыўся публічны лекторый, дзе навуковымі супрацоўнікамі чыталіся лекцыі па сусветнай мастацкай культуры і мастацтве. За час існавання музейнага лекторыя было прачытана мноства разнастайных цыклаў лекцый, дзе выступалі не толькі супрацоўнікі аддзела навукова-асветніцкай работы і іншых навуковых аддзелаў музея, але і запрошаныя спецыялісты.

З 1957 па 1983 год экскурсія праводзілася па дзвюх тэматычных экспазіцыях – мастацтву Расіі XVIII–XX стагоддзяў і Беларусі ХХ стагоддзя. З 1984 па 2006 год функцыянавала толькі 5 залаў музея з-за недахопу экспазіцыйных памяшканняў, занятых пад сховішчы. Штодня супрацоўнік аддзела праводзіў экскурсіі ў асноўным для турыстаў з усіх рэспублік былога Савецкага Саюза. У межах адзінай прасторы СССР працавалі спецыяльныя турыстычныя цягнікі, якія забяспечвалі поўную загрузку музея.

Праблема павышэння якасці эстэтычнай адукацыі ў рэспубліцы першапачаткова ўсведамлялася музейнымі супрацоўнікамі. У 1959 годзе метадыст музея мастацтвазнаўца І.В. Назімава паступіла ў аспірантуру, прапанаваўшы тэму «Праблемы эстэтычнага выхавання працоўных Беларусі», якая з-за наватарскіх падыходаў аспіранткі тады не была зацверджана. Ідэяй дысертацыі было стварэнне спецыялізаванага Цэнтра эстэтычнага выхавання пры Дзяржаўным мастацкім музеі БССР з дзіцячай галерэяй. Такі цэнтр быў адкрыты ў 1989 годзе, але не пры музеі, а пры Саюзе мастакоў і праіснаваў нядоўга: з развалам СССР у 1991 годзе з-за адсутнасці фінансавання Цэнтр спыніў сваю дзейнасць.

У 1960-я гады ў ДММ БССР па размеркаванні прыехала некалькі маладых спецыялістаў з маскоўскай і ленінградскай мастацтвазнаўчай адукацыяй. Рыхтаваліся тэматычныя і аглядныя экскурсіі, лекцыйныя цыклы для лекторыя выхаднога дня музея, які карыстаўся папулярнасцю ў жыхароў горада. На некаторыя лекцыі вядучых супрацоўнікаў музея – І.В. Назімавай, Н.М. Бараноўскай, Н.Ф. Высоцкай, А.Д. Шапашнікавай – колькасць наведвальнікаў перавышала 150 чалавек. Дзейнічаў лекцыйны і экскурсійны абанемент, здзяйсняліся шматлікія выязныя лекцыі ў дзіцячыя дамы, пагранічныя заставы, вагоны-клубы. Дэвізам гэтага часу было “Мастацтва – у масы!”. Метадыстам музея – звычайна старэйшым і дасведчаным экскурсаводам – А.К. Рэсінай, І.В. Назімавай, Н.М. Бараноўскай, В.Ф. Таланцавай – пры адсутнасці спецыялізаванай літаратуры вялася сур’ёзная метадычная праца з маладымі супрацоўнікамі. Метадычны савет складаўся з вопытных супрацоўнікаў музея. Менавіта па валоданні матэрыялам вызначаўся ўзровень падрыхтоўкі маладога супрацоўніка, ацэньваліся яго валоданне мовай, здольнасць аналізаваць твор, трымацца перад публікай. Падрыхтоўка цыкла лекцый сведчыла аб больш высокім узроўні прафесіяналізму, які патрабаваў большага аналітычнага і красамоўніцкага майстэрства. Лекторый музея ў 1980-я гады налічваў больш за 100 назваў лекцый і быў надзвычай запатрабаваны публікай. Цікавасць да яго знікла толькі з актыўным увядзеннем ва ўжытак сеткі Інтэрнэт у 2003–2004 гадах; лекторый выхаднога дня з-за рэзкага падзення наведвальнасці быў адменены.

Акрамя часовых выстаў, экскурсій і лекцый музей пачаў праводзіць на сваёй пляцоўцы і цыклы канцэртаў камернай музыкі. Гэтыя канцэрты ў незвычайных абставінах карысталіся вялікім поспехам у наведвальнікаў. Акрамя гэтых традыцыйных экскурсійных і лекцыйных форм работы ў 1991 годзе на базе музея арганізавана дзіцячая студыя «У госці да Цюбіка». Дашкольнікі займаліся прама ў пастаяннай экспазіцыі музея.

Дзіцячая студыя «У госці да Цюбіка», нязменным кіраўніком якой на працягу апошніх 24 гадоў з’яўляецца навуковы супрацоўнік аддзела В.Я. Брыгадная, паступова трансфармавалася ў дзіцячы клуб і атрымала ў 2005 годзе ганаровае званне “народнай”. У студыі дзеці не толькі наведваюць музейныя выставы, малююць, арганізуюць тэатральныя паказы, але і падарожнічаюць разам з бацькамі, спазнаючы новыя месцы Беларусі і суседніх краін. У музеі знаходзіцца і салідны архіў (каля 16 тысяч) дзіцячых малюнкаў студыі за апошняе дзесяцігоддзе ХХ – пачатку ХХI стагоддзя. Спадзяемся, што ў будучыні гэты бясцэнны архіў стане асновай Дзіцячага музея. За гэтыя гады студыю наведалі каля 950 дзяцей.

У 1990-х гадах пачалася камп’ютарызацыя музея. Дадатковыя тэхнічныя сродкі значна пашырылі сферу навукова-асветніцкай работы.

У 2004 годзе ў музеі з’явіўся ўласны сайт на трох мовах, які абнаўляецца штодня, прасочваючы пастаянную хроніку музейных падзей, інфармуючы ўсіх, хто цікавіцца, аб выставах і мерапрыемствах. У 2014 годзе колькасць наведвальнікаў сайта дасягнула 110 тысяч. На сайце размяшчаюцца таксама і спецыяльна падрыхтаваныя юбілейныя віртуальныя выставы. У 2006 годзе ў музейную экспазіцыю былі ўведзены інфармацыйныя кіёскі, якія прапаноўвалі публіцы дадатковую інфармацыю аб выставах – дакументальныя фільмы, слайд-шоў, прэзентацыі. У гэтым жа годзе ў музеі ўпершыню ў краіне была ўведзена паслуга аўдыягіда па пастаяннай экспазіцыі музея. Тады яна выглядала як аўдыёзапіс на плэеры.

З перыяду ўводу новага корпуса ў 2006 годзе музейныя экспазіцыі рознай тэматыкі склалі ўжо 19 залаў, экскурсія па якіх працягваецца ўжо каля паўтары – дзвюх гадзін. Ад навуковага супрацоўніка аддзела патрабаваліся веды не толькі класічнага рускага і беларускага мастацтва, але і вывучэнне калекцый краін Усходу і Заходняй і Усходняй Еўропы.

У аддзеле навукова-асветніцкай работы ў 2005 годзе быў створаны сектар мультымедыйных тэхналогій, які, паспяхова працуючы на працягу 7 гадоў пад кіраўніцтвам П.А. Яніцкай, падрыхтаваў серыю мультымедыйных дыскаў па пастаяннай экспазіцыі музея, Мірскаму замку. Гэта «Выратаваныя каштоўнасці», каталогі выстаў «Алтарны жывапіс» і «Праваслаўная ікона. Украіна. Расія, Беларусь».

У пачатку ХХI стагоддзя зніклі адны і з’явіліся новыя музейныя стратэгіі навукова-асветніцкай работы. Тэхнічны прагрэс – надзвычай хуткае развіццё Інтэрнэту – прывёў да падзення попыту на кампакт-дыскі, і сектар быў скасаваны ў 2013 годзе.

У 2005 годзе з’явіўся спецыялізаваны сектар музейнай педагогікі пад кіраўніцтвам Н.Г. Красуцкай, якая распрацоўвае аўтарскія музейна-педагагічныя праграмы. Вялікая ўвага стала надавацца музейным праграмам, арыентаваным на невялікую групу наведвальнікаў і больш паглыбленае вывучэнне, паглыбленне ў тэму пэўнай экспазіцыі. За сем гадоў працы сектарам музейнай педагогікі было падрыхтавана больш за 19 праграм рознай тэматыкі, якія запатрабаваны ў наведвальнікаў усіх узростаў.

У 2014 годзе ў музеі на пастаяннай экспазіцыі ўпершыню ў рэспубліцы пачала дзейнічаць паслуга аўдыягіда – персанальнага электроннага гіда на трох мовах па пастаяннай экспазіцыі музея (60 трубак, 300 тэкстаў па экспанатах). У 2015 годзе аўдыягід ў сувязі з павелічэннем наведвальнікаў з КНР загаварыў і на кітайскай мове.

Новай формай работы аддзела стала правядзенне музейных рэспубліканскіх форумаў, у якіх актыўны ўдзел прымаюць супрацоўнікі аддзела, і акцый – «Ноч музеяў», «Вераснёвая ноч у Мастацкім».

Міжнародная акцыя “Ноч музеяў”, якая праводзіцца ў Міжнародны дзень музеяў 18 мая і ўпершыню прайшла ў музеі ў 2003 годзе, стала штогадовай падзеяй музейнага жыцця горада. Арыгінальныя праграмы, падрыхтаваныя ў 2004–2014 гадах супрацоўнікамі аддзела навукова-асветніцкай работы І.М. Скварцовай, З.У. Дудзінскім, Д.Г. Шантар, А.А. Сцепанцом, што адрозніваюцца тэатральнасцю, выдумкай і актыўным прыцягненнем валанцёраў, заўсёды выклікалі павышаную цікавасць у публікі, асабліва студэнцкай аўдыторыі. За некалькі вячэрніх гадзін працы праз музей праходзілі ад 4 да 8 тысяч чалавек.

У 2011 годзе ў музеі ў экспазіцыйнай прасторы з’явілася кафэ, дзе можна адпачыць і выпіць кубак кавы, скарыстацца паслугамі бясплатнага падключэння да сеткі Інтэрнэт. У гэтым жа памяшканні зараз праводзяцца творчыя сустрэчы і лекцыі, прэзентацыі, кінапаказы і невялікія выставачныя праекты маладых мастакоў.

Асаблівую ўвагу музей надае працы з катэгорыяй людзей з абмежаванымі магчымасцямі, падрыхтаваны і праводзяцца спецыялізаваныя экскурсіі. Супрацоўнікамі аддзела пры ўдзеле творчай групы «Мівія» быў распрацаваны і ажыццёўлены спецыяльны праект “Мастацтва на кончыках пальцаў”. Можна дакрануцца да выбраных, спецыяльна створаных экспанатаў, а менавіта да тактыльных інтэрпрэтацый карцін Івана Фаміча Хруцкага «Фрукты» ў выкананні Ганны Белагурцавай і Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі «Зімовы сон» у выкананні Наталлі Цэван. Скульптуры майстроў Андрэя Асташова «Тая, што палохае» і «Выкраданне Еўропы», Аляксандра Фінскага «Адчуванне палёту», Андрэя Заспіцкага, Паўла Лука. Кожны экспанат абсталяваны спецыяльным аўдыягідам і прыстасаваны для асаблівасцей невідушчых і слабавідушчых наведвальнікаў.

Структурай аддзела прадугледжана два сектары: музейнай педагогікі і маркетынгу.

У 2013 годзе ў аддзеле быў створаны сектар маркетынгу, што было выклікана надзённай неабходнасцю ўзмацнення рэкламнай дзейнасці музея – праз сайт, тэлебачанне, друкаваныя СМІ, арганізацыяй прэзентацый, ушанаванняў, канцэртаў, кіно і відэаздымак і іншых мерапрыемстваў у музеі.

Першым кіраўніком сектара стала спецыяліст з вышэйшай спецыяльнай адукацыяй менавіта ў гэтай галіне Д.Г. Шантар, якая прайшла стажыроўку ў музеях Францыі і Чэхіі і, паступіўшы ў аспірантуру, падрыхтавала да абароны кандыдацкую дысертацыю на тэму “Камунікацыя ў сучаснай культурнай прасторы”. Пасля сектар узначальвалі: спецыяліст па маркетынгу А.А. Сцепанец (2014–2015), кандыдат культуралогіі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў І.М. Шумская (ліпень–снежань 2015). А.І. Набароўская (2016 па жнівень 2017), Л.Д Еліневіч (верасень 2017 да червеня 2018).

Праводзячы гнуткую палітыку ў галіне навукова-асветніцкай работы і адказваючы на бесперапынныя запыты часу, музей застаецца ў ліку найбольш любімых месцаў гараджан і турыстаў.

 

Супрацоўнікі аддзела навукова-асветніцкай работы (2018 год)

 

Кацярына Казіміраўна Ляшкевіч – загадчык аддзела

  • Вольга Яўгенаўна Брыгадная – навуковы супрацоўнік, кіраўнік дзіцячай музейнай студыі “У госці да Цюбіка”
  • Кацярына Іванаўна Калянкевіч – вядучы навуковы супрацоўнік
  • Надзея Міхайлаўна Усава – вядучы навуковы супрацоўнік
  • Анна Уладзіміраўна Кузняцова - вядучы навуковы супрацоўнік
  • Марына Уладзіміраўна Трафімава – старшы навуковы супрацоўнік
  • Рубашная Анастасія Уладзіміраўна - навуковы супрацоўнік

 

Сектар маркетынгу marketing@artmuseum.by 

Святлана Варапай – загадчык сектара

  • Юлія Аляксееўна Мішакова – вядучы навуковы супрацоўнік
  • Анжаліка Палікарпаўна Жыгадла – навуковы супрацоўнік, дыспетчар экскурсійнага бюро
  • Арцём Андрэявіч Лапіцкі  - навуковы супрацоўнік
  • Павел Уладзіміравіч Стаяноўскі – спецыяліст па маркетынгу
  • Ірына Васільеўна Цібігей - дыспетчар экскурсійнага бюро
  • Машчонок Алёна Ігараўна - старшы навуковы супрацоўнік