Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Навукова-фондавы аддзел

У пастаяннай экспазіцыі прадстаўлены найболей каштоўныя, значныя творы, але гэта толькі невялікая частка музейнага збору. Астатнія экспанаты знаходзяцца ў запасніках, дзе захоўваюцца па відах матацтва: жывапіс, скульптура, графіка, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Запаснікі існуюць з дня заснавання музея. Пакуль збор быў не вельмі вялікім, фондавай работай займаўся толькі адзін супрацоўнік – галоўны захавальнік. Імя першага захавальніка даваеннага збору Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР гісторыя, на жаль, не захавала. У 1944 годзе захавальнікам адноўленай пасля вайны карціннай галерэі была Вольга Абрамаўна Баравік, з 1945 па 1959 гады фонды ўзначальваў галоўны захавальнік Пётр Мікалаевіч Герасімовіч, яго змяніў Аляксандр Іванавіч Сакалоў. Па меры пашырэння калекцыі ўзнікла неабходнасць у стварэнні аддзела навукова-фондавай работы, які сфарміраваўся ў 1970-я гады. Гэтым аддзелам паслядоўна кіравалі Канстанцін Іванавіч Федарышкін і Мікалай Міхайлавіч Паграноўскі. З 2004 года галоўным захавальнікам музея стала Ала Васільеўна Чайкоўская, якая працуе ў музеі з 1980 года. З 2013 года галоўным захавальнікам музея стала Таццяна Сяргееўна Мартуль. З 2015 года галоўным захавальнікам стаў Дзмітрый Аляксеевіч Моніч. З 2018 года галоўны захавальнік - Мальгіна Марына Леанідаўна.

Фонды музея налічваюць 30 000 адзінак захоўвання і дзеляцца на калекцыі старажытнабеларускага мастацтва, беларускага, рускага і замежнага жывапісу, скульптуры, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Нараўне з улікам і захоўваннем твораў супрацоўнікі ўдзельнічаюць у працы па складанні навуковых каталогаў, з’яўляюцца аўтарамі некаторых з іх. У 1970–1990-х гадах былі выдадзены каталогі старажытнабеларускага тэмпернага жывапісу і драўлянага разьбярства, беларускай скульптуры, рускага жывапісу і традыцыйных тканін. Падрыхтаваны да друку каталогі калекцый беларускай друкаванай графікі, еўрапейскай скульптуры, кітайскага фарфору, рускай металапластыкі. Рыхтуюцца да выдання каталогі беларускага жывапісу, рускага фарфору, фаянсу. Ідзе работа над каталагізацыяй збораў еўрапейскай і рускай графікі, беларускага экслібрыса, еўрапейскага фарфору і фаянсу, беларускага шкла ХХ ст., кітайскай народнай карцінкі, беларускай традыцыйнай керамікі, рускага абраза. У сувязі з паступленнямі новых экспанатаў наспела неабходнасць у выданні іншых тамоў калекцый традыцыйнага беларускага ткацтва, старажытнабеларускай драўлянай пластыкі і тэмпернага жывапісу, беларускай скульптуры ХХ стагоддзя.