Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Аддзел старажытнабеларускага мастацтва

Аддзел старажытнабеларускага мастацтва

Загадчык аддзела - Карпенка Алена Уладзіленаўна 

вул.Леніна 22    кб. 310

327 66 89

Аддзел старажытнабеларускага мастацтва Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (з 1993 г. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь) створаны 1 студзеня 1980 г. Яго ўзначаліла кандыдат мастацтвазнаўства Надзея Фёдараўна Высоцкая (пасля доктар навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР). Стварэнню новай навуковай структурнай адзінкі папярэднічалі шматлікія экспедыцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР па вывучэнні культавых помнікаў жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў каталіцкіх і праваслаўных храмах рэспублікі. Усяго музеем былі арганізаваны 81 навуковая экспедыцыя, падчас якіх была выяўлена значная колькасць унікальных твораў старажытнабеларускага мастацтва. У выніку экспедыцыйнай дзейнасці ў музей паступіла каля дзвюх тысяч прадметаў гісторыка-мастацкага значэння. Былі сфарміраваны фактычна новыя калекцыі старажытнабеларускага жывапісу, драўлянай скульптуры і разьбы, старадрукаваных кніг, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Па меры рэстаўрацыі і вывучэння твораў яны ўводзіліся ў навуковы зварот.

Супрацоўнікамі аддзела была праведзена даследчая работа па інвентарызацыі культавай маёмасці ў дзеючых храмах (1980–1989). Сабраны шырокі навукова-факталагічны матэрыял аб мастацкіх каштоўнасцях, якія знаходзіліся на той перыяд у цэрквах і касцёлах Беларусі. У экспедыцыях прымалі ўдзел навуковыя супрацоўнікі музея і іншых устаноў культуры Мінска, Масквы, Гродна, Магілёва – рэстаўратары, гісторыкі, фатографы.

Першыя маштабныя альбомы па старажытнабеларускім мастацтве выдадзены Н.Ф. Высоцкай: “Жывапіс Беларусі XII–XVIII стагоддзяў: Фрэска, абраз, партрэт” (1980), “Пластыка Беларусі XII–XVIII стагоддзяў” (1983), “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII–XVIII стагоддзяў” (1984).

У цэлым аддзел займаецца вывучэннем асноўных відаў мастацтва Беларусі XII – пачатку XIX ст. (Іканапіс, манументальны жывапіс і скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, старадрукі), а таксама Расіі (стараверскае меднае ліццё, руская ікона). Па гэтых тэмах апублікавана некалькі манаграфій і больш за 200 навуковых артыкулаў, абаронены дысертацыі. Выдадзены каталогі калекцый: “Образ литой, старинный… Русское медное литьё XII–XX вв. в собрании Национального художественного музея Республики Беларусь” (А.В. Карпенка, 2007); “Книги кирилловского шрифта XVII – начала XX в. в собрании Национального художественного музея Республики Беларусь” (Кірэева Г.У., Трыфанава Н.Я., 2012).

Супрацоўнікі актыўна займаюцца правядзеннем выстаў як у Беларусі, так і за мяжой. Беларускія абразы дэманстраваліся ў Іспаніі, Італіі, Венгрыі, Ватыкане, Ліхтэнштэйне, Расіі, Украіне. Апублікаваны каталогі асноўных выстаў: “Беларусь. Грань паміж небам і зямлёй. Абразы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” (2004), “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі”. Каталог выставы (2008); “Алтарны жывапіс Беларусі XVIII–XIX стст.” (2009); “Праваслаўны свет. Вобраз Хрыста ў іканаграфіі краін Усходняй Еўропы” (2015). Падрыхтаваны да друку: “Публікуецца ўпершыню. Абразы XVII–XIX стст.”; “Іканапіс Беларусі XVI–XXI стст.”; “Уладары і магнаты Вялікага Княства Літоўскага. Партрэты з музеяў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны”. Спецыялісты аддзела ўдзельнічаюць у навуковых канферэнцыях у Беларусі і за мяжой. Яны вядуць педагагічную работу ў ВНУ Мінска: чытаюць лекцыі па гісторыі мастацтваў і рэстаўрацыі; кіруюць дыпломнымі работамі і практыкай студэнтаў; аказваюць кансультацыі па навуковай тэматыцы аддзела; выконваюць мастацтвазнаўчую экспертызу па зваротах дзяржаўных арганізацый і прыватных асоб. Супрацоўнікамі распрацаваны цыклы папулярных лекцый па гісторыі беларускага мастацтва XI–XVIII стст., тэхніцы і тэхналогіі жывапісу, гісторыі рэстаўрацыі і атрыбуцыі помнікаў мастацтва.

З 2007 па 2010 год супрацоўнікі аддзела працавалі над стварэннем экспазіцый філіяла музея Мірскага замка (з 2011 г. – Музей “Замкавы комплекс “Мір”). У якасці спецыялістаў-кансультантаў прыцягваліся вядомыя беларускія вучоныя ў галіне ваеннай гісторыі, матэрыяльнай культуры, археалогіі, замкавай архітэктуры. У выніку сумесных намаганняў у 2010 г. музей адкрыўся для наведвальнікаў.

У аддзеле працавалі такія выдатныя спецыялісты, як Аляксандр Адамовіч Ярашэвіч (1940–2016), кандыдат мастацтвазнаўства, спецыяліст у галіне беларускага іканапісу, скульптуры, гістарычнага партрэта. Аўтар звыш 200 публікацый, у тым ліку альбома “Музей старажытнабеларускай культуры” (2004), кніг, прысвечаных гісторыі беларускіх храмаў, манастыроў і асобных абразоў, пастаянны ўдзельнік канферэнцый у Беларусі, Расіі, Літве, Польшчы, Украіне. На яго рахунку дзясяткі атрыбуцый твораў музейнай калекцыі, мноства артыкулаў у спецыялізаваных часопісах. З 2008 па 2014 год працаваў Іван Іванавіч Сінчук – вядучы навуковы супрацоўнік, гісторык, археолаг і нумізмат. У 1981 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыялізацыі “дапаможныя гістарычныя дысцыпліны”, супрацоўнік Інстытута “Белспецпраектрэстаўрацыя”, кіраўнік работ па шэрагу аб’ектаў: даследаваў архітэктурна-археалагічныя помнікі на тэрыторыі Мазыра, Магілёва, Быхава, Нясвіжа, Кобрына. Прымаў удзел у археалагічных раскопках Мсціслава, Роўна, Гродна, Вільні, Тракая, Калінінграда, Ленборка, Навагрудка і інш. У 1992 г. скончыў аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Даследуе гісторыю грашовага звароту, тэхніку манетнай справы IX–XX стст., гісторыю матэрыяльнай культуры XVI–XX стст. Выкладаў дапаможныя гістарычныя дысцыпліны па спецыяльнасці “музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Аўтар каля 800 апублікаваных навуковых прац і 200 энцыклапедычных артыкулаў. Сінчук І.І. вырашыў шэраг праблем, звязаных з рэстаўрацыяй Мірскага замка, удзельнічаў у стварэнні некалькіх экспазіцый.

У 3-томнай энцыклапедыі “Вялікае Княства Літоўскае” (2005–2010) тром супрацоўнікам аддзела – Н.Ф. Высоцкай, І.І. Сінчуку, А.А. Ярашэвічу – прысвечаны навуковыя артыкулы.

У аддзеле працуюць:

Карпенка Алена Уладзіленаўна, загадчык аддзела (з 19 чэрвеня 2006 г.), захавальнік пастаяннай экспазіцыі старажытнабеларускага мастацтва. Скончыла факультэт гісторыі і тэорыі выяўленчых мастацтваў Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна Расійскай акадэміі мастацтваў (СПб.). Удзельнічала ў арганізацыі выстаў беларускага іканапісу ў Іспаніі, Італіі, Украіне. Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2007). Кола навуковых праблем: беларускі партрэтны жывапіс, мастацкія тканіны заходнееўрапейскай вытворчасці, рускае меднае ліццё, мастацкі метал.

Трыфанава Наталля Якаўлеўна, кандыдат мастацтвазнаўства, працуе ў аддзеле з 1983 г. У 1983 г. скончыла факультэт тэорыі і гісторыі выяўленчых мастацтваў Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна Расійскай акадэміі мастацтваў. З 1996 г. – захавальнік фонду старадрукаваных кніг, з 1997 г. – вядучы навуковы супрацоўнік. Па заканчэнні аспірантуры пры Дзяржаўным Эрмітажы ў 1998 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Сценапіс Усходняй Беларусі XVII–XVIII стст.”. Н.Я. Трыфанава прымала ўдзел у навуковых экспедыцыях музея ў 1983–1989 гг. Яна адна з нешматлікіх спецыялістаў у Беларусі па сярэдневяковаму мастацтву са шматгадовым стажам, мае дзясяткі публікацый у музейных зборніках і іншых выданнях, у тым ліку звязаных з даследаваннем асобных экзэмпляраў і груп кніг са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца дацэнтам кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ. Апублікавала каталог кніг кірылічнага друку ў зборы музея. Працуе над каталогам рускага іканапісу XVII–XIX стст.

Сысоева Любоў Львоўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела, захавальнік калекцыі старажытнабеларускага жывапісу. У 2000 г. скончыла гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кафедра этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў. У 2008 г. – аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі імя К. Крапівы. Працуе над кандыдацкай дысертацыяй на тэму “Рэгіянальныя асаблівасці іканапісу Беларусі XVI–XVIII стст.”. Мае шэраг публікацый па гісторыі беларускага іканапісу.

Чаус Станіслаў Эдуардавіч – старшы навуковы супрацоўнік. Скончыў у 2011 г. БДУКіМ, кафедра гісторыі Беларусі і музеязнаўства. У 2013 – магістратуру па спецыяльнасці “музеязнаўства, кансервацыя і рэстаўрацыя гісторыка-культурных аб’ектаў”. Прысвоена ступень магістра культуралогіі. У 2017 г. скончыў аспірантуру. Захавальнік фонду старажытнабеларускай скульптуры. Займаецца вывучэннем беларускай алтарнай скульптуры гістарычнага партрэта канца XVI – пачатку XIX ст.

Моніч Дзмітрый Аляксеевіч, вядучы навуковы супрацоўнік. У 2010 г. скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “гісторыя (этналогія)”. У 2011 г. скончыў магістратуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “этнаграфія, этналогія, антрапалогія” і абараніў магістарскую дысертацыю, працуе ў музеі з 2012 г. З’яўляецца сакратаром атрыбуцыйнага савета і членам рабочай групы па арганізацыі і кантролю музеефікацыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вывучае беларускі жывапіс канца XVIII – першай паловы XIX ст., спецыялізуецца ў галіне творчасці Яна Дамеля.

Піскун Юрый Аляксандравіч, вядучы навуковы супрацоўнік, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, у 1980 – аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, мастацтвазнаўца. Прымаў удзел у музейных экспедыцыях, даследчык царкоўнага мастацтва. У 2005 г. прысвоена званне дацэнта па спецыяльнасці “мастацтва”, прафесар кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Працуе ў аддзеле з 2017 г., займаецца гістарычным партрэтам, беларускім іканапісам.

У аддзеле ў розныя гады працавалі: Барабанаў К.У., Брыгадная В.Я., Сычоў В.А., Свінцова Н.В., Усава Н.М., Арэшка В.М., Сцяпанава А.В., Чабан І.Л., Кірэева Г.У., Яцкевіч Д.Л., Шпунт А.А., Карэлін У.Р., Асташова І.У., Скеп’ян А.А., Ярашэвіч А.А., Дашкоўская Т.У., Сінчук І.І.

Выставы,падрыхтаваныя прыўдзелеаддзела:

Творы, рэстаўрыраваныя ў СНРВМ (Растоў-на-Доне). Растоў-на-Доне. 1981

Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у СССР. Масква. 1984

Рэстаўрацыя музейных каштоўнасцей у БССР. Мінск. 1985

Старажытнае мастацтва Беларусі. Сарагоса (Іспанія). 1988

Старажытнае, новае, вечнае. Кіеў. 1988

Тэмперны жывапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў. Мінск. 1988. Магілёў. 1989

Дзяржаўнаму мастацкаму музею – 50 гадоў. Мінск. 1989

Мастацтва старажытных гарадоў Беларусі. Мінск. 1990

Мастацтва рэнесансу ў Беларусі. Мінск. 1990

Іканапіс Беларусі XVII–XVIII стст. Яраслаўль – Масква. 1990

Адкрыццё экспазіцыі ў Паўднёва-заходняй вежы Мірскага замка. 1992

Мастацтва Брэстчыны XVII–XVIII стст. Мінск. 1993

Іканапіс Гомельшчыны XVII–XIX стст. (сумесна з Веткаўскім музеем). Мінск. 1994

Мастацтва Віцебшчыны XVII–XVIII стст. Мінск. 1994

Мастацтва Беларусі XVI–XVIII стст. Новыя адкрыцці (Калекцыя В.К. Цвіркі). Мінск. 1994

Мастацтва Беларусі XVI–XIX стст. Знаходкі А. Іпеля. Мінск. 1995

Мастацтва Беларусі XVI–XVIII стст. Знаходкі М.М. Шчакаціхіна. Мінск. 1996 (Матэрыялы да 100-годдзя з дня нараджэння Міколы Шчакаціхіна 1896–1940. Мн., 1996)

Мастацкі метал XVI–XIX стст. у Беларусі. Гальшаны (Гродзенская вобл.). 1997

Мастацтва Міншчыны XVI–XVIII стст. Мінск. 1997

Мастацтва Беларусі XVI–XVIII стст. Знаходкі А.В. Аладавай. Мінск. 1997

Мастацтва Магілёўшчыны XVII–XVIII стст. Мінск. 1998

Мастацтва Гродзеншчыны XII–XVIII стст. Мінск. 1998

Іканапіс Беларусі XVI–XVIII стст. Новыя адкрыцці. Іспанія. 1999–2000. (Каталог – La pintura d’icones de Bielorussia els segles 16, 17, 18. Nous descobriments. N.F. Visotskaja)

Мясцовашанаваныя ў Беларусі абразы Маці Божай XIII–XVIII стст. Мінск. 1999–2000

Датаваныя помнікі мастацтва Беларусі XVII–XVIII стст. Мінск. 2000

Рэстаўрацыя і рэстаўратары. Мінск. 2000

Іканапіс і разьба Беларусі XV–XVIII стст. Мінск. 2000

Іканапіс беларускага Палесся XVII–XVIII стст. (Знаходкі супрацоўнікаў АН Беларусі). Мінск. 2003

Абразы беларускай школы XVI–XVIII стст. Мілан (Італія). (Каталог – Icone della scuola Bielorussa. Абразы беларускай школы XVI–XVIII стст. – Надзея Высоцкая)

Беларусь. Грань паміж небам і зямлёй. Абразы НММ РБ. Трыест (Італія) 2004–2005. (Каталог – Belarus frontiera tra cielo e terra. Sania Gukova)

Нясвіжскія зборы Радзівілаў. Мінск. 2004

Іканапіс Беларусі XXI стагоддзя. Мінск. 2004

Духоўныя святыні Беларусі (Іканапіс Беларусі XVI–XVIII стст.). Мінск. 2005

Партрэты з Нясвіжскай калекцыі Радзівілаў. Гродна. 2005

Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі. Масква – Кіеў – Мінск. 2008

Алтарны жывапіс Беларусі XVIII–XIX стст. Мінск. 2009

Слуцкія паясы. Мінск. 2008–2009

Адкрыццё святой прыгажосці. Мінск. 2011

Вобразы Найсвяцейшай Маці Божай у беларускім іканапісе XVII–XIX стст. Мінск. 2011; Полацк. 2012

Слуцкія паясы і партрэт В. Пуслоўскага з Літоўскага мастацкага музея (Вільнюс). 2012

Датаваныя помнікі мастацтва Беларусі XVII–XVIII стст. Мінск. 2000

Рэстаўрацыя і рэстаўратары. Мінск. 2000

Душа па вясёлкавым мосце... Бісернае шыццё Веткі са збору Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава. 2012

Алтарная скульптура і мастацкія тканіны Беларусі XVII–XIX стст. (з фондаў НММ РБ). 2012

Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага (з музеяў Львова і Луцка). 2013

Іканапіс Беларусі XVII–XVIII стст. (Будапешт, Сольнак, Кечкемет). 2014

Слуцкія паясы і літургічнае адзенне з калекцый Нацыянальнага музея ў Варшаве і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. 2014

Бог сялянскі, хрысціянскі (Бабіцкі абраз). Творы з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава і Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея. 2014

Беларускі іканастас. Творы іканапісу і разной пластыкі канца XVII – пачатку XIX ст. 2015

Залаты век шаўкаткацтва. Кунтушовыя паясы і партрэты шляхты са збору Нацыянальнага мастацкага музея імя М.К. Чурлёніса (Каўнас). 2015

“Муж, мужчына, воін” з Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. 2015

Творы іканапісу XVII–XVIII стст. са збору Яраслаўскага мастацкага музея (выстава сакральнага мастацтва, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі). 2015

Іканапіс і мастацкі метал Беларусі XVII – пачатку XIX ст. (у музеях Ватыкана). 2016

Апосталы і прарокі ў іканапісе Беларусі XVII–XVIII стст. (Музей Эль Грэка, Таледа). 2016

“Свет нябесны на зямлі”, творы царкоўнага мастацтва Беларусі XVII–XXI стст. 2016

Святыя непадзеленай царквы (садружнасць у падтрымку сучаснай хрысціянскай культуры “Артас”, Масква). 2017

Радзівілы: лёсы краіны і роду (са збору Мацея Радзівіла, Варшава). 2017

З кніжнай скарбніцы. Выданні друкарняў Беларусі XVI – першай паловы XIX стагоддзя ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання). 2017

Прафесія – рэстаўратар. Да 70-годдзя з дня нараджэння мастака-рэстаўратара вышэйшай кваліфікацыі А.С. Шпунта. 2017

“Уваскрэсенне Хрыстова бачыўшы...”, беларускі іканапіс у музеі “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”. 2018

Два светы рускага іканапісу. Помнікі XVII стагоддзя са збору Музея рускай іконы (Масква). 2019

“Заўсёды гатовы, храбрствуючы... Мастак і вобраз. Прорысі і абразы XVIII–XIX стст.” з фондаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. 2019

Асноўныя публікацыі:

Жывапіс Беларусі XII–XVIII стст. Уступ. артыкул Н.Ф. Высоцкай. Уклад. Н.Ф. Высоцкая, Т.А. Карповіч. Мінск, 1980

Пластыка Беларусі XII–XVIII стст. Аўтар-склад. Н.Ф. Высоцкая. Мінск, 1983

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII–XVIII стст. Аўтар і складальнік Н.Ф. Высоцкая. Мінск, 1984

Высоцкая Н.Ф. Тэмперны жывапіс Беларусі канца XV–XVIII стагоддзяў у зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Каталог. Мн., 1986

Іканапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў. Аўтар-склад. Н.Ф. Высоцкая. Мінск, 1992 (переиздания 1994, 1995, 1996, 2000, 2001)

Высоцкая Н.Ф. Скульптура и резьба Беларуси XII–XVIII вв. Каталог. Минск, 1998

Жывапіс барока Беларусі. Аўтар-склад. Н.Ф. Высоцкая. Мінск, 2003

Карпенко Е.В. Белорусское искусство ХII–XVIII вв. / Путеводитель. НХМ РБ. Мн., 2002

Н.Ф. Высоцкая и Е.В. Карпенко входят в коллектив авторов-составителей издания: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва XV – пачатку XX стагоддзя. Мінск, 2005

“Образ литой, старинный…”. Медное художественное литье XII–XX вв. из собрания Национального художественного музея Республики Беларусь. Минск, 2006

Православная икона России, Украины, Беларуси. Каталог выставки. Авторы: Карпенко Е.В., Ярошевич А.А., Трифонова Н.Я., Сысоева Л.Л. М., 2008

Алтарны жывапіс Беларусі XVIII–XIX стст. Каталог выставы. Аўтары: Карпенка А.У., Ярашэвіч А.А., Трыфанава Н.Я. Мінск, 2009

Киреева Г.В., Трифонова Н.Я. Книги кирилловского шрифта XVII – начала XX в. в собрании Национального художественного музея Республики Беларусь. Альбом-каталог. Мн., 2012

Православный мир. Образ Христа в иконографии стран Восточной Европы. Каталог выставки из музеев Беларуси, России, Сербии, Украины. Минск. “Звязда”. 2015

Ярошевич А.А. От ренессанса к барокко: мемориальная и алтарная пластика Беларуси XVII-XVIII веков. Минск: Беларусь, 2019.