Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Венскі след у мінскай калекцыі (да атрыбуцыі аднаго партрэта)

У зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзіцца “Партрэт невядомага мастака”. Твор паступіў у 1999 годзе ў сувязі са святкаваннем 60-годдзя музея з Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь), куды, у сваю чаргу, вярнуўся з Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы ў 1988 годзе як прадмет з даваенных музейных фондаў Беларусі (№ И 4277).

Паводле Кнігі паступленняў асноўнага фонду Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, партрэт памерам 63,5х46,5 мае нявызначанае аўтарства, датуецца сярэдзінай XIX ст., быў рэстаўраваны ў Маскве [4] (мал. 1).

На партрэце паказаны мужчына сярэдняга ўзросту, гладка паголены, у завітым парыку, апрануты паводле еўрапейскай моды ў шэры камзол з тонкімі сінімі палоскамі паверх чырвонай камізэлькі, зашпіленай на ўсе гузікі, з-пад рукаваў камзола бачны карункавыя манжэты кашулі, на шыі павязаны гальштук, плечы задрапіраваны сіняй накідкай. Партрэтаваны выяўлены на фоне мальберта, дзе размешчаны эскіз будучага жывапіснага твора. Рукі ляжаць на альбоме малюнкаў з Рыма, пра што сведчыць адпаведны надпіс на італьянскай мове “Disegnai da Roma. Anno 1750” на тытуле, у правай руцэ – аловак. Усе згаданыя атрыбуты ўказваюць на тое, што чалавек на партрэце з’яўляецца мастаком.

Упершыню разглядаемы твор быў апублікаваны Н.Ф. Высоцкай у альбоме “Жывапіс барока Беларусі”, дзе пазначаны як “Партрэт мастака” і датаваны 1750 г., гэта значыць паводле згаданага вышэй надпісу (сам надпіс памылкова прачытаны як “D. Fesnaї du Roma. Anno 1750”). Тут варта адзначыць, што адзенне партрэтаванага, выяўленыя прадметы, характар жывапісу і матэрыяльныя характарыстыкі твора сапраўды даюць падставу адносіць палатно да сярэдзіны XVIII ст. Таму, верагодна, дата, запісаная ў музейных дакументах, з’яўляецца памылковай [3, с. 216, № 108].

Згаданая публікацыя замацавала “Партрэт мастака” ў кантэксце беларускага жывапісу. У музейнай экспазіцыі твор прадстаўлены ў раздзеле старажытнабеларускага мастацтва, займаючы адпаведнае месца ў шэрагу партрэтаў, якія адлюстроўваюць самабытныя культурныя, мастацкія традыцыі, густы і светапогляд прадстаўнікоў грамадства Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Пазней даследаваннем партрэта займалася В.Д. Бажэнава. Ёй былі грунтоўна вывучаны сам твор, у якім адзначаліся характэрныя аўтапартрэтныя рысы, а таксама музейная дакументацыя. Меркаваным аўтарам і адначасова партрэтаванай асобай даследчыца палічыла нясвіжскага мастака Ксаверыя Дамініка Гескага. У той жа час аўтар атрыбуцыі звярнула ўвагу на значныя адрозненні дадзенага твора ад вядомых аўтапартрэтаў Рэчы Паспалітай сярэдзіны XVIII ст.: “Аўтапартрэты мастакоў Рэчы Паспалітай сярэдзіны XVIII ст. – Мірыса, Чаховіча, Малітора – сканцэнтраваны на ўнутраным псіхалагічным стане (уласны сацыяльны статус іх не цікавіў)”.

Незвычайная рэпрэзентатыўнасць “аўтапартрэта К.Д. Гескага” тлумачылася высокім палажэннем у грамадстве: мастак меў статус прыдворнага ў князёў Радзівілаў. На жаль, іншых партрэтаў К.Д. Гескага для параўнання няма. Мала вядомая і біяграфія мастака, у прыватнасці дакументальна не пацверджаны факт знаходжання яго ў Італіі [1, с. 183–195].

Наяўныя дакументы сведчаць пра з’яўленне партрэта ў Беларускім дзяржаўным гістарычным музеі каля 1921 г. Аналіз музейных паступленняў 1920-х, праведзены В.Д. Бажэнавай, выявіў, што ў гэты час многія творы перадаваліся з нацыяналізаваных сядзіб былых Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Аднак далейшая версія наконт таго, што твор мог паходзіць з сядзібы Ленскіх у Суле, куды быў прывезены мастаком Зянонам Ленскім з навакольных Стоўбцаў, Нясвіжа, ці Слуцка, з’яўляецца дапушчэннем.

Такім чынам, музейныя дакументы не даюць падставы не толькі звязаць партрэт з імем нясвіжскага мастака К.Д. Гескага, але і адназначна аднесці яго да мастацкай спадчыны Рэчы Паспалітай [2, с. 64–65].

У сувязі з гэтым набывае значэнне аналагічны твор, знойдзены намі ў прыватнай галерэі Б. Вільніцкага ў Вене, Аўстрыя (Boris Wilnitsky Fine Arts). Ён надзвычай блізкі да партрэта са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь па кампазіцыі, супадаюць і іх памеры (мал. 2). Тым не менш паміж партрэтамі ёсць пэўныя адрозненні, палотны з’яўляюцца варыянтамі. Так, на “мінскім” партрэце за спінай мастака на мальберце размешчаны толькі намечаны эскіз, у той час як на “венскім” – скончаны жывапісны твор (тэарэтычна дадзены факт можа сведчыць пра больш ранняе паходжанне варыянта з НММ РБ). На сайце галерэі Б. Вільніцкага размешчаны артыкул, які тычыцца атрыбуцыі твора. Аўтар сцвярджае, што на партрэце выяўлены Ігнацый Унтэрбергер (Ignaz Unterberger (1742–1797) – цірольскі мастак, а ўласна карціна магла быць напісана як ім самім, так і яго старэйшым братам Крыштофам (Christoph Unterberger (1732–1798). Аднак пераканаўчыя доказы гэтай гіпотэзы не прыводзяцца, а ўвага чытача звяртаецца ў першую чаргу на стылістычнае падабенства з творамі згаданых мастакоў і фізіягнамічную блізкасць выяўленага чалавека са сваякамі Ігнацыя (партрэтаў самаго І. Унтэрбергера, верагодна, не захавалася) [6].

Вернемся да надпісу: “Disegnai da Roma. Anno 1750” (мал. 3). На “венскім” варыянце партрэта слова “Disegnai” бачна не цалкам. Надпіс быў прачытаны як “Disegni da Roma” – “малюнкі з Рыма”. Гэта акалічнасць дала магчымасць сцвярджаць, што аўтарства альбома не абавязкова належыць партрэтаванаму мастаку. Аднак на творы з НММ РБ слова “Disegnai” чытаецца адназначна. У італьянскай мове [io] disegnai – форма інфінітыва disegnare (маляваць) першай асобы прошлага часу і даслоўна перакладаецца, як “[я] намаляваў”. Таму, на нашу думку, на абодвух партрэтах мы бачым менавіта аўтара альбома, датаванага 1750 г. Дадзены атрыбут паказаны мастаком невыпадкова і з’яўляецца выразным сведчаннем яго персоны (узгадаем, што Ігнацыю Унтэрбергеру на той час было 8 гадоў) [6].

Прыведзеная неадпаведнасць з’яўляецца адной са шматлікіх у артыкуле, таму не будзем на ёй падрабязна спыняцца. У той жа час адзначым, што агульная кампазіцыя, манера жывапісу, падкрэсленая параднасць, наяўнасць атрыбутаў сапраўды ў вялікай ступені набліжаюць наш твор да аўтапартрэтаў цірольскіх мастакоў. Больш таго, існаванне аналагічнага твора, які не бытаваў на беларускіх землях, з’яўляецца важкім аргументам, які абвяргае папярэднія спробы атрыбуцыі “Партрэта невядомага мастака” са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь [7].

Так ці інакш, далейшы пошук партрэтаванай асобы і адначасова аўтара партрэта працягваўся намі менавіта сярод цірольскіх мастакоў сярэдзіны XVIII ст. У выніку мы пераканаліся, што на партрэце выяўлены Франц Антон Цайлер (Franz Anton Zeiller (1716–1794) – мастак, які нарадзіўся ў горадзе Ройтэ (Reutte) у Ціролі, Аўстрыя. Паходзіў з сям’і гандляроў. Бацькі памерлі рана, таму яшчэ ў дзяцінстве хлопец быў узяты ў сям’ю мастака Паўля Цайлера (1658–1738), які адзначыў яго талент як жывапісца. Пасля смерці сваяка Франц Антон пакінуў родны горад і накіраваўся ў Аўсбург, дзе першым настаўнікам у яго стаў выбітны мастак нямецка-аўстрыйскага ракако Ёхан Евангеліст Хольцэр (Johann Evangelist Holzer (1709–1740). Пазней Цайлер працаваў і навучаўся ў Готфрыда Бернхарда Гёза (Gottfried Bernhard Göz (1708–1774), за два гады, праведзеныя ў яго майстэрні (1740–1742), здолеў назапасіць дастаткова сродкаў, каб завяршыць навучанне ў Італіі.

Ф.А. Цайлер пражыў у Італіі амаль 10 гадоў і з’ехаў толькі напачатку 1750-х. У гэты час ён працягнуў сваю адукацыю ў Рыме (!), дзе навучаўся ў мастака італьянскага ракако Карада Джаквінта (Corrado Giaquinto (1703–1765), у асноўным капіруючы творы свайго выкладчыка. Вядома, што па прыбыванні ў “вечным горадзе” Ф.А. Цайлер склаў “Эцюднік” (“Skizzenbuch Franz Anton Zeillers”), які сёння захоўваецца ў Цірольскім нацыянальным музеі Фердынанда ў Інсбруку (Inv.-Nr. T 2870) [5].

На той факт, што ў творчай біяграфіі мастака прысутнічае працяглы італьянскі перыяд, варта звярнуць асаблівую ўвагу ў сувязі з атрыбуцыяй партрэта. Як адзначалася вышэй, на асабістую прысутнасць партрэтаванага мастака ў Рыме ўказвае альбом малюнкаў (“Skizzenbuch” ?), які ён трымае ў руках, супадае і час знаходжання Цайлера ў Італіі. Пацвярджае атрыбуцыю і твор жывапісу, на фоне якога выяўлены мастак. Фактычна гэта фрагмент падрыхтоўчага кардону для “Катавання Св. Феліцаты” – насценнага роспісу касцёла ў бенедыктынскім кляштары Атабойрэн (Kloster Ottobeuren) у Баварыі, завершанага Ф.А. Цайлерам у 1758 г. (мал. 5). Наяўнасць “венскага” варыянта партрэта дазваляе меркаваць, што Ф.А. Цайлер некалькі разоў маляваў сябе на розных этапах стварэння аднаго са сваіх найвыбітнейшых твораў [8, с. 8].

Такім чынам, зроблены значны крок у атрыбуцыі “Партрэта невядомага мастака” са збору Нацыянальнага мастацкага музея. Тое, што на ім выяўлены менавіта Франц Антон Цайлер, не выклікае сумневаў. У той жа час яго аўтарства вызначаецца ўскосна, паводле агульнай схемы, уласцівай аўтапартрэту, а таксама на падставе сціплага параўнаўчага аналізу – у Нацыянальным музеі Фердынанда ў Інсбруку захоўваецца мініяцюрны аўтапартрэт Ф.А. Цайлера (13,4х10), на якім паголены мастак у завітым парыку, апрануты ў камзол і камізэльку, з накідкай-драпіроўкай на плячах, трымае ў правай руцэ пэндзаль, а ў левай – палітру (мал. 4). Гэты партрэт вельмі блізкі па кампазіцыі да твораў, разгледжаных у артыкуле.

 

Станіслаў Чавус,

навуковы супрацоўнік

аддзела старажытнабеларускага мастацтва

Артыкул апублікаваны ў часопісе “Мастацтва” №11/2014

Спіс ілюстрацый: 

Малюнак 1. Партрэт са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь

Малюнак 2. Партрэт Ігнацыя Унтэрбергера. Прыватная інтэрнэт-галерэя Барыса Вільніцкага

Малюнак 3. Надпіс на тытуле альбома “Disegnai da Roma. Anno 1750”

Малюнак 4. Цайлер Ф.А. Мініяцюрны аўтапартрэт. Другая палова XVIII ст. 13,4х10 см. Цірольскі нацыянальны музей Фердынанда, Інсбрук

Малюнак 5. Цайлер Ф.А. Катаванне Св. Феліцаты і яе сямі сыноў. 1758. Роспіс храма ў кляштары Атабойрэн, Баварыя

Малюнак 6. Супастаўленне выяў на партрэтах з Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і прыватнай галерэі Барыса Вільніцкага з фрагментам твора Ф.А. Цайлера Катаванне Св. Феліцаты і яе сямі сыноў”. 1758

Спіс літаратуры:

  1. Баженова, О. Автопортрет художника 1750 г. Проблема атрибуции / О. Баженова // Музейны веснік. Выпуск 3. – Минск: ЮНІПАК, 2006. – С. 62–67
  2. Баженова, О.Д. Радзивилловский Несвиж. Росписи костела Божьего Тела. / О.Д. Баженова – Минск: Харвест, 2006. – 414 с.
  3. Высоцкая, Н.Ф. Жывапіс барока Беларусі / Н.Ф. Высоцкая. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. – 304 с.
  4. Кніга паступленняў прадметаў асноўнага фонду // Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
  5. Franz Anton Zeiller / Wikipedia – die freie enzyklopädie [Электронны рэсурс]. – 2014 – Рэжым доступу: http://de.wikipedia.org/wiki/Franz_Anton_Zeiller – Дата доступу: 26.05.2014.
  6. Ignaz Unterberger (1748–1797) “Self-portrait or portrait of brother Christoph”, important discovery!! / Boris Wilnitsky Fine Arts [Электронны рэсурс]. – 2001 – Рэжым доступу: http://www.wilnitsky.com/scripts/redgallery1.dll/details?No=36962 – Дата доступу: 12.03.2014.
  7. Portraits in Tirol suchen und finden / Tiroler portraits [Электронны рэсурс]. – 2014 – Рэжым доступу: http://www.tirolerportraits.it/de/Portraits-suchen.aspx – Дата доступу: 05.05.2014.
  8. Stoll, P. Gottfried Bernhard Goz, Franz Anton Zeiller und die Rosenkranzspende von Scheer / Peter Stoll // OPUS – Augsburg University Publication Server [Электронны рэсурс]. – 2014 – Рэжым доступу: http://opus.bibliothek.uni-augsburg.de/opus4/frontdoor/index/index/docId/1559 – Дата доступу: 26.05.2014.