Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Тэатр у жывапісе

Кожная эпоха па-свойму любіць і адлюстроўвае тэатральныя падмосткі. Тэатр са сваім бытам, героямі і «тэатральнасць», як вынік яго ўплыву, што зачароўвае, выяўляе сябе ў мастацтвах несцэнічных. Зразумела, што дэкарацыя ці яе прадуманая адсутнасць – гэта тое, што аддае ў дар тэатру “ИЗО” (выяўленчае мастацтва). Як сапраўны дакументаліст выяўленчае мастацтва яшчэ захоўвае ў гісторыі і цэлыя галерэі імёнаў вядомых артыстаў.

«Тэатральнасць» – амаль не адчувальная плоскасць прысутнасці тэатра. Яна пранікае ў выяўленчую паверхню глыбей, раптам успыхнуўшы ў каларыце, кампазіцыі, ярка асветленым твары мадэлі або расстаноўцы фігур. Як быццам у лініях без рухаў і плямах заціхла імгненне толькі што згаслай рампы, і водгласаў глядацкіх авацый ужо не чуваць.

Ярчэй за ўсё (паколькі бліжэй к ХХІ стагоддзю) у памяці ўсплывае «мадэрн» са сваім зайздросным позіркам у бок сінтэзу мастацтваў. Каб убачыць ужывую і правесці ўласны аналіз, трэба ісці ў музей – даступны для беларусаў нацыянальны збор (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь).

Мастак Аляксандр Галавін

«Мяне хваляваў нават сам «пах тэатра», я любіў удыхаць пах газу (якім тады асвятлялі тэатр – Заўв. рэд.), у мяне «паджылкі трэсліся» ад захаплення, калі ўздымалася заслона»1. Гэта захопленыя словы мастака Аляксандра Галавіна, які аформіў амаль усе галоўныя пастаноўкі 1900–1917-х. Збіраючы рознакаляровыя шматкі тканіны, ён прыдумвае новы касцюм Фёдару Шаляпіну. Ён папракае актрысу: яна не апранула 10-ю спадніцу ў касцюме, ад чаго тон яе сукенкі змяніўся, што мог заўважыць толькі мастак, седзячы ў глядзельнай зале.

Адзін з самых яркіх мастакоў Расіі мяжы XIX–XX стст., у якога палітра літаральна «прасякнута» тэатрам. У экспазіцыйных залах «Рускага мастацтва XVIII – пачатку XX ст.» НММ РБ прадстаўлена цэлая галерэя партрэтаў актрыс, што цалкам натуральна для часу іх стварэння. Мяжа XIX–XX стст. – эпоха, якая змяніла свае адносіны да прафесіі актрысы, убачыўшы ў ёй амаль містычны ператваральны пачатак, здольны ўвасобіць у жанчыне багіню. Існуючая мадэль мастацтва, што літаральна адурманена сімваламі і якая ўзводзіла недаказанасць на п’едэстал, толькі падкрэслівала гэта.

Хто яны? Якія ролі выконвалі? Ці адчуваецца ў партрэце «дыханне» тэатра? Альбо мастак падкрэслівае адсутнасць грыму, і ў цэнтры яго ўвагі НЕ актрыса?

Партрэт актрысы Марыі Траянавай

Дэкаратыўны фон партрэта «сціскае» фігуру мадэлі, акружаючы яе нібы сцяной. У гэтым рашэнні відавочна ўвасабляецца думка аб штучным свеце, у якім знаходзіцца не чалавек, а Гераіня. Далей, як па ланцужку, выстройваюцца ў гэты рад дапаўненні: сцэнічна накінуты на крэсла пярэсты шаль – любімы рэквізіт мастака, сукенка як быццам фарфоравая, сентыментальная ружа, балетная пастава, кніга. Першапачаткова паўсталі пытанні: яна іграе, яна рэпеціруе, яна ў ролі? Аднак пераводзячы позірк з шалі на ружу, з «балетных» туфлікаў на чорную стужку ля пляча, сумненняў не застаецца: гэта тэатр.

Як актрыса Марыя Траянава вядома сваімі ролямі ў прыватным тэатры Суворына (з 1919 г. – Асобая драматычная група, а з 1965 – Вялікі драматычны тэатр імя Г. Таўстаногава), які адрозніваецца модным і наватарскім рэпертуарам. Партрэт напісаны ў 1916 годзе, напярэдадні вядомых падзей. Ужо пасля рэвалюцыі яна жыла ў эміграцыі, у Парыжы. Можна сабе ўявіць, як яна дэкламуе вершы на адным з вечароў рускай паэзіі.

Наталля Слашчава – рэжысёр і актрыса Магілёўскага тэатра лялек аб партрэце Марыі Траянавай: Мне не падабаецца гэты партрэт. Мне не падабаецца гэта нудлівая жанчына. Яна нагадвае мне апісанне вясны ў Рэмарка, калі растае снег, а ў нябожчыкаў у западзінах вачэй стаіць вада. У Галавіна нацюрморты значна жывейшыя за гэту друзлую Афелію, яна як тапелец, які ўсплыў. Я не думаю, што актрыса можа быць такой. Такой можа быць гераіня гісторыі, персанаж... гэта я яшчэ дапускаю... а актрыса... Хоць кожны раз, выказаўшы нейкую думку, я тут жа пачынаю думаць інакш... Магчыма, такія актрысы больш сапраўдныя?

Партрэт актрысы Яўгеніі Чудоўскай

Крыху пазней, ужо ў пачатку 20-х, А.Я. Галавін піша партрэт яшчэ адной артысткі Суворынскага тэатра – Яўгеніі Паўлаўны Чудоўскай. Пра яе мы ведаем зусім няшмат. Яе прозвішча нават не значыцца ў тэатральнай энцыклапедыі. Пасля 1917 г. яна iграла ў тэатрах Самары і Яраслаўля. І гэта ўсё. Слоў біяграфіі зусім не захавалася, а гэта ж можна ўявіць сабе яе касцюмы, грымёрку, рэпетыцыі... Магчыма, «негаваркі» партрэт, які дайшоў да нас, здольны перадаць, паводле выказвання самога мастака, «голас намаляванага чалавека»? Не даслоўнае ўвасабленне сцэны, а артыстычнасць адчуваецца тут ва ўсім. Будучы галоўным рэжысёрам «жывапіснага» дзейства, мастак прапануе нам сустрэцца са сваёй мадэллю ў хатняй абстаноўцы. Але ў гэтым пакоі ўсё нібы прыбрана да прыходу гасцей. Быццам усе персанажы «другога плана» – белая сцяна, чорная тканіна, кветка – выстраіліся для прывітання. Гераіня на даволі блізкай адлегласці да гледача, свабодна седзячы ў крэсле, спагадліва нахіліла галаву, паказваючы гатоўнасць выслухаць. Ёй зручна. Усё сведчыць аб інтымнасці, адкрытасці, гатоўнасці ад гутаркі. Адкрытая, але не да канца. Жэст складзеных рук – не псіхалагічная абарона, а хутчэй манера трымацца, звычка, набытая ў спрэчках.

Алена Старасціна актрыса тэатра Post (Санкт-Пецярбург) аб партрэце Яўгеніі Чудоўскай: Не ведаю чаму, але, гледзячы на гэтую жанчыну, разумееш, што яна актрыса. Мне здаецца, яна тут нікога не іграе, а спрабуе быць сабой. Але актрысе гэта вельмі складана зрабіць. Зараз быць сабой на сцэне гэта адна з галоўных складнікаў прафесіі (для мяне ва ўсялякім выпадку). Але некалькі дзясяткаў гадоў таму на сцэне паказвалі персанажа. Імкнуліся перадаць як мага дакладней пачуцці гэтага чалавека, яго пластыку, напоўніць сябе ім. Звыклае існаванне акцёра: ты гэта заўсёды нехта яшчэ.

Тут, нягледзячы на ўсмешку і, здавалася б, расслабленую позу, я адчуваю, што ёй крыху няёмка, ёй страшна, боязна. Таму яна крыху спусцілася ўніз, скрыжавала рукі. Яна сам-насам з сабой, няма прыкрыцця персанажам. Мне заўсёды было цікава, дзе гэта грань паміж персанажам і табой? Мне здаецца, гэта наогул адно з галоўных пытанняў, якім павінен задавацца акцёр. Глядач бачыць цябе ці героя, прыдуманага аўтарам тэксту, затым рэжысёрам і ў апошнюю чаргу табой? А на карціне ты ці погляд мастака на цябе, як на актрысу? Альбо жанчыну, тонкую і трохі спалоханую?

Кацярына Калянкевіч,

вядучы навуковы супрацоўнік

аддзела навукова-асветніцкай работы

Артыкул апублікаваны на сайце