Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Тэатр аднаго акцёра

У публічнага расказа блізкія з тэатрам задачы: утрымаць увагу гледача, перацягнуць яго на свой бок. У кожнага інтэрпрэтатара, экскурсавода, лектара ёсць свае прыёмы і хітрыкі. Бо сёння, калі пачнеш аповед з даты нараджэння, цябе могуць перабіць словамі: Выбачайце, але я Вікіпэдыю»чытаў.... Навуковыя супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь распавядаюць пра свае сакрэты і пра тое, ці можа экскурсія стаць свайго роду тэатрам.

 

Дзмітрый Салодкі, навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы

Голас самае галоўнае ў нашай прафесіі. Ім ты кантралюеш увагу гледачоў. Калі расслабіліся, трэба нешта падкрэсліць. Наведвальнікі ў першую чаргу ўсё ж такі слухаюць цябе, а потым глядзяць. Яшчэ міміка і рухі таксама важныя.

У мяне ёсць некалькі вобразаў у залежнасці ад настрою. Напрыклад, пафігіст, які ведае, але яму ўжо не важна даказаць нешта камусьці. Праўда, не ўмею доўга трымаць гэтую маску. Ёсць вобраз разумніка: Я вас зараз навучу! Хочаце вы таго ці не, але трэба!. Але гэта ўсё, каб сябе пацешыць і атрымаць больш задавальнення ад працы.

Магу насачыняць, што я паўсвету аб’ездзіў. Але гэта вельмі рэдка... Быў у мяне вопыт з італьянскімі дзецьмі. Я нашым наведвальнікам расказваю цяпер, як яны “голых” скульптур не баяцца, таму што ў кожным двары такі фантан ёсць. І якія мы “забітыя” ў параўнанні з імі.

 

Мікіта Моніч, навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва, сектар Мастацтва краін Усходу

Тэкст экскурсіі можа вывучыць кожны, адпаведна, экскурсавода стварае не тое, што ён распавядае, а тое, як ён гэта робіць. Гэта стылістычнае багацце мовы, інтанаванне, уменне вытрымаць паўзу, стварыць напружанне ці, наадварот, адпусціць, фактычна трымаць групу ў эмацыянальным тонусе. Наша памяць і наогул наша ўспрыманне інфармацыі завязаны на эмоцыях. Каб іх выклікаць, каб унутры нешта заварушылася, экскурсавод павінен стаць мостам паміж гледачом і артэфактам. Чым больш ён можа прыняць ад карціны, чым глыбей яе бачыць, чым больш магутнае для яго ўражанне ад твора і чым больш поўна ён можа перадаць гэта адчуванне, тым мацнейшы эфект, які атрымлівае глядач. І гэта чысты тэатр.

Ёсць шматлікія байкі пра тое, як акцёр запамятаваў тэкст на сцэне і выкруціўся. У экскурсавода часам таксама такое здараецца. Аднойчы, яшчэ ў пачатку маёй працы, у нас была група са 150 чалавек на агляднай экскурсіі. У ходзе яе я дайшоў да італьянскага жывапісу, які тады, прызнацца, не вельмі добра ведаў. І цэлых шэсць хвілін расказваў... пра вока быка. Гэта быў тэатр аднаго акцёра.

Паўзы. Менавіта падчас іх глядач успрымае тое, што сказана. Гэта ў тэатры растлумачваюць усім акцёрам. Разуменне цыклаў увагі, гэта значыць колькі па часе можа чалавек успрымаць інфармацыю без перапынку, калі яму патрэбна разрадка, калі патрэбны нейкі жарт. Ну і, вядома, у акцёрскай ролі ёсць звышзадача, якая разбіваецца на нейкі набор малых задач. У экскурсіі ўсё выглядае сапраўды гэтак жа: ты павінен да нечага весці публіку, а не проста праходзіць і гаварыць: Карціна № 1, 2, 3.... Адпаведна ў цябе ўзнікае неабходнасць стварыць нейкую драматургію.

 

Алена Уладзіленаўна Карпенка, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва

Родніць экскурсавода з працай акцёра, на мой погляд, перш за ўсё добрая мова – выразная, пісьменная, а таксама добрая артыкуляцыя. Вельмі важная эмацыянальнасць, але трэба ўмець не проста праявіць яе, а і пісьменна расставіць акцэнты ў экскурсіі, дзе-небудзь што-небудзь прытушыць, прыгасіць, дзесьці, наадварот, вылучыць нейкія моманты. 

Трэба ўлавіць стан групы. Напэўна, гэта як у глядзельнай зале тэатра. Калі ты сам задумаў, што тут у цябе будзе нейкі ўзлёт энергіі, а група да гэтага не гатова, не атрымаецца ніякага выніку. Трэба бачыць стан групы, ведаць, ці падрыхтавана ўжо яна. Для экскурсавода вельмі важна не перабраць у тэатральных прыёмах, таму што гэта ўсё ж такі розныя жанры.

Адрозненне ў тым, што ў тэатры акцёру важна звярнуць увагу на сябе, і ён робіць гэта ўсімі магчымымі сродкамі. Калі тое ж самае пачне рабіць экскурсавод, ён адцягне ўвагу людзей ад твораў. Нам заўсёды пра гэта казалі, і гэта вельмі правільна: экскурсавод не павінен ярка апранацца, эпатажна сябе паводзіць, у яго павінен быць нармальны голас, інтанацыя. На экскурсіі важна тое, што паказваюць, а не той, хто паказвае.

 

Кацярына Ізафатава, старшы навуковы супрацоўнік аддзела навукова-асветніцкай работы

Экскурсія гэта свайго роду інфармацыйны тэатр. Гэта значыць тэатральнасць выступае як дапаможны сродак, які ўзмацняе ўспрыманне. Любы тэкст можна знішчыць, калі яго вымаўляць манатонна.

Калі я бачу вочы, поўныя агню, калі бачу разуменне, тады я раскрываюся зусім, гэта значыць выдаю і інфармацыю, і эмоцыі, аддаюся ўся цалкам. Тады пасля экскурсіі я выціснута як лімон. Але калі не бачу аддачы... Не падабаецца спектакль – не глядзіце. Або даслухайце да канца і не апладзіруйце.

Для мяне важна, каб экскурсавод адчуваў, пра што ён гаворыць. Былі ў мяне групы, якія казалі: Вось мы глядзелі на вас, відаць, што вы жывяце гэтым.... Гэта значыць, яны мне паверылі... І ў тэатры добрая актрыса – тая, якой вераць...

Кацярына Калянкевіч,

вядучы навуковы супрацоўнік

аддзела навукова-асветніцкай работы

Артыкул апублікаваны на сайце