Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Гісторыя аднаго твора. “Асенні дзень у садзе Ляфортаўскага палаца” Кацярыны Юнге

Да выставы “Ад рэалізму да імпрэсіянізму” (рускі жывапіс другой паловы XIX – пачатку ХХ стагоддзя) са збору Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (Масква)

Кацярына Фёдараўна Юнге нарадзілася 24 лістапада 1843 года, у дзень Святой Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу, у сям’і медальера і мастака, віцэ-прэзідэнта Акадэміі мастацтваў, графа Фёдара Пятровіча Талстога. З дзяцінства ў бацькоўскім доме яна бачыла многіх выдатных дзеячаў навукі і мастацтва, амаль усіх рускіх пісьменнікаў той эпохі. Гэта адыграла выключную ролю ў развіцці яе творчых талентаў, бо ў той час жанчынам яшчэ быў закрыты доступ да атрымання прафесійнай мастацкай адукацыі. Таму звесткі пра яе творчы шлях вельмі скупыя: руская мастачка-акварэлістка, майстар пейзажа і партрэта, мемуарыстка. Насамрэч Юнге – адна з першых жанчын-жывапісцаў і педагогаў, якая атрымала прызнанне ў Расіі і за мяжой. Медалістка Усерасійскай і Парыжскай сусветнай выстаў. Заснавальніца першай у Расіі рысавальнай школы для дзяўчат у Кіеве. Аўтар даследавання “Рускія жанчыны ў мастацтве”. 

Палатно “Асенні дзень у садзе Ляфортаўскага палаца” было напісана Кацярынай Юнге ў 1892 годзе. У ім гледачу адкрываецца шматкаляровасць і святланоснасць прыроднага асяроддзя, якім захапляліся пейзажысты апошняй трэці XIX стагоддзя, канчаткова стаўшы на шлях пленэрнага жывапісу. Пры гэтым натура спасцігнута ёю суцэльна, яна не расшчэпленая на асобныя колеравыя і светлавыя эфекты. Кантрасты і супрацьпастаўленні носяць выпадковы характар. Яна перадала не свае ўражанні ад убачанага, а саму прыроду, павагу перад значнасцю яе быцця. Кацярына Юнге не проста выкарыстоўвае тыповыя для залатой восені адценні цёплых тонаў, ад светла-жоўтага да барвовага, яна выступае як тонкі лірык, які ўмела перадае настрой і прыгажосць прыроды. Апранутыя ў залатое ўбранне дрэвы нібы выконваюць ролю куліс, падкрэсліваюць глыбіню і перспектыву і разам з тым запрашаюць гледача зазірнуць у адзін з куткоў саду, закладзенага самім Пятром I у 1703 годзе і названага ў гонар Франца Ляфорта, сябра і настаўніка Пятра. Гэты сад, што здзіўляе ўяўленне, быў на самой справе сістэмай садоў, якая аб’ядноўвалася звілістай стужкай ракі Яўзы – душы саду. Вада адыгрывала галоўную ролю ў стварэнні яго вобраза. Але тут няма прамога ўказання на гістарычнае месца і час стварэння саду. Мы не бачым векавых дрэў, алей, прадуманых ліній у прасторы. Няма нічога, што гаварыла б пра былую веліч. Час сцёр задуму яго стваральнікаў.

Бачны сляды запусцення, але ў гэтай журбе няма смутку, наадварот, у ёй так многа залатога ззяння. Прырода апранута ў золата, прыгожая і напоўненая чароўным хараством сваім. На пярэднім плане зіхаціць люстраной гладдзю невялікая сажалка з мудрагеліста выгнутымі берагамі і маленечкім астраўком злева. Берагі яго “аплылі”. Дрэвы, да якіх даўно не дакраналіся нажніцы садоўніка, свабодна разрасліся, шырока раскінуўшы свае галіны; схіліўшыся, яны быццам углядаюцца ў сваё адлюстраванне. Надзвычай прыгожыя, апранутыя ў празрыстыя карункі марыва, якое зацягнула восеньскі пейзаж. Невялікія плямы зелені, адлюстраванне золата ў вадзе, тонкія спалучэнні пераліваў сіняга даюць нам магчымасць адчуць непаўторную прыгажосць і святочны настрой восеньскага дня.

Аўтар тэксту: Надзея Красуцкая, загадчык сектара музейнай педагогікі аддзела навукова-асветніцкай работы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь