Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Формула «раптоўнага шчасця»: «НАВАСЁЛЫ» Мая Данцыга

Сярод 36 карцін вядомага беларускага мастака Мая Вольфавіча Данцыга, што знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, ёсць адна, душэўнасць і аптымізм якой асабліва прыцягвае аматараў мастацтва, гэта – «Навасёлы». Двое – хутчэй за ўсё муж і жонка, адзінокія чамаданы і бязмежная прастора свежапафарбаванай падлогі – вось і ўсё, што спатрэбілася мастаку для стварэння простай і зразумелай кожнаму формулы «раптоўнага шчасця». Палатно было напісана ў далёкім 1962 годзе ў разгар горадабудаўнічых рэформ «адлігі», аднак карціна даўно перасягнула межы свайго часу...

Аповед пра шчаслівых навасёлаў быў папулярнай і пастаяннай тэмай у пасляваенным мастацтве. Дастаткова ўспомніць такія любімыя і вядомыя кінафільмы, як «Вясна на Зарэчнай вуліцы» Марлена Хуцыева, «Дзяўчаты» Юрыя Чулюкіна, «Справа Румянцава» Іосіфа Хейфіца і ўжо пазнейшыя «Пакроўскія вароты» Міхаіла Казакова. Шчаслівае набыццё савецкімі людзьмі свайго дома адлюстравала і выяўленчае мастацтва. Над гэтай тэмай шмат і плённа працаваў Юрый Піменаў («Лірычнае наваселле», «Першыя модніцы новага квартала», «Вяселле на заўтрашняй вуліцы»), Аляксандр Лакціёнаў («Пераезд на новую кватэру»), Таццяна Старасельская («Наваселле»).

Гэтыя творы – даніна часу. Дзяржавай была пастаўлена задача пакончыць з недахопам жылля. У тэрміновым парадку людзям давалі кватэры. А мастацтва стала адлюстраваннем гэтага працэсу паскоранай урбанізацыі і, адпаведна, росту жыллёвага будаўніцтва.

«Навасёлы» Мая Данцыга таксама былі створаны ў разгар «эпохі вялікага наваселля», у 1962 годзе. Аднак малады мастак, учарашні выпускнік Маскоўскага інстытута імя В.А. Сурыкава, знайшоў уласны, зусім новы і арыгінальны ход ва ўвасабленні гэтай тэмы. Ён адмовіўся ад малюнка шматлікіх падрабязнасцей, характэрных для сентыментальнага жывапісу 1950-х гадоў, ад разнастайных «штучак», фікусаў, шаф, кніжных паліц на карысць простай у сюжэтным вырашэнні кампазіцыі без фанфар і прыкрас.

У зусім новай і яшчэ пустой кватэры на свежапафарбаванай чырвонай падлозе сядзіць маладая сямейная пара. Мэблі няма – ні стала, ні крэсла, голыя сцены. Кампанію маладых падтрымліваюць толькі чамаданы, якія сціпла стаяць у іншым куце пакоя. Ніякага дробнага апісальніцтва: толькі пустая прастора і два чалавекі. Таму карціна становіцца сапраўды «пазачасавай», нічым не застаўленае памяшканне сцірае актуальнасць канкрэтнай даты: усё, намаляванае тут, было, ёсць і будзе заўсёды. Гэта своеасаблівы ключ да тых перажыванняў, пачуццяў, радасці людзей, якія ўпершыню ўвайшлі ў свой новы, прыгожы, надзейна пабудаваны дом.

За гэтай знешняй сюжэтнай прастатой палатна, якое валодае ўласцівасцямі кінакадра, уважлівы глядач можа дамысліць тое, што можа адбыцца ў наступнае імгненне, убачыць поўнае надзей і веры заўтра, разважанні і мары аб будучым жыцці. Вось ужо чуваць стомленыя крокі па лесвіцы пасля працы, гук малатка і дрылі, што раздражняе суседзяў, звон бакалаў у гонар наваселля, смех і плач падрастаючых дзяцей, а магчыма, і ўнукаў... Чуецца ўся вясёлка быцця. Бо наперадзе жыццё, маладосць і каханне.

Мастак манументальны, экспрэсіўны, Май Данцыг выбірае для вырашэння, здавалася б, простай бытавой сцэны незвычайную і вострасучасную кампазіцыю. Ён змяшчае сваіх герояў не ў цэнтры палатна, а ў правым верхнім вугле, пад планкай рамы, а падлога пры гэтым займае ўсю цэнтральную і наогул большую частку палатна. Такім чынам, мастак істотна змяняе пункт погляду, і фігуры, напісаныя практычна ў натуральную велічыню, пачынаюць успрымацца як бы на мяжы рэальнага і абстрактна ўяўнага. Пры гэтым мастак дабіўся ў кампазіцыі непаўторнай жыццёвасці і як бы «падглядання» выпадковага моманту. Цікава вырашана праца і ў колеры. Тут дамінуе інтэнсіўны і любімы Маем Данцыгам чырвоны. Агульны звонкі эмацыянальны каларыт карціны дапаўняюць корпусна пакладзеныя мастыхінам бялілы, якія амаль слепяць, плямы ярка-жоўтага.

Варта адзначыць, што за сваё наватарства, за гэты «рэчавы мінімалізм», за лапідарнасць і вострыя рытмы кампазіцыі мастак ледзь не паплаціўся. Май Данцыг так расказаў пра гэту гісторыю: «Калі палатно ўбачылі прадстаўнікі выставачнага камітэта, яны загадалі яго тэрмінова зняць з экспазіцыі. Мяне абвінавацілі ў паклёпе на савецкую рэчаіснасць: «Дзе вы бачылі ў нас босых людзей, у якіх няма ніякіх рэчаў і якія зажурыліся?». Хацелі зняць работу». Але талент мастака выявіўся не толькі ў мастацтве, але і ў здольнасці знайсці для складанай задачы патрэбнае рашэнне. За ноч Май Вольфавіч «адшліфаваў» кампазіцыю, дапісаўшы ў вугле карціны жаночыя лакаваныя туфлікі, якія стаяць на падлозе, і на наступны ж дзень яго палатно прайшло цэнзуру. Праўда, пасля туфлі мастак замаляваў, узнавіўшы першапачатковы варыянт палатна. Але на карціну нават апублікавалі добрую рэцэнзію ў часопісе «Творчасць».

Палатно «Навасёлы» на многія гады стала вялікай творчай удачай маладога мастака. Яно экспанавалася на ўсесаюзнай мастацкай выставе ў Маскве адразу ж пасля яго стварэння. На творчым шляху Мая Данцыга гэта быў яшчэ адзін пераканаўчы і праўдзівы аповед пра эпоху і яе людзей. Задума кампазіцыі нарадзілася як сінтэз уражанняў ад паездкі на цаліну і Сакалоўска-Сарбайскі меднарудны камбінат. «Тое, што я ўбачыў тут, на цаліне, – кажа мастак, – прывабіла мяне і захапіла настолькі, што я палічыў зусім немагчымым прабыць тут толькі месяц, як меркаваў. Я прабыў тры месяцы, але і гэты час усё яшчэ здаваўся мне недастатковым для сур’ёзнай, сапраўднай працы».

Вынікам гэтай паездкі стала таксама карціна «У заводскай сталовай», паказаная на рэспубліканскай выставе ў Мінску ў 1963. У ёй таксама праявілася цікавасць мастака да тэмы, якую ўмоўна можна назваць «Чалавек, які будуе сваю будучыню». Сапраўды, гэтая тэма на доўгія гады стала магістральнай ў мастацтве Данцыга. Пра гэта кажуць самі назвы твораў: «Насустрач жыццю» (1958, дыплом), «Растуць новыя кварталы» (1960), «Стары і новы Мінск» (1960), «Мінск абуджаецца» (1960). Гэта дзіўна паэтычныя навелы, у якіх адбілася характэрная для таго часу і асабіста для аўтара накіраванасць у будучыню, імкненне да выявы «новага» чалавека, «простага чалавека» па-за сацыяльнай іерархіяй – героя «суровага стылю». Названыя творы, напісаныя ў адзін час з палатном «Навасёлы», па-сутнасці аўтапартрэтныя і ў сукупнасці з іншымі дакументамі даюць магчымасць дапоўніць некалькімі істотнымі рысамі і «партрэт мастака на фоне часу».

А ўвогуле Май Вольфавіч Данцыг і ўварваўся ў мастацтва на рубяжы 1950–1960-х гадоў. Гэта быў перыяд хрушчоўскай адлігі, які вывеў у авангард мастацтва тады яшчэ зусім маладых мастакоў, заснавальнікаў так званага «суровага стылю». У процівагу пафасу псеўдаідэйных работ, насуперак афіцыйным канонам і традыцыям сацрэалізму мастакі імкнуліся адлюстраваць жыццё сваіх сучаснікаў без прыкрас, без усялякай помпы. Узнік культ менавіта «суровага» жывапісу, «суровага» адлюстравання бескампраміснай «праўды» пра чалавека, гісторыю і падзеі нядаўняга мінулага. Сярод яго родапачынальнікаў і падзвіжнікаў і быў Май Данцыг.

Ён нарадзіўся ў Мінску ў 1930 годзе. Яго бацька, выкладчык фізкультуры, быў блізкі да мастацтва і нават наведваў мастацкую студыю вядомага беларускага мастака Якава Кругера. Таму ён заўсёды імкнуўся, каб сын авалодаў творчай прафесіяй. Да вайны будучы мастак некалькі гадоў хадзіў у музычную школу. Аднак пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая ўнесла свае карэктывы. Сям’я Данцыга літаральна цудам паспела эвакуіравацца ў горад Ульянаўск. Мастак успамінае, як пачалася вайна: «Горад гарэў, нас увесь час бамбілі. Бацькі вырашылі, што трэба сыходзіць. Бацька надзеў свой лепшы бастонавы касцюм. З рэчаў мы не ўзялі нічога. Але калі тата, мама, я і сястра прыйшлі на Таварную станцыю (зараз Інстытут культуры), там тоўпіўся народ. Цягнікі ўжо не хадзілі. Надзеі не заставалася. І раптам здалёку паказаўся паравоз з чатырма вагонамі-цяплушкамі. Ён ішоў на поўным хаду. Людзі ляглі на рэйкі. Паравоз спыніўся, дзверы вагонаў адчыніліся, а там – параненыя салдаты. І раптам з адной цяплушкі чуем: «Да–а–анцыг!». Гэта былы вучань паклікаў тату. Мы ледзь паспелі ўзлезці на прыступку цягніка, які набіраў хуткасць».

Ужо пасля вайны Май Данцыг атрымаў грунтоўную прафесійную падрыхтоўку ў сценах Мінскага мастацкага вучылішча пад кіраўніцтвам В. Цвірко, а ў 1958 годзе скончыў Маскоўскі інстытут імя У.І. Сурыкава.

Творчасць Мая Вольфавіча Данцыга стала яркай старонкай у гісторыі і прыкметнай з’явай нашага жывапісу. Яго экспрэсіўныя і маштабныя шматфігурныя жывапісныя кампазіцыі (мастак – майстар пераважна вялікіх фарматаў, разлічаных на музейны паказ), адлюстраванні роднага і любімага Мінска, партрэты дзеячаў культуры характарызуюць цэлую мастацкую эпоху і выклікаюць нязменную цікавасць аматараў мастацтва.

Дэталі

У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь госці і жыхары сталіцы могуць убачыць знакаміты нацюрморт «Аб Вялікай Айчыннай», а маштабная рэтраспектыўная выстава твораў Мая Вольфавіча Данцыга адкрыецца ў музеі ўжо 15 кастрычніка 2015 года.

Сёння за палотны Мая Данцыга калекцыянеры гатовыя аддаць немалыя грошы. У Інтэрнэце працы мастака ўжо ацэньваюць на віртуальных аўкцыёнах. Адным з апошніх знакавых падзей стала з’яўленне манументальнага палатна Мая Данцыга «І памятае свет выратаваны» (1985) на выставе «Спадчына Другой сусветнай вайны ў рускім мастацтве» ў сусветна вядомай галерэі Чарльза Саатчы. У разгорнутай эпічна-алегарычнай форме мастак увасобіў тут выратаванне салдатамі савецкіх войскаў шэдэўраў са збору Дрэздэнскай галерэі. Сярод іх была і «Сіксцінская Мадонна», напісаная Рафаэлем Санці ў 1515–1519 гг. па замове папы Юлія II для алтара царквы святога Сікста ў горадзе П’ячэнцы. На карціне беларускага майстра захаваны момант «вызвалення» «Мадонны» з тунэля-сховішча. Размешчаная ў сярэдзіне кампазіцыі Сіксцінская Мадонна алегарычна прадстаўляе ўсю сусветную культуру і цывілізацыю, а параненыя і змардаваныя салдаты сімвалізуюць тую высокую цану, якую прыйшлося заплаціць, каб спыніць наступ фашызму. Сёння гэта палатно знаходзіцца ў зборы Арт-фонду сям’і Філатавых.

 

Кацярына Ізафатава,

загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва

Артыкул апублікаваны ў часопісе “Алеся” №10/2015