Размер шрифта:
A
A
A
Цвет сайта:
Ц
Ц
Ц

Генеральны дырэктар

Уладзімір Іванавіч Пракапцоў

тэл. (017) 328 68 44 (прыёмная)

вул. Леніна, 22

кб.206

Уладзімір Іванавіч Пракапцоў нарадзіўся 8 жніўня 1953 года ў вёсцы Жгунская Буда Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння Жгуна-Будскай 8-гадовай школы працягнуў вучобу ў СШ № 2 г. Добруша.

Затым вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (з 1970 па 1975 г.) у знакамітых мастакоў-педагогаў “віцебскай мастацкай школы” І. Сталярова, Д. Генеральніцкага, Ф. Гумена.

У 1980 г. закончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР, у 1984 г. у Навукова-даследчым інстытуце тэорыі і гісторыі выяўленчага мастацтва Акадэміі мастацтваў СССР у Маскве абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Манументальнае мастацтва Беларусі 1917–1980 гг.”.

З 1986 г. прымае ўдзел у рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках як мастак, удзельнік міжнародных пленэраў, біенале мастацтваў, працуе ў жанрах нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны. Асноўныя жывапісныя творы – “М. Багдановіч. Апошні санет паэта”, “Бацькоўскі дом”, нізка жывапісных твораў, прысвечаных В.К. Бялыніцкаму-Бірулю і Фердынанду Рушчыцу, “Мелодыя надыходзячай раніцы”, “Present Indefinite”, “Адам Міцкевіч. Боль паэта”, “Лазенька”, “Вытокі”, “У бацькаўскім садзе”, “Замерзлае возера”, “На Радаўніцу. Памяці бацькі”, “Аўтапартрэт”, “Віцебскія мроі пра Парыж”, “Мой Віцебск”, “Старыя гнёзды” і іншыя.

Жывапісныя творы У.І. Пракапцова знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Добрушскага і Лепельскага раённых краязнаўчых музеяў, Літоўскага мастацкага музея, Нацыянальнага мастацкага музея Кітая і прыватных калекцыях.

За значны асабісты ўклад у папаўненне экспазіцыі Добрушскага раённага краязнаўчага музея аўтарскімі творамі мастацтва і папулярызацыю творчасці беларускіх мастакоў рашэннем Добрушскага раённага выканаўчага камітэта ад 13 кастрычніка 2008 г. № 1563 У.І. Пракапцову прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г. Добруша” і адкрыта карцінная галерэя Уладзіміра Пракапцова ў г. Добрушы; рашэннем Лепельскага раённага Савета дэпутатаў ад 21 жніўня 2012 г. № 142 нададзена таксама пачэснае званне “Ганаровы грамадзянін Лепельскага раёна”.

У.І. Пракапцоў – аўтар кніг “Мікалай Рыжанкоў”, “У пошуках прыгажосці і гармоніі”, раздзелаў у “Гісторыі беларускага мастацтва”      (у 6 тамах), навуковы кіраўнік выданняў “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь” (у трох тамах і 6 кнігах), “Времен связующая нить” (100 портретов Национального художественного музея Республики Беларусь), куратар шматлікіх музейных праектаў, навуковых каталогаў і артыкулаў па выяўленчым мастацтве. Аўтар ідэі і каардынатар выдавецкага праекта (у выдавецтве “Беларусь” з 2012 года) “Славутыя мастакі з Беларусі” (аўтар кніг “В.К. Бялыніцкі-Біруля”, “Станіслаў Жукоўскі”, “Фердынанд Рушчыц”).

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства, старшыня Канфедэрацыі творчых саюзаў Рэспублікі Беларусь, сябра Беларускага саюза мастакоў, сябра Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, сябра Беларускага камітэта ICOM і ICOMOS, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь на справах ЮНЕСКА, падкамітэта па прысуджэнні Дзяржаўных прэмій у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, Ганаровы сябра Расійскай акадэміі мастацтваў.

Лаўрэат (у складзе калектыву) спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Музейная справа”, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” (у складзе калектыву), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, ордэнам Дружбы і медалём А. Пушкіна (Расійская Федэрацыя).

На Першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” ў Гродне (2012) адзначаны ў намінацыі “Лепшы кіраўнік музея Рэспублікі Беларусь”.

За арганізацыю шэрага духоўных і сакральных праектаў, прысвечаных 1020-годдзю і 1025-годдзю Хрышчэння Русі, удастоены ўзнагарод Беларускай, Рускай і Украінскай праваслаўнай царквы.

Працуе дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з 1998 года, жыве ў г. Мінску.

 

 

 Аўтапартрэт. 2005. Палатно, алей

 

 

Пачастунак ад мамы. 1973. Палатно, алей

 

 

На Радаўніцу. Памяці бацькі. 2004. Палатно, алей. 60х80

 

 

Трыпціх.В.К. Бялыніцкаму-Бірулю. Дача «Чайка». 1999. Палатно, алей 80х100

 

 

Трыпціх.Возера Удомля. 1999. Палатно, алей. 80х60

 

 

Старая яблыня. 1999. Палатно, алей. 80х60

 

 

Раніца юнага мая. 1996–2012. Палатно, алей. 80х100

 

 

Ноч юнага мая. 1997. Палатно, алей. 50х50

 

 

Віцебскія мроі пра Парыж. 2000–2010. Палатно, алей. 100х100

 

 

Калы ў чырвонай вазе. 1976. Палатно, кардон, алей. 60х40

 

 

Вытокі. 2005. Палатно, алей. 115х95

 

 

Дарога. 2008. Палатно, алей. 100х80

 

 

Каляды. Раніца. 2011. Палатно, алей. 90х110

 

 

Дарога паэта. Ракуцеўшчына. 1977. Палатно, алей, кардон. 38х30

 

 

Presendt Indefinite. 1999.  Палатно, алей. 60х80

Бацькам маім прысвячаецца. 2017. Аргалит, палатно, алей. 80х60