Васіль Андрэевіч Трапінін. Да 225–годдзя. Васіль Андрэевіч Трапінін. Да 225–годдзя.
Васіль Андрэевіч Трапінін. Да 225–годдзя
(1780–1857 гг.)
Свет вобразаў, створаных пэндзалем В.А. Трапініна, пакарае сваёй надзвычайнай чалавечнасцю, душэўнай тонкасцю, лірызмам.
Лёс мастака быў нялёгкім: Трапінін нарадзіўся ў сям’і прыгоннага і да 43 гадоў жыцця заставаўся прыгонным. Заўважыўшы захапленне юнака жывапісам, яго адправілі ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, дзе ён 7 гадоў вучыўся ў вядомага мастака С.С. Шчукіна.
Пасля вяртання на Украіну, у маёнтак графаў Моркавых, якім ён належыў, Трапінін стаў дамашнім жывапісцам, працягваючы выконваць абавязкі дваровага чалавека. Негледзячы на доўгія гады паднявольнага жыцця, мастак змог захаваць пачуццё ўласнай годнасці і добразычлівыя адносіны да людзей.
У калекцыі Нацыянальнага Мастацкага музея Рэспублікі Беларусь творчасць Трапініна прадстаўлена 9 творамі.

«Хлопчык з сякерай» (канец 1810-х гг.)
Варыянт карціны пад назвай «Сялянскі хлопчык з сякерай» знаходзіцца ў Екацярынбургскім музеі выяўленчых мастацтваў. Палатно, алей. 44,8 х 36. Набыты ў 1955 г. у прыватным зборы.
Трапінін любіў і ўмеў пісаць дзяцей. Калі ў мастацтве 18 стагоддзя іх звычайна адлюстроўвалі «маленькімі дарослымі», то Трапінін разумеў і цаніў дзяцінства як самастойны момант развіцця чалавечай асобы. Дзіця для мастака – маленькі чалавек з чыстай, летуценнай душой, даверлівымі адносінамі да жыцця. Такі яго «Хлопчык з сякерай».

«Партрэт хлопчыка» (1820-е гг.)
Карціна неаднаразова вар’іравалась. Палатно, алей. 51 х 40. Набыта ў 1955 г. у прыватным зборы.
У «Партрэце хлопчыка» цудоўна перададзены непасрэдны душэўны рух. У гэтых карцінах В.А. Трапінін выступае як паслядоўнік ідэй сентыменталізму з яго прызывам да «натуральнасці нораваў і паводзін».
Сентыменталізм, які сцвярджаў пазасаслоўную каштоўнасць чалавечай асобы, уважлівы да свету пачуццяў, настрояў, перажыванняў, быў блізкі самой натуры мастака. Трапініна перш за ўсё прываблівае канкрэтны чалавек у прыватным жыцці, у хатняй абстаноўцы.

Партрэт В.І. Яршовай з дачкой (1831 г.)
Палатно, алей. 99,8 х 80,8. Злева пасярэдзіне: В. Трапінінъ. 1831. Набыты ў 1966 г. у прыватным зборы.
Збору Нацыянальнага Мастацкага музея Рэспублікі Беларусь належыць адзін з лепшых твораў В.А. Трапініна – партрэт В.І. Яршовай з дачкой (1831 г.). Адлюстравана Варвара Іванаўна Яршова (1797-1847), народжаная Барышнікава, жонка стацкага саветніка Гаўрылы Пятровіча Яршова (1772-1852), з дачкой Екацярынай Гаўрылаўнай Яршовай (1826-1845) у дзяцінстве.
Як большасць трапінінскіх партрэтаў, ён нескладаны па кампазіцыі: жанчына ў крэсле ласкава абдымае маленькую дзяўчынку, што прыхілілася да яе каленяў. Цудоўна перададзены вельмі натуральны, любячы жэст маці, яе мяккая ўсмешка. Вобраз дзяўчынкі чулліва-пяшчотны, у белай сукенцы з ружовымі бантамі яна нагадвае легкакрылага матылька, гатовага ў любое імгненне ўспырхнуці і паляцець. Пейзаж за акном, – стары парк, асветлены закатным сонцам, – уносіць у карціну пачуццё супакаення, душэўнай гармоніі, якая пануе ў доме. З любоўю выпісаныя дэталі – карункі, тканіны, упрыгожанні, вытанчаная гама карычневых, чорных, цёмна-шэрых, белых, ружовых таноў сведчаць аб вялікім жывапісным майстэрстве В.А. Трапініна.

Партрэт Л.М. Кожынай (1834 г.)
Палатно, алей. 98 х 76,8. Злева на карашку кнігі: В. Трапінінъ. 1834
Многім мадэлям мастака ўласцівы добразычлівасць, душэўная адкрытасць. Гэтымі рысамі адзначаны партрэт Л.М. Кожынай (1834 г.). Адлюстравана Лідзія Мікалаеўна Кожына (1805-1881), народжаная Ўсеволжская, у другім шлюбе Дэ-Жюльвекур.
У партрэце Л.М. Кожынай адлюстраваны душэўны склад жанчыны таго часу – разумнай, начытанай, якая жыве багатым унутраным жыццём. Яна паказана ў крэсле з пісьмом у руцэ. Поза вытанчана-простая, уважлівы позірк накіраваны прама на гледача. Вочы як быццам пытаюць: «Жадаеце ведаць, пра што мне пішуць?» У гэтым жаданні знайсці ў іншым чалавеке субяседніка, падзяліцца з ім патаеннымі думкамі, чуецца водгук «Споведзі» Ж.Ж. Русо, «уладар думак» некалькіх пакаленняў дваранскай інтэлігенцыі.

«Партрэт купчыхі ў сінім павойніку» (1830-е гг.)
Палатно, алей. 101,5 х 79,7. Набыты ў 1963 г. у прыватным зборы.
У 1823 годзе, атрымаўшы «вольную», В.А. Трапінін пасяліўся ў Маскве, якая прываблівала яго сваёй патрыярхальнасцю, спакоем, цішынёй. Гэтая атмасфера як быццам ажывае ў «Партрэце купчыхі ў синім павойніку» (1830-е гг.). У ім адчуваецца нетараплівае цячэнне жыцця купецкага Замаскварэчча, з размераным укладам, векавымі, «дамастроеўскімі» традыцыямі. У адпачываючай позе купчыхі, утульным жэсце рук, – годнасць і спакой сталых гадоў. Трапінін па-майстэрску перадае фактуру аксамітнай сукенкі, тонкі ўзор карунак, сіні шоўк павойніка, мяккае мігценне жамчужных караляў. Купчыха сядзіць каля акна, з якога адкрываецца від на маскоўскі Крэмль. Гэты пейзажны матыў напаўняе карціну паэтычным пачуццём і ўспрымаецца як сімвал старажытнай сталіцы, якая перажыла нашэсце французаў і страшэнны пажар.

«Старая, якая абрэзае сабе ногці» (1840 г.)
Паўтор карціны пад назвай «Старуха, стригущая ногти» 1850 г. знаходзіцца ў ДРМ. Палатно, алей. 83,1 х 69,3. Злева ўнізе: В. Тропининъ
В.А. Трапінін стварыў тып карціны, у якой злучылісь рысы інтымнага партрэта і жанра. «Старая, якая абрэзае сабе ногці» (1840 г.) – адзін з лепшых твораў падобнага роду. Выгляд старой женщины высакародны, значны, авеяны лірычным пачуццём. Жэст вельмі натуральны, пластычна выразны. Рысы твару выпісаны з дзіўнай цеплынёй і пяшчотай (магчыма, мастаку пазіравала жонка – Анна Іванаўна). Карціна напісана ў стрыманай гаме чырвона-карычневых таноў. Гуманізм Трапініна, яго павага да простага чалавека адлюстраваўся ў ёй ярка і пераканаўча.

Жаночы партрэт. Канец 1830 – пач. 1840-х
Палатно на кардоне. 35 х 27,8. Злева пасярэдзіне: В. Тропининъ. Набыты ў 1957 г. У прыватным зборы.

«Бандыт». (Партрэт М.А. (?) Абаленскага) 1840-е гг.
Палатно, алей. 120,6 х 95,7. Набыты ў 1962 г. У прыватным зборы. Вельмі цікавы партрэт кн. Абаленскага ў касцюме італьянскага разбойніка («Бандыт», 1840-е гг.). Магчыма, адлюстраваны князь Міхаіл Андрэевіч Абаленскі (1805-1873), археолаг, пісьменнік, археограф, дырэктар Галоўнага архіва Міністэрства замежных спраў у Маскве (1840-1873). Выдаваў «Зборнікі князя Абаленскага» (1838-1859), у якіх публікаваў старажытнарускія гістарычныя дакументы і помнікі пісьменнасці.
У эпоху Мікалая I тэма маскараду набыла асобае гучанне. У 30-40-е гады 19 стагоддзя балі-маскарады ўвайшлі ў моду і сталі надзвычайна папулярнымі. І гэтаму можна знайсці тлумачэнне. Імператар так дбайна стараўся ператварыць краіну ў велізарную казарму, дзе павінен панаваць строгі парадак, што балі-маскарады былі ледзь не адзіным месцам, дзе чалавек мог ненадоўга вызваліцца ад цеснага мундзіра і даць волю сваім пачуццям.
Кн. Абаленскі апрануты ў касцюм італьянскага разбойніка. Яго поза, палаючы позірк, – эфектна-тэатральны. У гэтым рамантычным вобразе як быццам тіацца прага сапраўднага жыцця з яго бурамі і кіпеннем страсцей. Іх водгук чуецца ў цудоўным чырвоным колеры плашча і пяра на капялюшы. У партрэце як быццам бы жыве мяцежны дух італьянскіх карбанарыеў: Італія ў тыя гады была сімвалам свабоды і рамантычнай мары. Але высакародны разбойнік кн. Абаленскага існуе ў уяўным свеце, ён – рамантычны герой усяго толькі баля-маскарада. У 40-я гады 19 стагоддзя ідэалы рамантызму пацьмянелі, на партрэце ляжыць толькі іх водбліск.

Партрэт М.І. Бэра з жонкай (1850 г.)
Палатно, алей. 242,5 х 153,7. Злева ўнізе: В. Тропининъ. 1850. Набыты ў 1960 г. у прыватным зборы.
Да ліку рэдкіх у творчасці В.А. Трапініна парадных партрэтаў адносіцца партрэт М.І. Бэра з жонкай (1850 г.). Адлюстраваны Мікалай Іванавіч Бэр (1803 – пасля 1854), лекар па ваеннаму ведамству і Міністэрству ўнутраных спраў (1824-1834), ардынатар маскоўскай Марыіінскай бальніцы (1834-1836), стацкі саветнік, з жонкай Надзеяй Міхайлаўнай, народжанай Пратасьевай.
Велічэзны памер, напісаныя ў рост фігуры, эфектны фон з дэкаратыўнай зелянінай, мармуровай скульптурай, вялікай вазай кветак надаюць яму ўрачысты, імпазантны выгляд. Вытанчанае ранішняе ўбранне Надзеі Міхайлаўны Бэр уносіць у карціну інтымную ноту. Дзівосны выраз пяшчотнага клопату на твары Мікалая Іванавіча Бэра. І ў парадным партрэце В.А. Трапінін перш за ўсё з надзвычайным майстэрствам перадае тое глыбокае, сардэчнае пачуццё, якое злучае гэтых людзей.
Павага да чалавека, уменне адкрыць у ім сапраўдную годнасць розуму і сэрца, прыгажосць душы – рысы, якімі вылучаецца цудоўны талент В.А. Трапініна.
Аўтары праекту:
Ідэя – заг. аддзелам рускага мастацтва Рэзнік Т.А.
Тэкст – загадчык сектарам экскурсійнай і лекцыйнай работы НММ РБ Шчарбакова М.А.
Ацыфроўка твораў - Казлоў Д.М.
Аўтар віртуальнай выставы – загадчык сектарам мультымедыйных тэхналогій НММ РБ Яніцкая П.А.
Вярнуцца >>












.jpg)






