Да 165-годдзя Васіля Ўладзіміравіча Пукірэва (1832-1890)

…Прыцемак у царкве. Свечкі ярка асвятляюць толькі жаніха, нявесту і святара, які здзяйсняе абрад шлюбу. Важны стары-службовец бярэ ў жонкі дзяўчыну. Яе бледны, заплаканы твар дзівіць змучаным, пакутніцкім выразам, а пышны вясельны ўбор падаецца жорсткай насмешкай. Шэпчуцца госці, ацэньваючы прыгажосць беспасажніцы. Малады чалавек, які стаіць за ёю, глыбока задумаўся аб жыццёвай драме, якая разыгрываецца перад ім...

Карціна «Няроўны шлюб» была напісана Васілём Пукіравым у 1862 годзе (знаходзіцца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі) і адразу ж заваявала шырокую вядомасць. У ёй гучна заявіла пра сябе новая тэма – сацыяльныя супярэчнасці сучаснай расійскай рэчаіснасці. Узнёслыя выявы антычных і біблейскіх сюжэтаў засталіся удзелам акадэмічнага жывапісу. «Выдатнае ёсць жыццё», сцвярджаў М.Г. Чарнышэўскі ў сваёй вядомай дысертацыі «Эстэтычныя адносіны мастацтва да рэчаіснасці», што стала маніфестам прадстаўнікоў дэмакратычнага кірунку ў выяўленчым мастацтве. На думку Чарнышэўскага, мастак павінен быў не толькі адлюстроўваць рэальнае жыццё, але і выносіць яму свой прысуд.

У «Няроўным шлюбе» праблема бяспраўнага становішча жанчыны-беспасажніцы, якую прымушаюць браць шлюб супраць яе волі, была «выстаўленая» на ўсеагульны агляд. Вялікі памер палатна – фігуры напісаныя амаль у натуральную велічыню – прыцягваў да яго асаблівую ўвагу. Гледачы перад карцінай адчувалі сваё дачыненне да таго, што адбываецца, станавіліся выразнікамі грамадскай думкі. Гэтаму ж спрыяла і жывапісная манера мастака: вельмі старанна, з вялікім майстэрствамвыпісаны твары галоўных удзельнікаў падзеі, атласная тканіна шлюбнай сукенкі, кветкі, карункі, каштоўнасці, рэльефнае шытво парчовай рызы святара.

Карціна «Няроўны шлюб» мае свае легенды і загадкі. Яе задума звязана з рэальнай гісторыяй сябра В. Пукірава – Сяргея Варанцова, які быў закаханы ў Соф’ю Мікалаеўну Рыбнікаву і збіраўся ўзяць шлюб з ёй. Але бацькі выдалі яе за блізкага сваяка Сяргея – багатага купца 1-й гільдыі Андрэя Аляксандравіча Карзінкіна. А адхілены жаніх стаў шаферам на вяселлі каханай дзяўчыны… На эскізе ў вобразе маладога чалавека са скрыжаванымі на на грудзях рукамі, які стаіць за маладой, і быў першапачаткова намаляваны Сяргей Варанцоў. Даведаўшыся пра гэта, ён пакрыўдзіўся на мастака, што той зрабіў яго гісторыю набыткам публікі. І Пукіраў у якасці шафера напісаў сябе самога. Магчыма, матывам паслужыла яшчэ адна драма, якая адбылася ўжо з самім В. Пукіравым. Існуе здагадка, што юную нявесту мастак пісаў з дзяўчыны, у якую быў закаханы, – Праскоўі Варанцовай. У зборы Траццякоўскай галерэі ёсць малюнак алоўкам В.Дз. Сухава, зроблены ў 1907 годзе, на якім напісана: «Прасковья Матвеевна Варенцова, с которой 44 года назад художник В.В. Пукирев написал свою известную картину «Неравный брак».

Госпожа Варенцова живет в Москве, в Мазуринской богадельне». (У гэтай багадзельні, наладжанай купцамі Мазурынымі, дажывалі свай век самотныя жанчыны, якія не мелі сем’і). Праскоўю Варанцову выдалі замуж за старога, а Васіль Пукіраў неўзабаве з’ехаў на некалькі месяцаў за мяжу, каб адысці ад пакутлівых перажыванняў. Абедзве гісторыі адбыліся ў 1861 годзе, а ў 1862 быў створаны «Няроўны шлюб». Тады ж выйшаў указ Сінода аб забароне шлюбу з вялікай розніцай ва ўзросце.

«Няроўны шлюб» стаў самой вядомай карцінай В. Пукірава. 
Мастак паходзіў з тульскіх сялян. Яшчэ хлопчыкам працаваў чаляднікам у іканапісца. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу і разьбярства (1847–1858 гг.) у вядомага педагога С.К. Заранкі. У 1860 годзе атрымаў званне акадэміка. У 1863 годзе за карціну «Няроўны шлюб» Акадэмія мастацтваў надала В.У. Пукіраву званне прафесара «па жывапісу народных сцэн». Упершыню Акадэмія давала такое званне за карціну не гістарычнага, а бытавога жанру.

У экспазыцыі Нацыянальнага мастацкага музея прадстаўлены варыянт-паўтор карціны «Няроўны шлюб», напісаны ў 1875 годзе. Вялікая шчырасць пачуцця, спачуванне да нялёгкай жаночай долі, вера ў магчымасць мастацтва ўплываць на норавы грамадства сталі залогам поспеху і доўгага жыцця знакамітага твора жывапісу.

Выява маладой-беспасажніцы, створаная пэндзлем В. Пукірава, жыве ў нашай памяці разам з гераінямі М. Някрасава, А. Астроўскага, Ф. Дастаеўскага.

Аўтары праекта: 
Тэкст – Заг. сектара лекцыйна-экскурсійнай работы аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ М.А. Шчарбакова
Ілюстрацыйны ряд (ацыфроўка твораў) – Д.М. Казлоў

Размяшчэнне на сайце - Заг. сектара мультымедыйных тэхналогій аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ П.А. Яніцкая

Вярнуцца >>