Да 165-годдзя Васілія Дзмітрыевіча Паленава (1844–1927) Да 165-годдзя Васілія Дзмітрыевіча Паленава (1844–1927)
Васілію Дзмітрыевічу Паленаву пашчасціла нарадзіцца ў выдатным сямействе: яго бабуляй па маці была Вера Мікалаеўна Львова – дачка вядомага архітэктара і літаратара XVIII стагоддзя Мікалая Аляксандравіча Львова і Марыі Аляксееўны Дзьякавай. Бацька – Дзмітрый Васільевіч – знаўца класічнага мастацтва, бібліёграф і археолаг, у маладосці ў якасці сакратара рускага пасольства чатыры гады правёў у Грэцыі, займаючыся раскопкамі. Маці – Марыя Аляксееўна – пісьменніца, таленавітая партрэтыстка, вучылася ў Карла Брулова. (Дзіцячыя гады В. Паленава апісаны ёю ў кнізе «Лета ў Царскім Сяле», ілюстрацыі да якой яна рабіла сама). Для сям’і Паленавых блізкім чалавекам быў Ф.В. Чыжоў – сябра Аляксандра Іванава і Мікалая Васільевіча Гогаля. Маленькі Паленаў прагна ўспрымаў апавяданні Чыжова пра карціну «З’яўленне Хрыста народу», што стваралася ў Рыме: Іванаў стаў для яго ідэалам мастака. Духоўная атмасфера інтэлігентнай пецярбургскай сям’і спрыяла развіццю творчых здольнасцей дзяцей: прафесійнай мастачкай стала ў далейшым і малодшая сястра Васілія Дзмітрыевіча Алена.
Сур’ёзна займацца жывапісам Паленаў пачаў з 12 гадоў. Адным з першых яго настаўнікаў быў П.П. Чысцякоў. У 1866 годзе Паленаў быў прыняты ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў (вучыўся ў прафесараў П.В. Басіна, Ф.А. Бруні, Ц.А. Нефа) і адначасова на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. У 1872 годзе, скончыўшы абедзве навучальныя ўстановы (Акадэмію мастацтваў – з Вялікім залатым медалём), Паленаў адправіўся ў пенсіянерскую паездку па Еўропе: наведаў Аўстрыю, Германію, Швейцарыю, Італію. Ён шмат працаваў, шукаў сябе, сваю тэму. Жывучы ў Францыі (з 1873 па 1876 гады), пачаў пісаць адразу некалькі карцін: «Блудны сын», «Дэман і Тамара», «Пасяджэнне Інтэрнацыяналу».
У 1875 годзе ў Парыжы праходзіла пасмяротная выстаўка знакамітага іспанскага мастака Марыяна Фартуні – яркага прадстаўніка салонна-акадэмічнага рамантызму другой паловы XIX стагоддзя. Яго карціны, што адлюстроўваюць іспанак, мараканцаў, адалісак, спакуслівыя сцэны ў гарэме, адрозніваліся, па словах Іллі Рэпіна, які таксама жыў тады ў Парыжы, «недасягальнай вытанчанасцю і пачуццём форм», прыгажосцю каларыту і жывапіснай фактуры. Паленаў параўноўваў Фартуні з «зіготкім метэорам на фоне звычайных зорак». Магчыма, пад уплывам творчасці «дзіўнага іспанца» Паленаў у тым жа 1875 годзе напісаў сваю «Адаліску».
(У Нацыянальным мастацкім музеі захоўваюцца восем жывапісных твораў Паленава. Чатыры карціны – сярод іх «Адаліска» – прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі).

…Млявым поглядам глядзіць на нас адаліска – жыхарка гарэма, якая ляжыць на падушках з трубкай кальяна ў руцэ. Ззяе белізной скура рук і грудзі, мігацяць каштоўныя тканіны і залатыя манеты галаўнога ўбору, завушніц, каралі. Мудрагелісты ўзор кальяна рытмічна працягваецца ў малюнку раскошнага дывана, на якім з гультаяватай грацыяй ляжыць адаліска. Каляровая гама карціны пабудавана на гарманічным спалучэнні чырвоных, залацістых, сініх, зялёных тонаў. Выразная святлоценявая лепка формы, «пачуццёвасць» самой жывапіснай фактуры адрозніваюць створаны мастаком вобраз спакуслівай усходняй прыгажуні, якая паўстае перад намі як бачнае ўвасабленне таямнічага, загадкава-прывабнага Усходу.
У 1876 годзе Паленаў добраахвотнікам пайшоў на сербска-турэцкую вайну, за ўдзел у баях быў узнагароджаны чарнагорскім медалём «За адвагу» і сербскім залатым крыжом. Вярнуўшыся ў Расію ў 1877 годзе, пасяліўся ў Маскве (у тым жа годзе атрымаў званне акадэміка). Створаныя тут у 1878–1879 гг. карціны «Маскоўскі дворык», «Бабулін сад», «Зарослая сажалка» (знаходзяцца ў Траццякоўскай галерэі) прынеслі Паленаву шырокую вядомасць.
У 80-я гады мастак звярнуўся да тэмы, якая хвалявала яго са студэнцкіх гадоў. Убачыўшы ў Пецярбургу прывезеную з Рыма карціну Аляксандра Іванава «З’яўленне Хрыста народу», Паленаў быў узрушаны. «…Яму прыйшла ў галаву дзёрзкая мара з’явіцца прадаўжальнікам Іванава і стварыць Хрыста…які ўжо прыйшоў у свет і здзяйсняў свой шлях сярод народа», – распавядаў мастак Ілля Астравухаў. Развіццю задумы спрыялі падзеі, што адбываліся ў Расіі ў канцы XIX стагоддзя.
Пасля забойства нарадавольцамі імператара Аляксандра II у сакавіку 1881 года грамадства перажывала глыбокі духоўны крызіс. Чаканне хуткай рэвалюцыі змянілася захапленнем часткі інтэлігенцыі хрысціянскай этыкай, імкненнем павярнуць людзей на шлях самаўдасканалення. З пропаведдзю «непраціўленне злу насіллем», з заклікам да міласэрнасці выступіў Леў Мікалаевіч Талстой.
Рашэнне маральна-этычных праблем Талстой шукаў у Евангеллі, лічачы, што менавіта евангельскія ісціны могуць дапамагчы маральнаму абнаўленню грамадства. Паленаў цалкам падзяляў погляды Талстога: пад іх уплывам была напісана карціна, якая паклала пачатак цыклу «З жыцця Хрыста» – «Хрыстос і грэшніца» (1887 г., знаходзіцца ў Дзяржаўным Рускім музеі Санкт-Пецярбурга).
«…Цяжкая задача перад мной – непасільная, – пісаў Паленаў, – але я не ў стане ад яе адмовіцца, занадта я захоплены веліччу гэтага чалавека і прыгажосцю апавядання пра яго…». Мастака прыцягваў «…жывы вобраз Хрыста, якім ён быў у рэчаіснасці…».
Хрыстос – настаўнік, філосаф, мудрэц – быў для Паленава перш за ўсё ідэальным чалавекам, чыё жыццё можа служыць прыкладам для іншых людзей. Цыкл «З жыцця Хрыста», у які ўвайшлі 64 карціны, ствараўся 15 гадоў.
Каб адчуць «жывое дыханне» Бібліі, увачавідкі ўбачыць краіны, дзе адбываліся біблейскія падзеі, Паленаў у 1881–82 гг. адправіўся ў Сірыю, Егіпет, Палесціну. У 1899 годзе ён здзейсніў яшчэ адно падарожжа на Усход: праз Канстанцінопаль – у Іерусалім, Назарэт, Тыверыяду.

Карціна «Хрыстос на Тыверыядскім (Генісарэцкім) возеры» была напісана ў 1888 годзе (яна неаднаразова вар’іравалася і паўтаралася. У экспазіцыі музея прадстаўлены варыянт 1888–90-х гг.). Эцюды з натуры, зробленыя падчас вандраванняў, якія захоўваюць сілу і свежасць фарбаў Усходу, дазволілі мастаку надаць евангельскаму матыву жывапісную «плоць», стварыць адчуванне рэальнасці.
…Гарачы дзень. У блакітнай вадзе возера адлюстроўваюцца залаціста-ружовыя горы ў марыве гарачага паветра. Па сцяжынцы ўздоўж берага ідзе Хрыстос, пагружаны ў глыбокі роздум. Яго задуменна-спакойны стан і велічны спакой прыроды сугучныя адзін аднаму, вызначаючы эмацыянальны лад карціны. Першы план выпісаны з «дакументальнай» дакладнасцю: невялікія шчыльныя мазкі насычаных чыстых колераў – зялёных, шэрых, ліловых, карычневых – кладуцца на палатно падобна мазаіцы, «ствараючы» камяні, ваду, што іх амывае, траву. Колеравыя суадносіны другога плана распрацаваны больш тонка: паветраная смуга, якая ахінае гары, саткана з найтанчэйшых адценняў ружовага, бэзавага, блакітнага, зялёнага. Постаць Хрыста, аб’ядноўваючы абодва планы, надае кампазіцыі завершанасць. Ствараючы вобраз Хрыста-вандроўніка, «адасобленага філосафа», і тым самым быццам супрацьпастаўляючы актыўнаму дзеянню, барацьбе зямнога, чалавечага запалу прыгажосць духоўнай дасканаласці, мастак падахвочвае гледача разважаць пра сваё месца ў жыцці, свой шлях.

Тэма гарманічнага зліцця чалавека і прыроды знаходзіць наступнае развіццё ў «Хрыстосе, які сядзіць» (1893–96 гг.) (у экспазіцыі прадстаўлены эцюд да карціны «Мары. На гары» 1894 г., якая знаходзіцца ў Саратаўскім дзяржаўным музеі імя А.М. Радзішчава. Карціна «Мары» цыкла «З жыцця Хрыста» 1890–1900-х гг. неаднаразова паўтаралася мастаком).
…Пустынны пейзаж, абрысы далёкіх узгоркаў, што таюць у паветры. Блакітныя ранішнія цені ляжаць ля ног Хрыста, які сядзіць на камяністай зямлі. Прырода ахінае яго сваім супакоем і цішынёй, прыводзячы ў стан летуценнай задуменнасці. Мяккае святло і паветра, прыглушаючы фарбы, нібы лёгкім празрыстым покрывам ахутваюць фігуру Хрыста, надаючы вобразу адухоўленасць, паэтычнасць. Дэталі, напісаныя вольным шырокім пэндзлем – рука, што трымае посах, шчыльная тканіна цёмна-карычневага плашча, грубы скураны абутак, – робяць малюнак пераканаўча «пэўным». Акцэнтуючы ў вобразе Хрыста чалавечы пачатак, мастак далучае гледача ў кола разважанняў пра глыбінны сэнс быцця.

Карціна «Прывялі дзяцей» (1890–1900-я гг., з цыкла «З жыцця Хрыста». Варыянт аднайменнай карціны, якая знаходзіцца ў Куйбышаўскім абласным мастацкім музеі) носіць жанравы характар.
…Поўдзень, што апальвае спёкай. Хрыстос сядзіць ля сцяны дома, ласкава дакранаецца рукой да галавы дзіцяці, які стаіць перад ім. Дарослыя здалёк з замілаваннем назіраюць за імі. Жанчына, намаляваная на першым плане, вядзе да Хрыста яшчэ адно дзіця. Вакол Хрыста – сэнсавага цэнтра кампазіцыі – плаўны лінейны рытм аб’ядноўвае ўсіх удзельнікаў падзеі ў пластычныя выразныя групы. Выдатна перададзена ў карціне сонечнае святло: асляпляльная белізна сцяны падкрэслена выразным узорам ценю, які падае на яе. Сцэна, быццам убачаная мастаком у рэальным жыцці, выклікае ў памяці радкі з Евангелля: «…Калі не будзеце, як дзеці, не ўвойдзеце ў Царства Нябеснае…».
Паленаў – вялікі майстар пейзажу. Да гэтага жанру ён звяртаўся яшчэ падчас свайго жыцця ў Францыі, з захапленнем пісаў эцюды на адкрытым паветры ў маленькім прыморскім мястэчку Вёль у Нармандыі. Пленэрны жывапіс адкрываў перад мастаком новыя магчымасці, дазваляючы перадаць свежае, непасрэднае ўспрыманне натуры, захаваць чысціню і ззянне фарбаў. Пазней, у 90-я гады, пейзажы Паленава сталі набываць эпічны характар.

Прадстаўлены ў экспазіцыі «Пейзаж з рэчкай» (1890-я гг.) прыцягвае прастатой матыву, шчырасцю пачуцця, вытанчанасцю тэхнікі. Жаданне захаваць найбольш характэрныя рысы прыроды сярэдняй паласы Расіі вызначыла кампазіцыйнае рашэнне карціны. Прастора шырока «распасціраецца» перад гледачом, адкрываючы позірку аблокі, якія няспешна плывуць у небе, серабрыстую стужку ракі з зарослымі берагамі, зялёныя лугі, пагорыстае ўзвышша з ўзаранымі палоскамі зямлі і малюсенькімі зорачкамі ветракоў. Невялікае па памеры палатно поўнае адчування велічы роднай прыроды, бязмежнасці яе прастораў. У каляровай гаме тонка падабраны адценні зялёнага, блакітнага, пясочнага, белага тонаў.

У 1892 годзе Паленаў пасяліўся каля Тарусы ў сядзібе «Барок» (цяпер – Дзяржаўны музей-сядзіба Паленава), пабудаваўшы там па ўласным праекце дом і вялікую майстэрню.
Сам характар прыроды – пагорыстыя берагі Акі, яе спакойная, плаўная плынь, неабдымныя заокскія далячыні – у пейзажах Паленава спрыяў развіццю эпічнага пачатку. У карціне 1918 года «Разліў на Ацэ» (аднайменны варыянт знаходзіцца ў прыватным зборы ў Маскве), від, які адкрываецца са стромкага берага Акі, захоплівае сваёй урачыстай эмацыянальнай пабудовай. Высокі пункт гледжання дазваляе арганізаваць прастору стройным гарманічным лінейным рытмам, які пераде адчуванне моцнага, вольнага дыхання шырока разлітай ракі. Як заключныя акорды створанай мастаком маляўнічай «сімфоніі», гучаць стрыманыя, спакойныя колеры – шэры, зялёны, сіні.


Два невялікія пейзажы «Сажалка з купальняй» (канец 1880-х гг.) і «Хвоі» (1910–1920-я гг.) носяць характар жывапісных «чарнавікоў».
В.Дз. Паленаў валодаў рэдкім педагагічным дарам. З 1882 па 1895 гг. ён выкладаў у маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства – у класах пейзажа і нацюрморта. Яго майстэрня карысталася велізарнай папулярнасцю ў маладых мастакоў, а на акварэльныя вечары, якія Паленаў арганізоўваў у сваім доме, прыходзілі браты Васняцовы, Сурыкаў, Сяроў, Урубель. Самыя вядомыя вучні Паленава – І. Левітан, К. Каровін, А. Галавін, А. Архіпаў. У 1892 годзе мастак атрымаў званне прафесара, а ў 1926 –У.Дз. Паленаву першым з майстроў рускага жывапісу было прысвоена званне народнага мастака РСФСР.
«…Мне здаецца, што мастацтва павінна даваць шчасце і радасць, інакш яно нічога не варта. У жыцці так многа пошласці і бруду, што калі мастацтва цябе будзе запар абдаваць жахамі і ліхадзействамі, то ўжо жыць стане занадта цяжка». Гэтыя словы Паленава актуальныя і сёння. Будзем жа ўдзячныя мастаку за яго душэўную шчодрасць, за тую радасць, якую дораць нам яго карціны.
Аўтары праекта:
Тэкст – Заг. сектара лекцыйна-экскурсійнай работы аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ М.А. Шчарбакова
Ілюстрацыйны ряд (ацыфроўка твораў) – Д.М. Казлоў
Размяшчэнне на сайце - Заг. сектара мультымедыйных тэхналогій аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ П.А. Яніцкая
Аўтары праекта выказваюць асаблівую падзяку:
Захавальніку фонда, вядучыму навуковаму супрацоўніку А.Д. Шапашнікавай, супрацоўнікам тэхнічнай службы, за дапамогу ў арганізацыі выстаўкі.
Вярнуцца >>












.jpg)






