Гісторыя аднаго твора. С.С. Шчукін «Партрэт Паўла I» 1798 г. Гісторыя аднаго твора. С.С. Шчукін «Партрэт Паўла I» 1798 г.

Гісторыя аднаго твора. С.С. Шчукін «Партрэт Паўла I» 1798 г.

 Памер палатна: 137,8 х97

На адвароце: на падрамніку рэшткі двух сініх налепак з зубцамі з паўсцёртым тэкстам: …общество…ж дя …клада…муз;  му…въ. 

Праца набыта ў 1956 г. у калекцыянера В.Д. Фралова

 

У экспазіцыі рускага мастацтва, у так званай «Малінавай» зале, ёсць партрэт адной імператарскай асобы, які асабліва прыцягвае позіркі наведвальнікаў ...

Фанабэрысты позірк, кірпаты нос, на кончык якога, здаецца, насунута трохвуголка. Такім паўстае перад намі самадзержац усерасійскі – імператар Павел І, сын Пятра III і Кацярыны II Вялікай, чый манументальны вобраз прадстаўлены ў экспазіцыі музея побач з партрэтам Паўла.

Задуманы як каранацыйны, гэты партрэт Паўла І па сваім характары такі арыгінальны, і рашэнне яго такое нечаканае, што твор у цэлым значна выдзяляецца з шэрага імператарскіх парадных вобразаў.

Аўтар гэтага партрэта – Сцяпан Сямёнавіч Шчукін (25.12.1762–10.10.1828) – сын «арміі сяржанта», у маі 1765 г. пачаў вучыцца жывапісу ў Маскоўскім выхаваўчым доме. З 1776 г. ён быў залічаны ў Акадэмію мастацтваў пад кіраўніцтвам Г.І. Казлова, П.І. Сакалова і І.А. Акімава. Аднак асноўным яго педагогам быў Д.Р. Лявіцкі, паколькі малады мастак абраў для сябе спецыяльнасць партрэтыста. Атрымаўшы вялікі залаты медаль і званне мастака, у 1782 г. ён быў удастоены права на замежнае пенсіянерства і адправіўся ў Францыю. У Парыжы С. Шчукін браў урокі ў гістарычнага жывапісца Ж.-Б. Сюве, карыстаўся парадамі А. Росліна. Па вяртанні ў Расію ў канцы 1786 г. за партрэт ад’юнкт-рэктара Акадэміі мастацтваў, архітэктара Ю.М. Фельтэна ён стаў «прызначаным» у акадэмікі, а ў 1788 г. заняў месца Лявіцкага ў кіраўніцтве партрэтным класам. У 1798–1803 гг. кіраваў таксама спецыяльным класам мініяцюрнага жывапісу, які затым ўвайшоў у склад партрэтнага. У 1797 г. менавіта за парадны «Партрэт Паўла I» (Дзяржаўны Рускі музей) Сцяпан Шчукін становіцца акадэмікам, а ў 1802 г. – саветнікам Акадэміі. Знайшоўшы аднойчы свой погляд і сваю манеру пісьма, мастак ніколі не змяняў ім.

Мабыць, партрэт Паўла I – гэта самы вядомы твор жывапісца Сцяпана Сямёнавіча Шчукіна. За яго, як ужо было сказана, мастак быў удастоены звання акадэміка жывапісу, некалькі варыянтаў гэтага партрэта Шчукін напісаў пасля 1797 г. Дарэчы, карціна са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – адна з такіх аўтарскіх паўтораў.

Гісторыя стварэння партрэта Паўла I такая: 6 лістапада 1796 г. завяршылася цараванне Кацярыны II. На наступны дзень усе служачыя Акадэміі былі прыведзены да прысягі «на вернасць» новаму імператару, а 5 красавіка 1797 г. (18 красавіка па новым стылі), у Светлы панядзелак, Павел Пятровіч быў каранаваны на цараванне. Некаторыя з тых, хто прысягнуў, затым прынялі ўдзел у панурым і шматзначным жалобным шэсці. Атрымліваецца, што партрэт імператара быў створаны ў перыяд жалобы з прычыны смерці Кацярыны II (па праўдзе сказаць, да сваёй маці Павел адносіўся халаднавата і, прыняўшы стырно ўлады, нібы спрабаваў перакрэсліць сваімі дзеяннямі ўсе 34 гады яе ўладарання).

Тады ж з надзвычайнай паспешнасцю пачалося ўзвядзенне новай рэзідэнцыі – будучага Міхайлаўскага замка. Для аздаблення палацавых залаў і для належнага афармлення службовых месцаў спатрэбіўся парадны партрэт новага імператара. Заказ на парадную выяву быў дадзены мастаку Сцяпану Сямёнавічу Шчукіну.

Павел «пажадаў мець свой партрэт, які павінен быць зробленым завочна». Спачатку быў знойдзены нейкі французскі партрэтыст, які пагадзіўся выканаць працу, запатрабаваўшы «вельмі вялікую суму». Калі аб ўмове замежнага майстра паведамілі Паўлу, ён гнеўна запытаў: «Няўжо ў нас няма свайго жывапісца! Навошта ж існуе Акадэмія?». Запэўніўшы, што падобны мастак ёсць, неадкладна быў замоўлены партрэт Шчукіну. У папярэднім эскізе работа павінна была быць прадстаўлена на разгляд і зацвярджэнне імператара.

На самой справе Шчукін зрабіў не адзін, а два эскізы: на адным з іх Павел быў адлюстраваны верхам “едущим осматривать артиллерию”, на другім – проста стаяў з кіем у руцэ. Імператар выбраў апошні «арыгінальны праект», які захоўваецца зараз у Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі.

Пасля зацвярджэння эскіза Шчукін прыступіў да працы, па заканчэнні якой партрэт быў адпраўлены з Акадэміі венцаноснаму заказчыку, і ў дзень імянін Паўла паказаны ў палацы. Павел застаўся вельмі задаволены і, гледзячы на сваё адлюстраванне, усклікнуў: ... “Малайчына!” ... неадкладна пажадаў бачыць Шчукіна, дараваў яму ордэн Уладзіміра 4-й ступені і 6 000 рублёў і дазволіў рабіць спісы са свайго партрэта толькі па дазволу на тое Шчукіна ... Гэтая гісторыя, са слоў самога мастака, была грунтоўна пададзена ва ўспамінах яго вучня Ф.Р. Сонцава.

Праца зроблена насуперак канону, які склаўся ў парадных партрэтах. Яна цалкам пазбаўлена атрыбутаў імператарскай улады: няма ні кароны, ні скіпетра, ні накінутай на плечы гарнастаевай мантыі, што абавязкова прысутнічалі ў іншых падобнага роду творах. Павел паўстае на нейтральным «асфальтавым» цёмным фоне, які нібы ставіць постаць імператара наперад, нават без «гаворачых дэталяў» яго пазнае кожны, хто гляне на гэты партрэт. Адзеты ў форму палкоўніка Праабражэнскага палка, ён абапіраецца на занадта далёка адстаўлены кій.

Ён не ўзвышаецца над гледачом, падобна сваім папярэднікам, а нібы ўдастойвае асабістай аўдыенцыі; малады манарх, поўны жаданняў самасцвярдзіцца на толькі што здабытым троне, які жадае здзяйсненняў і перамог.

Жывапісец не пазбаўлены сімпатыі да гэтага неардынарнага чалавека і яго далёка не класічных рысах твару («Добры для партрэта» – іранічна паджартоўваў над сваёй знешнасцю Павел I), але разам з тым адзначыў і яго своеасаблівую браваду, і няўпэўненасць, якая адзначыць у далейшым многія дзеянні Паўла-імператара і звядзе на нішто многія яго добрыя пачынанні ...

 Аўтары праекта:

Тэкст – старшы навуковы супрацоўнік Мішакова Ю.А.

Ацыфроўка твора – Казлоў Д.М.

Размяшчэнне на сайце – заг. сектара мультымедыйных тэхналогій Яніцкая П.А.

Вярнуцца >>