Натан Майсеевіч Воранаў Натан Майсеевіч Воранаў
Натан Майсеевіч Воранаў (1916-1987)
У 2006 годзе споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Натана Майсеевіча Воранава, беларускага савецкага мастака, педагога, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі (1966).
Натан Майсеевіч Воранаў нарадзіўся 19.5.1916 года ў горадзе Магілёве ў сям'і мастака. Скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум (1935), Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна ў Ленінградзе (1948). Мастак працаваў у вобласці гістарычнай карціны, лірычнага і індустрыяльнага краявіду, партрэта, нацюрморта. Для творчасці Натана Воранава характэрны аптымізм, эмацыянальнасць, уменне знайсці адпаведнае маляўнічае рашэнне той або іншай тэмы. На выставе гледачы могуць пазнаёміцца з творамі розных жанраў, якія створаны майстрам на працягу ўсяго творчага шляху.

У цені. 1939 г.
"У цені" – ранняя праца Натана Майсеевіча Воранава, напісаная ім падчас вучобы ў Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна. Палатно насычанае святлом, паветрам, дыхае супакоенасцю. Стан летуценнай сузіральнасці партрэтаванай падкрэсліваецца гармоніяй ружовых, ліловых і зялёных тонаў. Гледзячы на карціну, узнікае ўражанне спякоты летняга паўдня, які напоен водарам кветак і лісця. Мастак падкрэслівае гармонію навакольнага свету і чалавека, сугучча настрою жанчыны стану прыроды.

Аўтапартрэт з дачкой. 1956 г.
Натан Майсеевіч Воранаў шмат працаваў над партрэтамі, кожны з іх – гэта зварот да чалавека, роздум аб яго жыцці і часе. "Аўтапартрэт з дачкой" 1956 года – расказ мастака аб самім сабе. Майстар не здавольваецца дакладным адлюстраваннем знешняга аблічча, галоўнае для яго – гэтае стварэнне мастацкай выявы. У абліччы дзяўчынкі непасрэднасць злучаецца з нядзіцячай сур'ёзнасцю, захопленасцю працай жывапісца. Сам Натан Воранаў выступае ў гэтым творы не толькі як мастак, але і як бацька, як бы аб'ядноўваючы дзве важныя складальныя свайго жыцця – сям'ю і творчасць.

Дарога на авіязавод. 1958 г.
У працах Натана Майсеевіча Воранава часта выступаюць на першы погляд непрыкметныя, але важныя рысы сучаснай яму эпохі, якія дапаўняюць шматграннае аблічча рэчаіснасці. Гэтакае палатно "Дарога на авіязавод", напісанае ў 1958 годзе. Яно ўяўляе сабою своеасаблівы сінтэз індустрыяльнага краявіду і эмацыйна, па-майстэрску намаляванай прыроды. Зварот мастака да дадзенай тэмы натуральна для савецкага мастацтва гэтага часу. Тым не менш, Натану Воранаву атрымалася пазбегнуць штампаў і стварыць таленавіты і ўражлівы твор.

Мінск. Плошча "Перамогі". 1964 г.
"Калі мастака не ўсхвалявала па-сапраўднаму тое, што ён імкнецца паказаць, яго мастацтва не будзе хваляваць іншых" – гэтыя словы можна лічыць творчым крэда Натана Воранава, якое, безумоўна, ставіцца да твораў жывапісца, прысвечаным ваеннай тэматыцы. У карціне "Мінск. Плошча "Перамогі" 1964 года, мастак, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, не распавядае аб асобных бітвах, подзвігах, героях. Перад намі восеньскі мірны горад, на фоне якога выразны сілуэт абеліска Перамогі вырастае як знак памяці аб вайне і павагі сучаснага чалавека да яе ахвяр.

Адчыненае акно. Вясна прыйшла. 1978 г.
Вясновыя матывы Натана Майсеевіча Воранава цікавыя тым, што ў іх выразна перададзеныя ледзь улоўныя змены ў прыродзе, яе паэтычнасць і музычнасць. Так, у працы "Адчыненае акно. Вясна прыйшла" 1978 года астаткі сера-белага снега, блакітнае неба, яшчэ не пакрытыя зелянінай галіны дрэў кантрастуюць з паўцёмным пакоем і ствараюць адмысловае, светлае і радаснае, настрой. Мазок мастака шырокі і энергічны, каларыт – яркі, шматколерны – стварае прыемную для вачэй танальнасць. Выява ранняй вясны, доўгачаканай і жаданай, створаны Натанам Воранавым з асобай душэўнасцю і майстэрствам.
Аўтары праекту:
Тэкст – малодшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела сучаснага беларускага мастацтва НММ РБ – Ю.С. Бузенак;
Ілюстрацыйны рад (ацічфроўка твораў) – Д.М. Казлоў;
Размяшчэнне на сайце – заг. сектарам мультымедыйных тэхналогій НММ РБ П.А. Яніцкая.
Вярнуцца >>












.jpg)






