Настальгія па зіме. Сем зімовых пейзажаў Абрама Кроля
Віртуальная выстава

Абрам Іосіфавіч Кроль (1913-1990) прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі 64 жывапіснымі  творамі. Ураджэнец Койданава з сям'і рабочага, 15-гадовым падлеткам ён паступіў у Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе  вучыўся да пераезду ў Мінск у 1932 годзе. Вучань Льва Лейтмана і Фёдара Фогта Кроль пасля заканчэння тэхнікума трапіў у разрад «узорных жывапісцаў сацрэалізму». Зараз цяжка ўявіць, але яму, 19-гадоваму маладому мастаку, размеркаванаму  ў «Белвыдат», даверылі афармленне экспазіцый Музея рэвалюцыі, Дома першага з'езда РСДРП, Музея працы.  У 1930-я гады ён  афармляў  калоны рэвалюцыйных святаў і фізкультурных парадаў.

Аўтапартрэт. Эцюд. 1950-я. 32х25

У гады вайны мастак быў прызваны ў дзеючую армію і дайшоў да Берліна карыкатурыстам і фотакарэспандэнтам (з фотаапаратам «Лейка») франтавой газеты, атрымаў два баявыя медалі «За адвагу» і «За баявыя заслугі».  У знак  памяці пра   сям'ю, якая  загінула ў мінскім гета, Абрам Іосіфавіч стварыў серыю твораў, прысвечаных  гета і перададзеных у 1990-я гады яго сям'ёй у музеі Ізраіля. З 1940-х гадоў Кроль працаваў галоўным мастаком Музея Вялікай Айчыннай вайны, быў аўтарам першай экспазіцыі музея, у 1970-я гады – намеснікам  дырэктара  музея  па  мастацкай  частцы.

У яго творчай біяграфіі нямала карцін на тэму вайны («Баявое заданне», «Мінскі кацёл»  і інш.), а таксама заказных тэматычных карцін на гісторыка-рэвалюцыйную тэму: «Абвяшчэнне Савецкай улады ў Беларусі» (1948), «Пасля Курлоўскага расстрэлу» (1957), «Перад вобыскам» (1958), «Вырашальны дзень» (1966-1967), «Нараджэнне рэспублікі» (1968). Але лепшыя  яго творы напісаны не на заказ, а па загадзе душы ўжо ў мірны пасляваенны час,  у 1960-я гады.

 Кроль меў незвычайныя здольнасці да тэматычнай карціны. Мастацкая адукацыя  – 4 гады вучобы ў Віцебску і двухгадовыя курсы перападрыхтоўкі ў Мінску – дазволіла яму ўпэўнена пісаць шматфігурныя творы, будаваць іх кампазіцыю  і  прастору.

У пейзажным жывапісе ён, верагодна, знаходзіў супакаенне і гармонію, у прыродзе родных мясцін чэрпаў натхненне і мог праявіць сябе не толькі як тонкі пранікнёны лірык, які апяваў прыроду, але і жывапісец-эксперыментатар. Ён упэўнена працуе мастыхінам, ствараючы мяккія каляровыя і ахраматычныя расцяжкі, актыўна выкарыстоўваў паасобны мазок. Кроль аддаваў перавагу зімоваму пейзажу, добра адчуваў танальнасць беларускай зімы з яе шэрымі днямі, змрочным небам і вялікімі гурбамі снегу, якія ў яго вырашаны тонкай тонавай нюансіроўкай. «Ён добра засвоіў урок свайго настаўніка Льва Лейтмана: «...Галоўнае ў нашай працы – уменне бачыць».

Зіма ў яго адлюстравана і ў святочным варыянце, з сонечнымі днямі і іскрыстымі ў інеі дрэвамі, і будзённа, у гарадской прасторы з гурбамі і адлігамі,  звычайным   паўсядзённым  жыццём  гараджаніна.

Зімой працаваць з натуры фізічна нялёгка, але Кроль, як успамінаюць сучаснікі, любіў гэтыя далёкія зімовыя пленэрныя вылазкі. «Абраму Іосіфавічу заўсёды добра пісалася зімой, калі прырода ціхая, формы і лініі лаканічныя, абагульненыя і толькі тонавыя нюансы  выдаюць дыханне жыцця», - пісаў даследчык яго творчасці Алег Сурскі ў 1986 годзе. У  яго зімовых пейзажах ёсць усе прыкметы «суровага стылю», які панаваў тады, з лаканізмам і манументальнасцю, стрыманасцю каларыстычнай  гамы. Ёсць непазбежная сюжэтная лінія – лыжнікі на прабежках, спартыўныя спаборніцтвы, ёсць і манументальныя эпічныя пейзажы, створаныя пад уплывам Сяргея Герасімава, Віталя Цвіркі, Георгія Ніскага. Але ёсць серыя пейзажаў, у якіх бачыцца ўласны почырк Абрама Кроля. Гэта лірычныя пейзажы «Іней» (1960), «Белая цішыня» (1962), «Раніца» (1963), «Беларускі прастор», «Шаша» (1967), «Новы Мінск» (1969). Амаль у кожным з іх – неабсяжная прастора, матыў дарогі або шашы, што бяжыць удалечыню, бязмежных белых палёў і  хат у снезе. У кожным з іх - вобраз яго Радзімы, якую ён пяшчотна любіў.

Беларускі прастор. 1967. 125х204

Сакавік. 1967. 119х127

Лыжная траса. 1970-1971. 115х140

К вясне. 1979. 80 х95

Купалаўская таполя. 1961. 71х89

Зіма. 1965. 50х70

Зіма. Растае. ДВП.50х70

 

Вярнуцца >>