Віртуальная выстаўка Віртуальная выстаўка
Маці Божая Адзігітрыя Смаленская з Дубянца XVI ст.
Гісторыя аднаго твора
Радуйся, огнь Божественный, Христа неопально на руку Своею держащая и нас, хладных, тем воспламеняющая.
Ікас 5, акафіст на свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы
У зборы
Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзіцца адзін з
нешматлікіх беларускіх абразоў XVI стагоддзя, якія захаваліся да нашых дзён –
Маці Божая Адзігітрыя Смаленская з Дубянца. Гэты твор прадстаўлены ў пастаяннай
экспазіцыі старажытнабеларускага мастацтва, бо з’яўляецца ўнікальным помнікам
выяўленчага мастацтва і духоўнай культуры беларускага народа.
Абраз быў выяўлены 3-й Навуковай экспедыцыяй супрацоўнікаў Дзяржаўнага мастацкага музея БССР пад кіраўніцтвам А.В. Аладавай [1; с. 7] у царкве Нараджэння Найсвятой Багародзіцы в. Дубянец Столінскага р-на Брэсцкай вобласці ў 1958 годзе [1; с. 41], але толькі ў 1977 годзе (32-я навуковая экспедыцыя) [2; с. 26] абраз паступае ў збор музея.
Гісторыя іканаграфічнага тыпу «Адзігітрыя» ўзыходзіць да часоў Вялікай Візантыі, якая зацвердзіла хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй і ўзяла на сябе місіянерскую ношу асветніцтва хрысціянскім вучэннем славянскіх земляў. Паводле царкоўнага падання, евангелістам Лукой былі напісаны некалькі абразоў Маці Божай. Сёння яго аўтарству прыпісваюць Уладзімірскі, Чэнстахоўскі і Смаленскі абразы. Існуюць розныя тлумачэнні таго, як гэтыя старажытныя абразы прыйшлі на славянскія землі, але вядома, што ў Смаленск адзін з абразоў быў перанесены князем Уладзімірам Манамахам, які ў 1101 годзе заклаў у Смаленску храм Успення Прасвятой Багародзіцы. У ім і стаў знаходзіцца візантыйскі абраз. Абраз, што праславіўся шматлікімі цудамі, сярод якіх і выратаванне горада ад ворагаў, стаў называцца Смаленскім і, умацоўваючы народ у веры хрысціянскай, разляцеўся шматлікімі спісамі па храмах і кляштарах. Адзін з такіх спісаў XVI стагоддзя і знаходзіўся ў царкве Нараджэння Найсвятой Багародзіцы Дубянца.
Пра сам храм
вядома няшмат. Так, напрыклад, зямля, на якой ён стаіць, некалі належала роду
Дубянецкіх, а царква “... пабудавана на сродкі Колб Сялецкага, краўчага
Пінскага ў 1718 годзе ...” [1; с. 41]. Хутчэй за ўсё, абраз Маці Божай
Адзігітрыі Смаленскай быў перанесены ў гэты храм з іншай царквы, магчыма з той,
якая была ў гэтай мясцовасці да Прачысценскай царквы. Усе гэтыя даныя яшчэ
патрабуюць архіўных даследаванняў і ўдакладненняў.
Абраз Маці Божай Смаленскай лічыўся цудатворным і размяшчаўся ў алтарнай частцы царквы Нараджэння Найсвятой Багародзіцы. Пра гэта сведчыць вельмі рэдкі архіўны фотаздымак. На палях абраза, вакол аправы, можна бачыць шматлікія металічныя воты, падараваныя абразу ў знак цудоўных вылячэнняў (пласціны ў форме рук) і глыбокага шанавання выявы (пласціны з выявай Божай Маці і Дзіця). Дзіўным можна лічыць і тое, што абраз захаваўся ў ліхалеццях рэвалюцыйнага атэізму і Вялікай Айчыннай вайны.
Калі палітычныя перыпетыі не закранулі лёс твора, то час абышоўся з ім неміласэрна. Пасля дэмантажу аправы высветлілася, што толькі яна і ўтрымлівала малюнак ад знікнення. Увесь жывапісны пласт узняўся, растрэскаўся і мог абсыпацца ў любую хвіліну, пагражаючы адправіць у нябыт унікальны помнік іканапісу. Для захавання жывапісу рэстаўратар (цяпер рэстаўратар вышэйшай катэгорыі) Аркадзь Самуілавіч Шпунт выканаў прафілактычную заклейку жывапіснага пласта прама ў лесе, у палявых умовах, пасля чаго абраз быў зноў закрыты аправай, бо інакш ён не змог бы быць дастаўлены ў музей у поўнай захаванасці. Даследаванні, якія вяліся ў працэсе рэстаўрацыі, дапамаглі высветліць, што ў XIX стагоддзі з-за страт ранейшы жывапіс XVI стагоддзя быў цалкам заляўкашаны (г.зн. пакладзены новы грунт) і паноўлены, а таксама тое, што абраз панаўляўся тры разы. Каля двух гадоў ішоў рэстаўрацыйны працэс, у ходзе якога ўмацоўваліся жывапісныя пласты і грунт, які адстаў ад асновы, а потым карпатліва, міліметр за міліметрам скальпелем счышчаліся найпознія напластаванні. Так спакваля, як і адбываецца любы цуд, раскрыўся ўнікальны жывапіс XVI стагоддзя.
Стала відавочным, што жывапіс падкрэслена графічны ў трактоўцы фігур, напісанні цітлаў на фоне і дзівосны ў каларыстычнай пявучасці, пабудаванай на гармоніі супярэчлівых сіняга і памяранцавага, блакітнага і барвянага. Плоскасная трактоўка пластыкі лікаў і рук, тонкі жывапіс прабелаў па паступова светлаватым санкіру нагадвае помнікі старажытнарускага іканапісу. Высокі духоўны, малітоўны вопыт беларускага народа, найглыбокую прасвятленую сузіральнасць хрысціянскай душы іканапісец адлюстраваў з дапамогай пластычных рашэнняў вобразаў Маці Божай і Дзіця, Архангелаў, суадносін каляровых элементаў абраза.
Насычаны, глыбокі сіні колер фону пераклікаецца з сінімі і блакітнымі тонамі вопраткі Маці Божай, якія віднеюцца з-пад мафорыя чырвоных колераў. Звяртаючыся да сімволікі колеру, згаданыя сіні, блакітны, барвяны –колеры, што суправаджаюць вобраз Царыцы Нябеснай у выяўленчым мастацтве краін усходняй і заходняй канфесій хрысціянства.
Яркі і шчыльны памяранцавы колер выглядае сугучным радку, узятаму эпіграфам з акафіста на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы (Ікас 5). Гэта палымнеючая каляровая пляма гімація немаўля Хрыста падтрымліваецца колерам верхняга покрыва вопраткі Архангела Міхаіла, крыламі і хітонам Архангела Гаўрыіла, якія вянчаюць кампазіцыйны лад у верхніх кутах абраза. Схіліўшы галовы, Архангелы заміраюць у малітоўным славаслоўі Царыцы Нябеснай і Яе Спрадвечнага Сына.
-
выгляд абраза ў царкве Нараджэння Найсвятой Багародзіцы ў Дубянцы, жывапіс пад аправай,
па перыметры поля прымацаваны воты.
- вота з выявай Маці Божай Адзігітрыі
- вота з выявай Маці Божай і Дзіця на воблаку. У ніжняй частцы воты размешчаны
высокі рэльеф з выявай херувіма
-
адваротны бок абраза. Аснова і ўразныя шпонкі выкананы з ліпы. У цэнтры шчыта абраза
бачна рэстаўрацыйная ўстаўка XIX стагоддзя.
-
фрагмент абраза да рэстаўрацыі. Пасля дэмантажу аправы выявіліся асыпкі, уздуцце
і растрэскванне жывапіснага пласта. Аправа захоўвала жывапіс ад поўнага
разбурэння
- фрагмент абраза да рэстаўрацыі. Пасля дэмантажу аправы выявіліся асыпкі, уздуцце
і растрэскванне жывапіснага пласта. Аправа захоўвала жывапіс ад поўнага
разбурэння
- фрагмент абраза да рэстаўрацыі. Пасля дэмантажу аправы выявіліся ўздуцце і растрэскванне
жывапіснага пласта. Аправа захоўвала жывапіс ад поўнага разбурэння
-
выгляд абраза пад прафзаклейкамі. Прафілактычная заклейка жывапіснага пласта
была выканана прама на месцы, літаральна ў палявых умовах, бо захаванасць і
цэласнасць жывапісу знаходзілася пад пагрозай поўнага разбурэння
-
выгляд абраза ў працэсе рэстаўрацыі. Пасля ўмацавання жывапіснага пласта і грунта,
што адстаў ад асновы, было выканана пробнае раскрыццё жывапісу. У выніку
пробнай расчысткі высветлілася, што з-за разбурэння драўлянай асновы ранейшы
жывапіс быў заляўкашаны (пакладзены новы грунт) і паноўлены ў XIX стагоддзі
-
выгляд абраза ў працэсе рэстаўрацыі. Выканана частковае раскрыццё жывапісу XVI
стагоддзя, выдалены пазнейшыя напластаванні, у месцах страт жывапіснага пласта
захаваны рэстаўрацыйны грунт XIX стагоддзя. На дадзеным здымку выразна відаць
розніца стылістычных рашэнняў жывапісу XVI і XIX стагоддзяў
-
выгляд абраза ў працэсе рэстаўрацыі. Поўнае раскрыццё жывапісу XVI стагоддзя
- выгляд абраза ў працэсе рэстаўрацыі. Поўнае раскрыццё жывапісу XVI стагоддзя,
фрагмент абраза
- выгляд абраза ў працэсе рэстаўрацыі. Поўнае раскрыццё жывапісу XVI стагоддзя,
фрагмент абраза
- фотаздымак царквы Нараджэння Найсвятой Багародзіцы ў Дубянцы, узяты на сайце http://www.radzima.org
–
стан абраза на завяршальным этапе рэстаўрацыі, пасля выканання таніровак. Такім
гэты абраз паўстаў перад гледачом у пастаяннай экспазіцыі музея
Літаратура:
1. Высоцкая, Н.Ф. Тэмперны жывапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў у зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР // Каталог / Н.Ф. Высоцкая. – Мн.: Беларусь, 1986. – 207 с.: іл.
2. Высоцкая, Н.Ф. Іканапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў / Н.Ф. Высоцкая. – Мн.: Беларусь, 1994. – 231 с.: іл.
* Фотаздымкі абраза Маці Божай Адзігітрыі Смаленскай у аправе, у працэсе рэстаўрацыі; паходзяць з асабістага архіва А.С. Шпунта;
** Фотаздымкі царквы Нараджэння Найсвятой Багародзіцы ў Дубянцы, узятыя на сайце http://www.radzima.org
На праектам працавалі:
аўтар тэксту – Яніцкая П.А., заг. сектара мультымедыйных тэхналогій НММ РБ (пад рэдакцыяй Шпунта А.С.);
апрацоўка фотаздымкаў – Маспанава Ю.В., Яніцкая П.А.
пераклад на беларускую мову –Шукан С.А., Круталевіч Н.А.
Вярнуцца >>










.jpg)






