Віртуальная выстаўка Віртуальная выстаўка

Гісторыя аднаго твора.
Некаторыя звесткі, звязаныя з карцінай І.І. Шышкіна «Балота. Жураўлі»

Створаныя больш за сто гадоў таму творы Шышкіна і дагэтуль выклікаюць жывую цікавасць выяўленым матывам, значнасцю створанага вобраза, высокім майстэрствам выканання. Несумненную зацікаўленасць прадстаўляе і гісторыя стварэння канкрэтных палотнаў, іх лёс і існаванне.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь валодае выдатным зборам работ І.І. Шышкіна, у які ўваходзяць 20 карцін, 8 малюнкаў і 9 афортаў. Па сутнасці, гэта цэлая і суцэльная калекцыя твораў аднаго мастака. Гонарам музея з’яўляюцца жывапісныя палотны Шышкіна. Многія з іх – першакласныя тварэнні аўтара, вядомыя па публікацыях у розных выданнях, па экспанаванню на выстаўках як пры жыцці мастака, так і пасля яго сыходу.
Сярод твораў Шышкіна наогул і ў прыватнасці сярод тых, што з’яўляюцца ўласнасцю НММ РБ, сваімі жывапіснымі вартасцямі, лёсам і перыпетыямі з назвай прыцягвае ўвагу палатно «Балота. Жураўлі», датаванае 1890 годам (палатно, алей. 89,5 х142; набыта музеем у 1960 г. у Маскве ў сям’і вядомага акцёра ММАТа, народнага артыста СССР І.М. Масквіна). Напісанае ў перыяд сталасці жывапісца, паэтычнае і суцэльнае па сваёй каляровай сабранасці, палатно характарызуецца ўраўнаважанасцю кампазіцыі (у дадзеным выпадку з некалькі ссунутым налева цэнтрам), майстэрскай перадачай вільготнага паветра балоцістай мясцовасці, цішыні і спакою летняга дня.
Працуючы над навуковым каталогам рускага жывапісу са збору НММ РБ, мы сутыкнуліся з цікавымі падрабязнасцямі, звязанымі з гісторыяй гэтага твора. Карціна ўпершыню экспанавалася на 18-й выстаўцы ТПМВ, спачатку ў Пецярбургу (адкрыццё 11 лютага 1890 г), затым у Маскве (адкрыццё 31 сакавіка 1890 г). Па ўсіх каталогах выстаўкі – пецярбургскаму, маскоўскаму і ілюстраванаму – карціна значыцца пад № 63 і называецца «Балота». У “Ілюстраваным каталозе” (СПб., 1890) ёсць яе рэпрадуктаванне. Яно цалкам супадае з карцінай нашага музея, толькі на рэпрадукцыі адсутнічаюць жураўлі.
Значыць, першапачаткова на карціне жураўлёў не было? Можна было выказаць здагадку, што ў НММ РБ – варыянт карціны. Аднак ні ў лістах Шышкіна, ні ў яго запісках, ні ў літаратуры аб ім, ні ў даследчыкаў яго творчасці нідзе іншы варыянт карціны не згадваецца. І, акрамя таго, прасочванне існавання карціны ў прыватных зборах пераконвае, што гэта адна і тая ж праца. Напрошваецца адзіная выснова: Шышкін упісаў жураўлёў ва ўжо закончаную карціну, якая дэманстравалася на выстаўках. Для мастака, і гэта вядома, было характэрным «ажыўляць» свае творы стафажнымі фігуркамі чалавека ці прадстаўнікамі жывёльнага свету («Рубка лесу». 1867; «Поўдзень. У наваколлях Масквы». 1869; «Яловы лес». 1873; «Палессе». 1883; «Раніца ў хваёвым лесе». 1891; «Дождж у дубовым лесе». 1891 і інш.). Увядзенне фігурак у пейзаж надавала яшчэ большую жыццёвую пераканаўчасць творам майстра.
Перад намі сталі два пытанні, на якія мы імкнуліся знайсці адказы.
Першае. Ці сам Шышкін упісаў у карціну жураўлёў або папрасіў аб гэтым іншага мастака, як гэта мела месца з палатном «Раніца ў хваёвым лесе», дзе мядзведзяў па эскізе Шышкіна напісаў К.А. Савіцкі. Дакументальна даказаць нічога не атрымалася з-за адсутнасці ў прагледжаных матэрыялах патрэбных даных. Аднак выказаць здагадку можна. Мабыць, Шышкін дапісаў жураўлёў сам. Рабіў жа ён стафажныя выявы ў больш ранніх сваіх працах! Акрамя таго, Шышкін меў доступ да палатна, прададзенага прыватнаму калекцыянеру: «Балота» з 18-й выстаўкі перадзвіжнікаў набыў Мікалай Дзмітрыевіч Стахееў (Масква) – пляменнік Івана Іванавіча, сын старэйшай сястры мастака Аляксандры Іванаўны Стахеевай (Шышкінай) і Дзмітрыя Іванавіча Стахеева, елабужскага першай гільдыі купца. Дарэчы, рэнтген карціны паказаў, што жураўлі напісаны вельмі тонкім мазком над больш шчыльным пластом фарбы, рука іншага мастака не была выяўлена.
Другое. Калі жураўлі былі ўпісаны ў карціну? Гэта можна з большай ці меншай дакладнасцю вызначыць, спаслаўшыся на «Альбом рускага жывапісу. Карціны і малюнкі прафесара І.І. Шышкіна», выдадзены Ф.І. Булгакавым у 1892 г. (СПб.), у якім апублікавана рэпрадукцыя карціны «На балоце» (с. 6, рэпр. 12) ужо з жураўлямі. Такім чынам, нескладана зрабіць выснову, што жураўлі з’явіліся на карціне паміж сярэдзінай 1890-га і пачаткам 1892 года. З гэтага часу жураўлі сталі апазнавальным знакам палатна, і назва яго часцей за ўсё стала гучаць як «Балота. Жураўлі» або «Балота з жураўлямі».
Але ў публікацыях 1960–1980-х гадоў, калі карціна была ўжо ўласнасцю НММ РБ (ДММ БССР), з’явіліся іншыя варыянты назвы – «Балота. Палессе», «Балота. Жураўлі. Палессе». Аказваецца, пры паступленні ў музей у кнізе КП яна была запісана як «Палескі пейзаж», нібыта зыходзячы з таго, што на палатне намалявана балота, а раз балота – значыць, Палессе. Ведаючы метад працы І. Шышкіна над творамі, мы ўсумніліся ў правамоцнасці такой назвы. Як правіла, Шышкін пісаў свае карціны неўзабаве пасля напісання эцюдаў, звычайна ў тым жа годзе. На Палессі мастак быў двойчы: у 1883 і ў 1892 гадах. Карціна ж «Балота. Жураўлі» мае аўтарскую дату – 1890 г. Па каталогу «Выстаўка ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў эцюдаў, малюнкаў, афортаў, цынкаграфій і літаграфій І.І. Шышкіна, члена Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. 1849–1891» (СПб., 1891), мы высветлілі, што з сярэдзіны 1889 і да пачатку 1890 г. Шышкін працаваў у Мэры-Хові на беразе Фінскага заліва, каля Белавострава, у маёнтку, які належаў Барысу Мікалаевічу Рыдзінгеру, жаніху Лідзіі Іванаўны Шышкінай, дачкі мастака ад першага шлюбу. (Абвянчаліся Рыдзінгеры летам 1890 г.).
Такім чынам, цалкам відавочна, што да Палесся палатно «Балота», што экспанавалася на выстаўцы перадзвіжнікаў з лютага 1890 года, адносін не мае. З чаго вынікае: Палессе як вызначэнне мясцовасці, дзе быў напісаны твор, павінна адсутнічаць у назве разглядаемага палатна. Яго трэба называць «Балота. Жураўлі». Менавіта такая назва замацавана за ім публікацыяй у «Каталозе рускага дарэвалюцыйнага і савецкага жывапісу ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (Мн., 1997. Т. 2. С. 368, 369).

Над праектам працавалі:
Аўтар тэксту – А.К. Рэсіна, навуковы супрацоўнік музея з 1957 па 2007, з 1964 па 2000 – загадчыца аддзела рускага і савецкага мастацтва НММ РБ;
аблічбоўка твораў – Д.М. Казлоў;
размяшчэнне на сайце – П.А. Яніцкая, заг. сектара мультымедыйных тэхналогій НММ РБ;
пераклад на беларускую мову – Шукан С.А., Круталевіч Н.А.
пераклад на англійскую мову – Шчарбакова В.У.

Вярнуцца >>