Фёдар Сцяпанавіч Рокатаў (1735/36–1808). Да 275-годдзя з дня нараджэння Фёдар Сцяпанавіч Рокатаў (1735/36–1808). Да 275-годдзя з дня нараджэння

Фёдар Сцяпанавіч Рокатаў (1735/361808).  Да 275-годдзя з дня нараджэння

 

Новы светапогляд, які вызначыў развіццё выяўленчага мастацтва ў эпоху пятроўскіх пераўтварэнняў, выклікаў да жыцця новыя мастацкія формы, адной з якіх стаў партрэт. Актыўнаму развіццю гэтага жанру спрыяла цікавасць да яркай, моцнай асобы, якая ўвасобіла сам дух энергічнага часу, які прагнуў да ведаў і дзеяння. У мастацтве, што паступова набывала свецкі характар, адбывалася своеасаблівае «адкрыццё» чалавека, у ствараемых жывапісцамі і скульптарамі вобразах на першы план выступала не толькі саслоўная, але і «дзяржаўная» значнасць партрэтаванага.

У другой палове XVIII стагоддзя партрэт напаўняецца больш складаным і глыбокім зместам. Ідэі французскіх асветнікаў, якія павярнулі Еўропу да праблемы свабоды і годнасці асобы, яе «натуральных» правоў, у Расіі кладуцца на жыватворчую глебу: у пачатку свайго валадарання іх падтрымала сама імператрыца Кацярына II, якая абвясціла ў сваім знакамітым «Наказе» роўнасць усіх людзей перад законам. Канцэпцыя «гарманічнай асобы», якая жыве ў згодзе з прыродай, арганічнай часткай уваходзіць у мастацкую праграму часу. Ідэалы асветніцтва натхняюць многіх выдатных майстроў, сярод якіх яскрава вылучаецца незвычайны жывапісны талент Фёдара Сцяпанавіча Рокатава, у творчасці якога мастацтва партрэта набывае невядомыя раней адухоўленасць, сардэчнасць, лірызм.

Многія акалічнасці жыцця мастака да гэтага часу невядомыя. Нарадзіўся Ф. Рокатаў у 1735 ці 1736 у сяле Варанцова каля Масквы. Існуе некалькі версій адносна яго паходжання: па адной – ён прыгонны князя П.І. Рапніна, па іншай – вольнанароджаны, дваранін. Дзіцячыя гады Рокатава прайшлі ў Маскве. Асновы выяўленчага мастацтва ён спасцігаў у адной з іканапісных майстэрань. Магчыма, праз князёў Рапніных пра таленавітага юнака даведаўся фаварыт імператрыцы Лізаветы Пятроўны граф І.І. Шувалаў, апякун многіх мастакоў, адзін з заснавальнікаў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Мабыць, па яго распараджэнню Рокатаў у 1760 годзе быў прыняты ў Акадэмію, дзе два гады вучыўся ў Л.-Ж. Ле Ларэна, Л.-Ж.-Ф. Лагрэне, Ф. Фонтэбаса. Атрымаўшы ў 1762 годзе званне ад’юнкта жывапісу, а ў 1765 – акадэміка, сам стаў выкладаць у Акадэміі мастацтваў. У сярэдзіне 60-х гг. Рокатаў вярнуўся ў Маскву. (На Стара-Басманнай вуліцы і цяпер стаіць (у перабудаваным выглядзе) дом, у якім ён жыў). Не маючы ўласнай сям’і, мастак выхоўваў двух пляменнікаў – сыноў яго рана памерлага старэйшага брата.

Пасля халоднага, казённага Пецярбурга ў Маскве лягчэй дыхалася, тут мастак знаходзіўся сярод па-еўрапейску адукаваных, свабодна думаючых, больш вольных і ўнутрана незалежных прадстаўнікоў дваранскай інтэлігенцыі – Галіцыных, Рапніных, Варанцовых, Куракіных. (З пятроўскіх часоў Масква была «прыстанкам апальных вяльможаў»). Маскоўскае кола знаёмстваў, зносіны з вядомымі літаратарамі і паэтамі – А. Сумарокавым, В Майковым, М. Хераскавым, М. Струйскім – спрыялі развіццю ў творчасці Рокатава інтымнага пачатку. У Маскве былі створаны лепшыя творы мастака.

Рокатаў зачараваны загадкай чалавечай душы, у створаных ім вобразах гэтая загадка тоіцца ў позірку, павароце галавы, лёгкай усмешцы. Чалавек паўстае перад намі ў сваёй патаемнай, таямнічай сутнасці. У партрэце галоўным становіцца твар, жывы, рухомы, якіе адлюстроўвае ледзь улоўныя рухі душы. Асаблівая «рокатаўская» манера пісьма – лёгкасць, імклівасць пэндзля, бязважкасць жывапіснай фактуры – дазволіла мастаку захаваць духоўнае аблічча сучасніка ва ўсёй яго глыбіні і складанасці.

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваюцца тры творы Ф.С. Рокатава.

Партрэты сямейнай пары Шарамецевых створаны ў 1770-я гг.

Пра Васіля Уладзіміравіча Шарамецева (1743–1806) вядома, што ён служыў у лейб-гвардыі коннага палка, быў калежскім саветнікам.

Разумны, з тонкімі рысамі твар, асветлены залацістым святлом як бы знутры, прыцягвае сваім надзіва адухоўленым выразам. Шэрыя вочы глядзяць пранікнёна-адкрыта, у іх – яснасць думкі, адчуванне паўнаты і багацця ўнутранага жыцця. Ва ўсім абліччы Шарамецева адчуваецца вытанчаная культура, высакароднасць, сапраўдная інтэлігентнасць. Мяккасць лёгкіх ліній, якія нібы таюць, строгія цёмныя тоны каляровай гамы падкрэсліваюць «духоўны арыстакратызм» мадэлі.

Высокая, увянчаная пёрамі прычоска, прыгожая сукенка, аздобленая футрам і карункамі. У статнай, ганарлівай постаці, спакойным позірку вузкіх цёмных вачэй – адчуванне ўнутранай сілы, усведамленне перш за ўсё сваёй чалавечай годнасці. Такой паўстае перад намі жонка В.У. Шарамецева Ганна Сямёнаўна Шарамецева (1759–1821). Па-майстэрску перададзена змрочнае паветранае асяроддзе, што ахутвае тонкую постаць і мігціць адценнямі шэрага, чырвонага, залатога, карычневага.

У складаным эмацыянальным выкананні партрэтаў адчуваецца подых эпохі, якая абвясціла свабоду чалавечага духу, павага да асобы. Упадабаная Рокатавым авальная форма палатна кампазіцыйна аб’ядноўвае вобразы мужа і жонкі Шарамецевых, падкрэсліваючы іх унутранае, душэўнае «сугучча».

Створаны ў пачатку 1780-х гг. партрэт Ганны Пятроўны Кутайсавай (1760-я – 1848), жонкі фаварыта Паўла I графа Івана Кутайсава, чаруе абаяльнасцю жаноцкасці. З дзіўнай жывапіснай вытанчанасцю, найпяшчотнейшым пэндзлем піша мастак юны твар, які зіхаціць на цёмным фоне як каштоўная жамчужына. Ранішняя натуральнасць убрання, пышныя валасы парыка, што свабодна ляжаць на плячах, радасна-гарэзлівы бляск вачэй, ледзь кранутыя лёгкай усмешкай яркія вусны надаюць вобразу жывую непасрэднасць і зачараванне. Маладая жанчына паўстае перад намі ва ўсёй паўнаце свайго натуральнага, не абмежаванага ўмоўнасцямі святла стану, уся – увасабленне маладосці і радасці жыцця. Красу, паэтычнасць яе аблічча падкрэслівае мяккая серабрыста-попельная колеравая гама.

“Жывапіс ёсць род светабудовы”. Гэты выдатны выраз належыць Архіпу Іванову, аўтару напісанага ў 1789 годзе трактата «Паняцце пра дасканалага жывапісца», і ў поўнай меры можа быць аднесены да творчасці Фёдара Рокатава.

Падобна іншым вялікім майстрам пэндзля, Рокатаў стварыў свой зачаравальны, непаўторны свет, у якім чалавек паўстае найвялікшай таямніцай, створанай Прыродай.

А вершы Мікалая Забалоцкага ўзнікаюць у памяці самі сабой:

…Ты помнишь, как из тьмы былого

Едва закутана в атлас

С портрета Рокотова снова

Смотрела Струйская на нас?

Ее глаза – как два тумана,

Полуулыбка, полуплач,

Ее глаза – как два обмана,

Покрытых мглою неудач.

Когда потемки наступают

И приближается гроза,

Со дна души моей мерцают

Ее прекрасные глаза…

Аўтары праекта:

Тэкст – навуковы супрацоўнік НММ РБ М.А. Шчарбакова

Ілюстрацыйны рад (аблічбаванне твораў) – Д.М. Казлоў

Размяшчэнне на сайце – заг. сектара мультымедыйных тэхналогій аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ П.А. Яніцкая

Аўтары праекта выказваюць асаблівую падзяку захавальніку фонда, вядучаму навуковаму супрацоўніку НММ РБ А.Д. Шапашнікавай за дапамогу ў арганізацыі выстаўкі.

Вярнуцца >>