Дзмітрый Рыгоравіч Лявіцкі (1735–1822). Да 275-годдзя з дня нараджэння Дзмітрый Рыгоравіч Лявіцкі (1735–1822). Да 275-годдзя з дня нараджэння
Паводле А.С. Пушкіна, Расія ў XVIII стагоддзі «вошла в Европу, как спущенный корабль, при стуке топора и громе пушек». Цар Пётр, рашуча і жорстка праводзячы рэформы, імкнуўся накіраваць краіну на новы шлях развіцця, далучыць яе да эканамічных і культурных дасягненняў еўрапейскіх дзяржаў. З жаданнямі да ведаў і дзеяннямі дух пятроўскай эпохі закрануў і выяўленчае мастацтва. Новыя ідэі і вобразы патрабавалі новых мастацкіх форм. У жывапісе і скульптуры важнае месца заняў партрэт, які захаваў вобраз чалавека таго часу – разумнага, энергічнага, які шанаваў першы свой абавязак – служэнне айчыне. Рускія мастакі, якія працавалі ў Пецярбургу і Маскве, паспяхова засвойвалі вопыт заходнееўрапейскіх майстроў.
Партрэт другой паловы XVIII стагоддзя напаўняецца новым зместам, у ім з’яўляецца не вядомая раней глыбіня, што таіла ў сабе складаны свет думак і перажыванняў чалавека ўжо іншага часу – эпохі царавання Кацярыны II, калі маральнае аблічча лепшай часткі дваранскай інтэлігенцыі шмат у чым складалася пад уплывам ідэй французскіх асветнікаў, у асаблівасці твораў Ж.Ж. Русо. Прыходзіць разуменне ўнікальнасці кожнай чалавечай асобы, развіваецца пачуццё павагі да яе. Рускаму грамадству прыклад падае сама імператрыца: адно з асноўных палажэнняў напісанага ёй «Наказа» – роўнасць усіх людзей перад законам. («Наказ» быў забаронены да друкавання ў Францыі, чым Кацярына вельмі ганарылася). Новае мысленне заявіла пра сябе ў жыццёвай пазіцыі і творчасці выдатных дзеячаў рускай культуры – Р. Дзяржавіна, Д. Фанвізіна, М. Львова. Да гэтага ж кола належаў і Дзмітрый Рыгоравіч Лявіцкі.
Лявіцкі нарадзіўся ў 1735 годзе ў Кіеве ў сям’і святара і мастака-гравёра, які працаваў у Кіева-Пячэрскай лаўры «спраўшчыкам» – рэдактарам кніг, што выдаваліся тут. Бацька быў першым настаўнікам будучага знакамітага партрэтыста. З Кіева Лявіцкі з’ехаў у Пецярбург, дзе займаўся ў А.П. Антропава і, магчыма, браў урокі ў Л.Ж.Ф. Лагрэне і Дж. Валерыяні. У 1760-я гады працаваў у Маскве. Атрымаўшы ў 1769 годзе званне акадэміка, у 1771 г. Лявіцкі быў запрошаны ў Імператарскую Акадэмію мастацтваў, дзе на працягу 17 гадоў кіраваў партрэтным класам.
(Лёс быў жорсткім да мастака: звольнены ў 1788 годзе з Акадэміі, амаль забыты, аслеплы – ён памёр невядомым ў 1822 годзе).
У творчасці
Лявіцкага кацярынінская эпоха “ажывае”: занатаваныя пэндзлем вялікага майстра, перад намі паўстаюць яго
сучаснікі – сама імператрыца Кацярына, яе магутныя вяльможы, відныя свецкія дамы, знакамітыя багацеі і мецэнаты,
грамадскія дзеячы, пісьменнікі, музыканты, паэты. Кожны намаляваны чалавек для
мастака – цэлы свет, які ён вывучае з цікаўнасцю вучонага і палкай любоўю
жывапісца. Уласцівае часу імкненне да прастаты і натуральнасці асэнсоўваецца як
заклік да ўнутранай дасканаласці, што надае мастацтву
партрэта характар філасофскага разважання.
У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь знаходзяцца чатыры творы Д.Р. Лявіцкага (усе прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі).
Партрэт невядомага (палатно, алей) напісаны ў 1781 годзе (магчыма, на ім намаляваны італьянскі кампазітар Джавані Паізіела, які служыў пры двары ў якасці капельмайстра з 1776 па 1783 гг.).
Ля раскрытага клавесіна, павярнуўшыся да гледача і як бы размаўляючы з ім, сядзіць мужчына ў свабодным халаце. Выразны твар з яркім румянцам і жывымі цёмнымі вачыма выдае жыццялюбівую, гарачую натуру. Ва ўсім абліччы «невядомага», нязмушанай вытанчанасці позы, лёгкім нахіле галавы адчуваецца ганарлівая свядомасць сваёй вартасці, унутранай незалежнасці. Жывапіс партрэта адрозніваецца высакароднасцю і прыгажосцю каларыту. Ззянне цудоўна напісанага ружовага шоўку, які грае льдзістым бляскам на зломе складак, увасабляе як быццам саму палымяную душу музыканта, яго жыццёвыя сілы. Сцвярджаючы каштоўнасць творчага пачатку ў чалавеку, мастак стварае вобраз, які ўражвае эмацыянальнай выразнасцю, дзівоснай пластыкай формы, бездакорнай дакладнасцю малюнка.
Лявіцкі
стварыў цэлую галерэю выдатных жаночых вобразаў. У гады праўлення Кацярыны II менавіта
жанчыны стваралі ў грамадстве культурную атмасферу. Дзякуючы мастацтву
Лявіцкага, гэты непаўторна-разнастайны, эмацыянальны і духоўна багаты “жаночы свет” набыў сваю жывапісна-пластычную форму.
У партрэце Таццяны Пятроўны Разнатоўскай (1781, палатно, алей) далікатнасць мадэлі падкрэслена выразнасцю пластыкі, прыгажосцю малюнка, вытанчанай колеравай гамай.
Высока ўзбітыя валасы пудранага парыка лёгкім пухнатым воблакам абрамляюць правільны авал твару. У ганарлівай манеры трымаць галаву адчуваецца годнасць, уменне падаваць сябе. З ласкава-паблажлівай усмешкай Разнатоўская як быццам слухае нябачнага нам суразмоўцу: ледзь здзіўлена прыўзняты бровы, ледзь кплівы погляд шэра-зялёных вачэй. Халоднае ззянне блакітнага і белага шоўку надае абліччу маладой жанчыны высакародна-стрыманы характар.
З душэўным цяплом, жыццярадаснасцю, абаяннем выкананы вобраз «Невядомай у светла-зялёнай сукенцы з веерам у руцэ»
(1789, палатно, алей). З дзівосным жывапісным майстэрствам Лявіцкі перадае шаўкавістую пяшчоту скуры, мяккасць пухнатых локанаў і пёраў, якія ўпрыгожваюць прычоску, бляск празрыстых
камянёў у каштоўных завушніцах, найтанчэйшае павуцінне
карункаў на гарсажы сукенкі. У колеравай гаме,
падкрэсліваючы пяшчоту і жаноцкасць мадэлі, тонка
спалучаюцца цёплыя ружовыя, зялёныя, залаціста-карычневыя тоны. Паветраны фон, вытканы
з попельна-шэрых і залаціста-зялёных адценняў, надае кампазіцыі гарманічную завершанасць.
Невядомы
ваенны на партрэце, створаным у 1790-я гг. (палатно, алей), адлюстраваны
ў мундзіры, з ордэнам Уладзіміра 3-й ступені.
Мундзіру ў XVIII стагоддзі надавалася важная роля, ён паказвае на месца, што займаў мужчына ў грамадстве; але мастака цікавіў і чалавек, які насіў яго. Усведамленне, перш
за ўсё, сваёй каштоўнасці і значнасці выяўляецца ў дабрадушным, злёгку
іранічным выразе твару, разумным спакойным поглядзе, упэўненай манеры трымацца.
Высакародна-ўрачыстая колеравая гама партрэта пабудавана на
спалучэнні чорнага, чырвонага, белага, залатога.
Захоўваючы памяць аб мінуўшчыне, вобразы, створаныя Лявіцкім, «жывуць і дыхаюць», такія паўнакроўныя і пераканаўчыя яны ў паўнаце свайго «быцця».
... Усё далей адыходзіць ад нас XVIII стагоддзе – бліскучае і трагічнае, дапытлівае і энергічнае, стагоддзе Вальтэра і Бамаршэ, Моцарта і Вато. Сыходзіць і ... застаецца з намі – у цудоўных творах праслаўленых майстроў мастацтва. Годнае месца сярод іх займае рускі мастак Дзмітрый Рыгоравіч Лявіцкі, які знайшоў сапраўдную прыгажосць «натуральнага» чалавека ў прыгажосці ўнутранай.
Аўтары праекта:
Тэкст – навуковы супрацоўнік НММ РБ М.А. Шчарбакова
Ілюстрацыйны ряд (ацыфроўка твораў) – Д.М. Казлоў
Размяшчэнне на сайце – Заг. сектара мультымедыйных тэхналогій аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ П.А. Яніцкая
Вярнуцца >>










.jpg)






