Да 165-годдзя Генрыха Іпалітавіча Семірадскага (1843–1902)

“...Уся яго мастацкая дзейнасць прыносіць гонар Акадэміі і рускаму мастацтву” – адзначаў у 1877 годзе Савет Імператарскай Акадэміі мастацтваў, удастойваючы Генрыха Іпалітавіча Семірадскага звання прафесара за карціну “Светачы хрысціянства”. “Чартапалохам” называў яго ў лісце да вядомага крытыка У.В. Стасава адзін з заснавальнікаў Таварыства перасоўных мастацкіх выстаў Р.Р. Мясаедаў. Два такія супрацьлеглыя водзывы аб адным з самых знакамітых мастакоў канца XIX стагоддзя гавораць пра многае. Вакол палотнаў Семірадскага з моманту іх з’яўлення ішла ярасная палеміка, якая адлюстроўвала барацьбу двух кірункаў у мастацтве тых гадоў – акадэмічнага і дэмакратычнага. Для многіх жывапісцаў Акадэмія мастацтваў заставалася цвярдыняй класіцызму, выдатнай школай прафесійнага майстэрства, якая абапіралася на традыцыі класічнага мастацтва. Узвышэнне пачуццяў, прыгажосць формы, вытанчанасць ліній былі для іх важнейшымі за “цемру нізкіх ісцін” рэчаіснасці. Мастакі-перадзвіжнікі, якія таксама выйшлі са сцен Акадэміі, наадварот, лічылі галоўным адлюстраванне рэальнага жыцця ва ўсёй разнастайнасці яе сацыяльных праблем. Яны не прызнавалі Семірадскага і іншых акадэмістаў, абвінавачваючы іх у безыдэйнасці і патуранні “мяшчанскім” густам. “...Не, мы ўсё яшчэ варвары. Нам падабаецца бліскучая і шумная цацка больш за сапраўдную чалавечую асалоду”, – пісаў І.М. Крамской аб “Грэшніцы” Семірадскага, адзначаючы, тым не менш, што “...таленту цемра, і карціна робіць уражанне ашаламляльнае”. Перадзвіжнікі хваляваліся і абураліся, таму што творы Семірадскага карысталіся велізарным поспехам у публікі, іх ахвотна куплялі для сваіх калекцый члены царскай сям’і, рускія арыстакраты, мецэнаты. Адной з першых карцін, якая паслужыла падставай для будучага Рускага музея ў Пецярбургу, стала “Фрына на свяце Пасейдона ў Элеўзіне” Семірадскага, набытая імператарам Аляксандрам III у 1889 годзе.

Пасля 1917 года позні акадэмізм разглядаўся як ідэалагічная з’ява, што была чужой для савецкага мастацтва, а жывапіс яго прадстаўнікоў быў прызнаны “не рэалістычным”. І толькі ў 2004 годзе Дзяржаўная Траццякоўская галерэя ўпершыню арганізавала вялікую выставу “Палоннікі прыгажосці”, на якой экспанаваліся творы мастакоў-акадэмістаў канца XIX – пачатку XX стагоддзя – цудоўныя па майстэрству кампазіцыі, малюнка, жывапісу. У маі–верасні 2007 года выстава прайшла ў Мінску, у Нацыянальным мастацкім музеі. Семірадскі быў прадстаўлены на ёй карцінай “Гульня ў косці” (1899, ДТГ). Мастак вярнуўся да шырокай публікі, пакараючы дзіўным жывапісным майстэрствам і сучаснага гледача.

Нарадзіўся Генрых Іпалітавіч Семірадскі ў 1843 годзе пад Харкавам у сям’і выхадцаў з Каралеўства Польскага. Дома гаварылі па-польску, чыталі польскіх пісьменнікаў, дзяцей выхоўвалі ў традыцыях каталіцкай рэлігіі. Скончыўшы гімназію, дзе маляванне выкладаў вучань К.П. Брулова Д.І. Бязперчы, Семірадскі паступіў у Харкаўскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт і атрымаў званне кандыдата. У 1864 годзе ён адправіўся ў Пецярбург, каб стаць вучнем Імператарскай Акадэміі мастацтваў. Паколькі Семірадскаму ўжо споўніўся 21 год, а ў вучні прымалі да 20 гадоў, яго залічылі толькі вольным слухачом, аднак ён вучыўся так добра, што ў 1866 годзе быў прыняты ўжо ў лік вучняў. Выканаўшы праграму на Малы залаты медаль, Семірадскі атрымаў права ўдзельнічаць у конкурсе на Вялікі залаты медаль і ў лістападзе 1870 прадставіў на экзамен карціну “Давер Аляксандра Македонскага да лекара Філіпа”. Гэтае вялікае палатно (245х346, 5) знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Легенда, што лягла ў аснову карціны, распавядае пра тое, як Аляксандра, які цяжка захварэў у адным з паходаў, лячыў лекар Філіп – не толькі лекар, але і блізкі сябра палкаводца. Ворагі Філіпа, што зайздросцілі яму, напісалі данос, дзе абвінавацілі яго ў намеры атруціць Аляксандра: у чары з лекамі яму нібыта будзе дабаўлены яд. Македонскі прачытаў данос і, калі лекар прынёс яму лекі, выпіў іх, а данос аддаў Філіпу з просьбай прачытаць пры ім. На карціне намаляваны самы напружаны момант легенды.

...У пакоі, абвешаным дыванамі, на ложку, пакрытым тыгровай скурай, з чарай у руцэ ляжыць вялікі палкаводзец Аляксандр Македонскі. Струмень сонечнага святла мякка асвятляе яго схуднелы за час хваробы твар, моцныя аголеныя грудзі. Уважлівы позірк Аляксандра не адрываецца ад твару лекара, які стаіць перад ім і чытае данос на самога сябе. У вачах Аляксандра тоіцца хутчэй інтарэс, чым падазронасць, ён не верыць у вінаватасць Філіпа. Аляксандр Македонскі ў трактоўцы Семірадскага – ідэальны класіцыстычны герой, выдатны маральна і фізічна. У яго вобразе ўвасоблена ідэя чысціні і высакароднасці чалавечых адносін, перад якімі бяссільныя любыя паклёпы. Складаная кампазіцыя пабудавана па строгіх акадэмічных канонах, вельмі старанна выпісаны даспехі Аляксандра, якія ляжаць на крэсле і стале: шчыт, шлем, меч у багатых ножнах, упрыгожаных каштоўнымі камянямі, пунсовы плашч, іншыя рэчы інтэр’ера. Усё тое, што пазней будзе выклікаць цікавасць гледачоў у карцінах Семірадскага, – захапляльнасць сюжэта, артыстызм выканання – ужо ёсць у гэтай рабоце, якая падводзіць вынік гадам вучнёўства.

За карціну “Давер Аляксандра Македонскага да ўрача Філіпа” Семірадскі атрымаў Вялікі залаты медаль, што даваў яму права на 6-гадовую пенсіянерскую паездку за мяжу. Пабываўшы ў Германіі і Італіі, Семірадскі пасяліўся ў Рыме. Створаная там у 1876 годзе вялікая карціна “Светачы хрысціянства” прынесла яму еўрапейскую вядомасць. Семірадскі стаў прафесарам Расійскай Імператарскай Акадэміі мастацтваў, а затым членам Берлінскай, Стакгольмскай, Рымскай, Турынскай, Парыжскай акадэмій. Тыя, хто ведаў яго ў тыя гады, расказвалі пра яго незвычайную працавітасць. За славай і знешнім бляскам жыцця стаяла ўпартая праца. Сям’я (Семірадскі быў шчаслівы ў шлюбе са сваёй стрыечнай сястрой Марыяй Прушыньскай, у іх нарадзілася чацвёра дзяцей) і дом, шыкоўная віла ў грэка-рымскім стылі, пабудаваная ім у Рыме, патрабавалі вялікіх сродкаў і клопатаў. Мастак працаваў не пакладаючы рук. У канцы 70-х гадоў ён прыняў удзел у роспісе храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве, дзе ў поўнай меры выявіўся яго талент манументаліста. Напружанне усіх сіл прывяло ў рэшце рэшт да цяжкай хваробы: Семірадскі памёр у 1902 годзе ў сваім маёнтку Стшалкова пад Чанстаховам (Польшча), пражыўшы ўсяго 59 гадоў.

Жывапіс Генрыха Іпалітавіча Семірадскага заўсёды быў звернуты да рамантычнага боку чалавечай натуры. Мастак верыў у тое, што мастацтва павінна выхоўваць густ, развіваць уяўленне, здавальняць смагу незвычайнага, немагчымага ў штодзённым жыцці. Семірадскі вяртаецца, і гэта сведчыць аб тым, што патрэбнасць чалавечай душы ў прыгажосці і гармоніі невынішчальная.

Аўтары праекта:

Тэкст – навуковы супрацоўнік М.А. Шчарбакова

Ілюстрацыйны рад (фатаграфаванне) – Д.М. Казлоў

Вычытка і пераклад на беларускую мову – С.А. Шукан,

Н.А. Круталевіч

Размяшчэнне на сайце – заг. сектара мультымедыйных тэхналогій аддзела навукова-асветніцкай работы НММ РБ П.А. Яніцкая

Вярнуцца >>