віртуальная выстаўка віртуальная выстаўка
Адкрыцці беларускіх рэстаўратараў 2010
«Абраз крынічыў густым, дамавітым пахам саспелай драўніны ліпы,
пераўтвораным сёння ў стончаны часам водар даўніны» [3.161]
Перад Вамі
першая віртуальная выстаўка, прысвечаная
рабоце беларускіх рэстаўратараў. Глядач ніколі не
бачыць таго, што робяць гэтыя майстры і падзвіжнікі, выратоўваючы помнікі мастацтва. Мы
прыадчынім заслону таямніцы. Выстаўка невыпадкова
так называецца: праз раскрыццё ў рэстаўрацыйным, тэхнічным сэнсе да адкрыцця – як да святой
прыгажосці.
На працягу 1960–1980-х гадоў калекцыя старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь актыўна папаўнялася за кошт экспедыцый навуковых супрацоўнікаў. Па ўсіх абласцях Беларусі была выратавана вялікая колькасць помнікаў, якія сёння складаюць залаты фонд старабеларускай культуры. У той ці іншай ступені частка гэтых твораў была прадстаўлена гледачам, але і сёння далёка не ўсе выратаваныя каштоўнасці даступныя даследчыкам з прычыны іх дрэннай захаванасці і неабходнасці найскладаных рэстаўрацыйных работ.
У экспазіцыю віртуальнай выстаўкі ўвайшлі менавіта такія творы. На рэстаўрацыйных сталах яны паступова набывалі першапачатковы выгляд аўтарскага жывапісу, які быў схаваны ад вачэй апошнія сто, а то і трыста гадоў, і толькі зараз яны дораць нам усю сваю першародную прыгажосць.
Сярод прадстаўленых помнікаў адным з найбольш ранніх з’яўляецца вобраз Маці Божай Адзігітрыі, сёння датаваны XVII стагоддзем. Абраз невялікага фармату (63,3х50 см), што зараз з’яўляецца вялікай рэдкасцю сярод захаваных помнікаў іканапісу, выкананы ў змешанай тэхніцы (тэмпера, алей). Даступны для першаснага аналізу жывапіс быў датаваны канцом XVIII – XIX стагоддзем. Пад пацямнелым і старым лакам чыталіся пунсовымі пошугамі мафорый Марыі і залаціста-вохрыстыя блікі адзення дзіцяці Ісуса, праглядалася нядрэнная пластыка асабістага пісьма. Абраз паступіў на рэстаўрацыйны стол спецыяліста вышэйшай катэгорыі Аркадзя Самуілавіча Шпунта.
У працэсе зняцця позніх запісаў стала відавочна, што першапачаткова абраз меў разьбяны фон, надзіва багатую каларыстычную гаму: залацісты гімацій Ісуса падтрымліваецца залатой аблямоўкай на каўняры і манжэтах вопраткі Марыі, а традыцыйна барвовы колер мафорыя адцяняецца прахалоднымі бірузовым і блакітным. Падобны святочны перазвон колераў характэрны для беларускага іканапісу XVII стагоддзя, роўна як і жывапісная манера асабістага пісьма са святлаценевымі мадэліроўкамі і злёгку падоўжанай пластыкай рук, пяшчотнай круглявасці авала твару Марыі, характарнасці і народнасці ў трактоўцы тыпажоў. Абраз паходзіць з Мінскай вобласці, а дакладней з вёскі Галынка, што недалёка ад Слуцка, які ў гэты час быў буйным мастацкім і адукацыйным цэнтрам, дзе ён, хутчэй за ўсё, і быў напісаны. Відавочна, што гэта твор вельмі высокага мастацкага ўзроўню, і яго вывучэнне дазволіць упісаць яшчэ адну цікавую старонку ў гісторыю беларускай іканапіснай школы XVII стагоддзя.
Выгляд абраза
да рэстаўрацыі. Выява неаднаразова панаўлялася,
фон пераляўкашаны
і пазалочаны, на жывапісе бачны сляды
апёкаў, сляды ад цвікоў, якімі мацаваўся абклад,
пацямнелы лак (аліфа).
Абраз у стане
даследаванняў. На гэтым этапе адбываецца адпрацоўка методыкі рэстаўрацыі:
выдаленне напластаванняў, пацямнелых лакаў, запісаў, позніх ляўкасных
перагрунтовак.
Жывапіс у працэсе раскрыцця. На гэтым этапе адбываецца выдаленне
пазнейшых запісаў, двух пластоў пацямнелага лаку, чатырох слаёў перагрунтовак
на разным
пазалочаным
фоне абраза.
Жывапіс абраза пасля выдалення напластаванняў.
Жывапіс пасля падвядзення грунту ў месцах страты і таніравання фарбавага слоя. Так выглядае
гэты абраз цяпер.
Таксама з Мінскай вобласці паходзяць і два наступныя творы тэмпернага жывапісу XVIII стагоддзя. Гэта «Маці Божая Адзігітрыя» і «Хрыстос Уседзяржыцель». Абодва абразы мелі як пазнейшыя запісы, так і страты фарбавага слоя. Дзякуючы майстэрству рэстаўратараў Сяргея Шацілы (рэстаўратар III катэгорыі) і Дзмітрыя Карліёнава (рэстаўратар II катэгорыі) сёння мы можам бачыць два цудоўныя прыклады беларускай іканапіснай школы з характэрным выкарыстаннем драўляных накладак «камянёў», разьбяным узораччам фону каўчэга і палёў.
Стан абраза «Маці Божая Адзігітрыя» XVIII стагоддзя пры паступленні на рэстаўрацыю да Сяргея Шацілы
(рэстаўратар III катэгорыі). На жывапісе бачны страты аўтарскага фарбавага
слоя і грунту, найбольш буйныя ў ніжняй частцы, рэшткі пацямнелых лакаў і два слаі
пазнейшых запісаў. Дошкі асновы разарваныя па месцах склейкі, дэфармаваны.
Драўніна асновы пашкоджана жуком-тачыльшчыкам. Прыкметныя выкананыя раней
фрагментарныя расчысткі як да слоя першага запісу, так і да аўтарскага
жывапісу. Верхні слой запісу выкананы алейнымі фарбамі. Першы запіс – як
мяркуецца, яечнай тэмперай.
Жывапіс у працэсе
стану даследаванняў, умацаваны фарбавы слой, праведзена склейка дошак асновы,
расчышчаны палі, выдалены познія ўстаўкі грунту, праца на этапе выдалення
пазнейшых напластаванняў.
Фрагмент абраза.
Меткі
слаёў: 1 –
аўтарскі
жывапіс, 2 –
першы
запіс, 3 –
другі
запіс.
На гэтым этапе вядзецца раскрыццё да
аўтарскага
жывапісу, выканана пакрыццё страт аўтарскага грунту.
Абраз на канчатковай стадыі
рэстаўрацыі, выкананне таніравання страт аўтарскага
жывапісу.
Стан абраза
«Хрыстос Уседзяржыцель» XVIII стагоддзя на момант паступлення да рэстаўратара
II катэгорыі Дзмітрыя Карліёнава, агульны выгляд.
Пачатак даследаванняў. Як і ў папярэднім абразе, прыкметны
фрагментарныя расчысткі, якія выконваліся раней.
Стан фарбавага
слоя абраза на момант
паступлення на рэстаўрацыйны стол да Дзмітрыя
Карліёнава.
Выгляд твора
ў працэсе рэстаўрацыі. Умацаваны фарбавы слой,
праведзена склейка дошак асновы. Праца на этапе расчысткі ад пазнейшых
напластаванняў.
Выгляд твора
ў працэсе рэстаўрацыі. На гэтым этапе праведзена расчыстка разьбянога фону абраза і палёў, падведзены рэстаўрацыйны грунт у месцах
страты.
Выгляд абраза з адваротнага боку, на якім, акрамя інвентарных нумароў музея, размешчаны тэкст: «Сей образ обновлён
крестьянкой деревни Лопатичь Синклипией Гавріиловой Бачко, заотпущеніе гріъховъ мужа ея Димитрія 1877 года».
Канчатковы этап рэстаўрацыі. Выканана
таніраванне страт фарбавага слоя. Так выглядае
абраз пасля рэстаўрацыі.
Надзвычайную цікавасць уяўляюць вобразы Апосталаў, якія паходзяць з іканастаса Свята-Успенскага сабора (1613–XIX ст.) Жыровіцкага манастыра (Гродзенская вобл.). Абразы паступілі ў музей у 2009 годзе ў сувязі з абнаўленнем іканастаса і, натуральна, мелі патрэбу ў правядзенні рэстаўрацыйных работ.
«Апосталы Сымон Кананіт, Варфаламей, Іакаў
Алфееў і Іаан», другая чвэрць XVIII ст. Рэстаўратар
III катэгорыі Сяргей Шаціла. Выгляд абраза ў працэсе даследаванняў. (1 –
аўтарскі слой, 2,3,4 – пазнейшыя
напластаванні), пробнае раскрыццё аўтарскага
жывапісу, адбор проб для хімічнага аналізу саставу
фарбавага слоя (А, Б, В,
Г, Д).
На дадзеным этапе рэстаўрацыі
праведзена ўмацаванне фарбавага слоя, аснова (дошкі)
апрацавана
хімічным сродкам ад жука-тачыльшчыка,
жывапіс расчышчаны
ад забруджванняў і позніх панаўленняў, выдалены
пацямнелы лак. Помнік падрыхтаваны да экспанавання.
Абраз «Апосталы Павел
і Іакаў Завядзееў», другая чвэрць XVIII ст. Рэстаўратар I
катэгорыі Святлана Дзікуць. Выгляд твора
да рэстаўрацыі.
Выгляд абраза
ў працэсе раскрыцця аўтарскага жывапісу,
выдалення пазнейшых напластаванняў.
Іканастас Свята-Успенскага сабора Жыровіцкага манастыра з’яўляецца ўнікальным помнікам мастацтва Беларусі. Выкананыя ў адзіным стылістычным ключы элементы разьбянога дэкору і размешчаныя ў трох ярусах жывапісныя творы складаюць надзвычайны па прыгажосці ансамбль, якіх у Беларусі захавалася зусім мала. “Апосталы” наглядна дэманструюць характэрныя для беларускага сакральнага жывапісу прыёмы, якія спалучаюць як усходнія, так і заходнія традыцыі іканаграфіі і тэхналагічныя асаблівасці змешанай тэхнікі пісьма.
Абраз Тамаша Міхальскага «Нараджэнне Маці Божай» 1751 года прыйшоў у музейны збор у руініраваным стане. За яе рэстаўрацыю ўзяўся спецыяліст вышэйшай катэгорыі Аркадзь Самуілавіч Шпунт.
Выгляд абраза
на пачатковым этапе рэстаўрацыі. Было зроблена ўмацаванне
фарбавага слоя, дэманціравана
рама, умацавана аснова жывапісу (дошка) і падведзены грунт у месцах страты фарбавага слоя.
Выгляд твора
ў працэсе рэстаўрацыі. Выканана таніраванне страт жывапісу.
Выгляд абраза
пасля рэстаўрацыі, выкананы мантаж рамы, канчатковае
таніраванне і пакрыццё лакам фарбавага слоя.
Гэты яркі, насычаны дэталямі святочны вобраз упершыню быў прадстаўлены гледачу на выстаўцы «Алтарны жывапіс Беларусі XVIII–XIX стст.», якая праходзіла ў 2009 годзе.
Там жа экспанаваліся «Дабравешчанне», «Фератрон. Маці Божая з прадстаячымі святымі», «Святая Марыя Магдаліна», «Святая ў вянку» і «Укрыжаванне». Яны створаны ў тэхніцы алейнага жывапісу на палатне і ўяўляюць сабой дзіўныя па прыгажосці выканання кампазіцыі заходнееўрапейскай іканаграфіі.
Прадстаўленыя тады яшчэ ў працэсе рэстаўрацыі гэтыя алтарныя карціны з’яўляюцца найярчэйшымі прыкладамі асваення і асэнсавання мастацтва еўрапейскага барока мясцовымі жывапісцамі. Гэта прасочваецца і ў «Дабравешчанні» (рэстаўратар II катэгорыі Святлана Алішэвіч), і ў «Святой Марыі Магдаліне» (рэстаўратар I катэгорыі Святлана Ішмаева). Абодва творы датаваныя XVIII стагоддзем. Іх кампазіцыі поўныя дынамікі руху фігур, гэты эфект узмацняецца складаным рэльефам драпіровак. Калі «Дабравешчанне» выканана невядомым, але досыць прафесійным жывапісцам (па мераванню кандыдата мастацтвазнаўства Н.Я. Трыфанавай, гэта твор, магчыма, паходзіць са збору вядомага польскага калекцыянера XIX стагоддзя Тамаша Зялінскага) [1, c.27], то карціна «Святая Марыя Магдаліна» выканана ў некалькі інсітнай манеры, характэрнай для народнага майстра. Гэта выяўляецца ў паставе фігуры Магдаліны, адлюстраванні патоку слёз святой, а таксама трактоўцы пейзажнага асяроддзя.
Выгляд «Дабравешчання» XVIII стагоддзя
на момант паступлення на рэстаўрацыйны стол да рэстаўратара
II катэгорыі Святланы Алішэвіч.
Бачны шматлікія страты фарбавага слоя і грунту
па перыметры твора,
праколы асновы (палатна) цвікамі.
Фрагмент твора
да рэстаўрацыі. Бачны страты аўтарскага фарбавага
слоя
і грунту.
Выгляд твора
ў працэсе рэстаўрацыі. Зроблена ўмацаванне фарбавага слоя,
па перыметры падведзены рэстаўрацыйныя грунты.
Выгляд твора
на апошнім этапе рэстаўрацыі. Зроблена расчыстка ад забруджванняў
і старога лаку, таніраванне грунту ў месцах страты фарбавага слоя,
нанесена ахоўнае пакрыццё.
Так выглядала алтарная
карціны «Святая Марыя Магдаліна» да таго, як за яе ўзялася рэстаўратар I
катэгорыі Святлана Ішмаева. Уся паверхня жывапісу
была пакрыта слоем старога лаку (да парашкападобнага стану), прысутнічалі страты грунту
і асыпанні фарбавага
слоя,
а таксама існавала пагроза поўнай дэструкцыі і разлажэння
фарбавага слоя, г.зн. поўная гібель твора.
На гэтым этапе
рэстаўрацыі ажыццёўлены працэс умацавання фарбавага слоя і грунту, пасля чаго
праведзена выдаленне лаку (механічна з выкарыстаннем воднага кампрэсу і
скальпеля). Так як
лак выдаляўся вадой, расчыстка ад яго праведзена
раней, чым падвядзенне рэстаўрацыйнага грунту.
У левым верхнім вуглу на выяве херувіма зроблены зандаж аўтарскага лаку.
Выгляд твора ў
працэсе падвядзення рэстаўрацыйнага грунту.
Выгляд твора пасля
рэстаўрацыйных работ: праведзена поўная расчыстка ад старога лаку, выканана
таніраванне страт і пацёртасцей аўтарскага жывапіснага слоя. Ля ніжняга пруга
пакінуты невялікі кантрольны ўчастак аўтарскага лаку.
Абраз «Святой у вянку» датуецца XVIII стагоддзем, выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу. Твор паступіў у музейны збор у 1974 годзе, але рэстаўрацыйныя работы былі завершаны параўнальна нядаўна.
Так выглядаў
твор, калі паступіў на рэстаўрацыйны стол Элы Пашкінай,
рэстаўратара II катэгорыі. Бачны размахрэнні
асновы і праколы ад цвікоў, асыпанні
фарбавага слоя і грунту,
старэнне лаку.
Фрагмент твора
да рэстаўрацыі. Бачны асыпанні фарбавага слоя.
Выгляд твора
на завяршальным этапе рэстаўрацыі. Былі заладжаны страты асновы,
умацаванне фарбавага слоя, выдаленне пацямнелага лаку,
падвядзенне рэстаўрацыйнага грунту, таніраванне
страт і пацёртасцей
аўтарскага фарбавага слоя.
Абраз «Святой у вянку» выкананы ў манеры, характэрнай для беларускага жывапісу позняга перыяду барока. Ствараючы выяву святой у авальнай раме, жывапісец карануе яго і атачае херувімамі, нібы ўслаўляючы не толькі саму святую, але і яе выяву. Атрымліваецца «партрэт у партрэце». Гэтаму ўражанню спрыяе і пастамент, на якім мацуецца рама з дбайна прапісанымі элементамі разьбы. У гэтым дадзеная кампазіцыя блізкая да наступнага твора «Фератрон. Маці Божая з прадстаячымі святымі».
Жывапісныя адлюстраванні пераноснага створкавага алтара «фератрона» сустракаюцца ў беларускім жывапісе нячаста, і прадстаўленая на выстаўцы кампазіцыя XVIII стагоддзя выклікае жывую цікавасць. Твор паступіў у збор музея ў 2008 годзе, меў дрэнную захаванасць. Пасля рэстаўрацыйных работ, выкананых Святланай Алішэвіч, карціна зайграла ўсёй прыгажосцю сваіх яркіх фарбаў і прадставіла даследчыкам яшчэ адзін прыклад сакральнага жывапісу, выкананы народным майстрам. Пра гэта гаворыць і жывапісная манера мастака, абраная ім каларыстычная гама, пабудова кампазіцыі. Верхняя частка фератрона змяшчае выявы Укрыжавання і Тройцы Новазапаветнай. У цэнтральнай частцы кампазіцыі выява Марыі з дзіцем у іканаграфічным тыпе «Замілаванне», франтальнымі фігурамі з’яўляюцца апосталы Пётр і Павел. Майстар перадае таксама выразную беларускую разьбу, якая ўпрыгожвае пераносны алтар, і дэталі інтэр’ера такія, напрыклад, як лампады, якія высока вісяць і знаходзяцца перад алтаром.
Выгляд твора
да рэстаўрацыі.
Фрагмент твора.
Стан да рэстаўрацыі, бачны страты фарбавага слоя і грунту,
а таксама прыкметы старэння лаку.
Фрагмент твора.
Стан да рэстаўрацыі. Бачны праколы ад цвікоў і разрывы
асновы (палатна).
Фрагмент твора.
Стан да рэстаўрацыі. Бачны размахрэнні,
праколы ад цвікоў і разрывы асновы
(палатна), моцнае забруджванне, стары аўтарскі лак.
Фрагмент твора.
Стан да рэстаўрацыі. Бачны моцныя забруджванні
фарбавага слоя, размахрэнне
асновы.
Выгляд твора
пасля рэстаўрацыі. Былі выкананы ўмацаванне фарбавага слоя,
падклейванне
махрыстых нітак асновы, дубліраванне
палатна, расчыстка ад старога лаку. Быў
падведзены грунт і выкананы таніроўкі ў месцах страты фарбавага слоя.
Асаблівай увагі заслугоўвае «Укрыжаванне», першапачаткова датаванае XIX стагоддзем. Твор паходзіць з Гродзенскай вобласці і паступіў у музейны збор у 2008 годзе ў даволі дрэнным стане. Над ім працавала рэстаўратар I катэгорыі Святлана Дзікуць, і дзякуючы ёй сёння даследчыкі атрымалі магчымасць вывучаць гэты помнік, бо ў працэсе рэстаўрацыі адкрылася дакладная дата стварэння твора «А. Н (?) 1806 ... Jul ...», а датаваных жывапісных выяў «Укрыжавання» ў зборы старажытнабеларускага мастацтва музея няшмат. Для кампазіцыі, прадстаўленай у экспазіцыі выстаўкі, характэрны строгасць і лаканізм. Фігуру ўкрыжаванага Хрыста адрознівае дбайная прамалёўка анатамічнага складу, што дакладна ўказвае на некаторую прафесійную падрыхтоўку жывапісца. У той жа час трактоўка ран і крыві Ісуса, а таксама прапрацоўка пейзажнага асяроддзя сведчаць пра народную манеру мастака. З-за Галгофы мы бачым чырвоныя чарапічныя дахі і белыя сцены будынкаў сапраўды еўрапейскага горада. Дрэвы, што гнуцца пад парывамі ветру, зіготкая маланка і свінцовыя хмары, чароўнае неба, на фоне якога мы бачым фігуру ўкрыжаванага Хрыста, дадаюць кампазіцыі неабходную вастрыню драматызму таго, што адбываецца.
Твор да рэстаўрацыі: бачны шматлікія
страты фарбавага слоя і асновы, заломы палатна, пажоўклы лак і
агульныя інтэнсіўныя забруджванні.
Фрагмент твора,
на якім бачны жорсткія заломы асновы, забруджванні,
памутненне лакавага пакрыцця.
Твор ў працэсе рэстаўрацыі: работа расцягнута на працоўным падрамніку на крафтавыя
палі,
выдаленне забруджанага лакавага пакрыцця фрагментамі, з левага боку зроблены невялікі зандаж.
Твор ў працэсе рэстаўрацыі: выканана
расчыстка і падведзены рэстаўрацыйныя грунты, зроблена
частковае таніраванне грунтоў. Ля ніжняга
правага пруга на малюнку горада бачны кантрольны фрагмент
аўтарскага лаку.
Твор ў працэсе рэстаўрацыі: выканана
поўнае таніраванне грунтоў.
Завяршальны працэс рэстаўрацыі:
выкананы таніроўкі фарбавага слоя і пакрыццё лакам.
Прыведзеныя прыклады сакральнага жывапісу Беларусі XVII–XIX стагоддзяў уяўляюць каласальны інтарэс у кантэксце вывучэння нацыянальнай мастацкай школы і даюць шырокія магчымасці сваім даследчыкам. Старыя палотны і пыльныя, разламаныя дошкі працай і майстэрствам А. Шпунта, С. Дзікуць, С. Алішэвіч, С. Ішмаевай, С. Шацілы, Д. Карліёнава ператвораны ў музейныя каштоўнасці і ўведзены ў навуковы ўжытак. Безумоўна, у рамках адной віртуальнай выстаўкі немагчыма ў поўнай меры раскрыць усю складанасць рэстаўрацыйных работ, але ад гэтага значнасць таго, што робяць беларускія рэстаўратары для захавання нашай культурнай і гістарычнай спадчыны, ніколькі не змяншаецца. У кожным прадстаўленым экспанаце захоўваецца часцінка іх душы.
Літаратура:
1. Алтарны жывапіс Беларусі XVIII–XIX стст. Каталог выстаўкі / Калектыў аўтараў / уступ. артыкулы А.А. Ярашэвіч. – Мн.: НММ РБ, – 35 с.: іл.
2. Высоцкая, Н.Ф. Сакральны жывапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў / Н.Ф. Высоцкая. – Мн.: Беларусь, 2007. – 219 с.: іл.
3. Шпунт, А.С. Маці Божая Адзігітрыя (ДБЖ-69, КП-12470). Запіскі рэстаўратара / А.С. Шпунт // Паведамленні нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Выпуск 8. – Мн.: Белпрынт, 2010. – С. 161–176.
Над выстаўкай працавалі:
рэстаўратар вышэйшай катэгорыі Аркадзь Самуілавіч Шпунт,
рэстаўратар
I катэгорыі Святлана Ішмаева,
рэстаўратар I катэгорыі
Святлана Дзікуць,
рэстаўратар II катэгорыі Эла Пашкіна,
рэстаўратар
II катэгорыі Святлана Алішэвіч,
рэстаўратар II катэгорыі Дзмітрый Карліёнаў,
рэстаўратар III катэгорыі Сяргей Шаціла.
Аўтар тэксту: заг. сектара мультымедыйных тэхналогій Паліна Яніцкая (пад рэдакцыяй А.С. Шпунта).
Фотаздымкі: Майсееў Ю.Ф., Казлоў Д.М.
Вярнуцца >>










.jpg)






