85-годдзе Першай Усебеларускай выстаўкі 1925 года
віртуальная выстаўка

85-годдзе Першай Усебеларускай выстаўкі 1925 года

 Выстаўка прысвячалася юбілею рэвалюцыі 1905 года і 400-годдзю беларускага кнігадрукавання. Адкрылася 6 снежня ў будынку Камуністычнага ўніверсітэта па вул. Універсітэцкай, 27 (зараз – вул. Кірава, 21). Дэманстравалася больш за 1000 твораў. У памяшканні БДМ (будынак царкоўна-археалагічнага музея, потым – Дом мастацтваў) экспанаваліся ўзоры старажытнага мастацтва: крыж Еўфрасінні Полацкай, копіі фрэсак полацкіх цэркваў, кніжныя выданні і інш.Альпяровіч Леў (Лейба) Абрамавіч. 1874–1913. Жанчына ля мора. 1905. Палатно, алей. 42,7х57,3.

У звароце Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б было прапанавана 14 тэм з гісторыі барацьбы беларускага народа супраць сацыяльнага зняволення. Сюды ўвайшлі тэмы паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, барацьбы за савецкую ўладу, грамадзянскай вайны, вызвалення Беларусі Чырвонай Арміяй, адзінства народаў СССР, вобраза У.І. Леніна, барацьбы з міжнародным капіталам і інш. Падрыхтоўчую работу праводзіў выставачны камітэт, членамі якога з’яўляліся загадчык мастацкай секцыі Інбелкульта Язэп Дыла, сакратар секцыі Мікалай Шчакаціхін, прадстаўнік Саюза працаўнікоў мастацтва Арон Касцялянскі. Адборам экспанатаў займалася камісія, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі ЦК КП(б)Б, Інстытута гісторыі пры ЦК КП(б)Б, Наркамасветы, Віцебскага мастацкага тэхнікума і мастакі Міхаіл Філіповіч, Майсей Сляпян, Абрам Бразер, Мікалай Міхалап, Марыя Лебедзева.

Альпяровіч Леў (Лейба) Абрамавіч. 1874–1913. Партрэт дзяўчынкі. 1910-я. Папера, вугаль. 35,5х27,5.

Складаным было пытанне, па якіх катэгорыях адбіраць экспанаты? У рэшце экспертная камісія вырашыла: разнашэрснасць, адсутнасць адзінага погляду і вузкай праграмнасці ў данным выпадку – не мінус, а плюс (“Савецкая Беларусь”, 1925, 9.12). На старонках прэсы з’явіліся артыкулы Івана Цвікевіча, Міколы Шчакаціхіна, Мікалая Каспяровіча, Арона Касцялянскага, Язэпа Дылы, Уладзіслава Ластоўскага, Івана Гаўрыса, Івана Фурмана, Пятра Даркевіча, Сэндара Палееса, Алены Аладавай і інш.

Астаповіч Аркадзь Антонавіч. 1896–1941. Вуліца на вёсцы. 1920-я. Папера, аловак, акварэль, туш, пяро. 26,5х20,5.

Адным з першых быў зварот дзяржаўнага дзеяча І. Цвікевіча на старонках “Трыбуны мастатцва” (№3): ”Мастакі! За працу па арганізацыі выстаўкі, якая выявіць вашыя здольнасці і пакажа беларускім масам вашую творчасць”. Суперпрафесійным можна ахарактарызаваць артыкул-праект М. Шчакаціхіна “З вынікаў Усебеларускай выстаўкі” (“Наш край”, 1926, №2–3), дзе ставілася пытанне аб далейшых шляхах развіцця беларускага выяўленчага мастацтва. Аўтар падкрэсліваў характэрную асаблівасць выстаўкі –“краяведчы ўхіл” па двух кірунках: беларускім і яўрэйскім. Былі адзначаны віды мастацкіх выяў – гарады, вясковыя пейзажы; тыпы –беларускія і яўрэйскія; партрэты дзеячаў палітыкі і культуры; матывы быту, працоўнае жыццё; стылізацыя беларускага народнага і старажытага мастацтва; гісторыя Беларусі і рэвалюцыйны рух.

Бразер Абрам Маркавіч. 1892–1942. Партрэт Ю.М. Пэна. 1921. Палатно, алей. 55х41,5.

Тэма гістарычнага характару знайшла ўвасабленне ў партрэтах Францыска Скарыны ў працах Абрама Бразера, А. Касцялянскага, Якава Кругера. Другая гістарычная тэма – “Кастусь Каліноўскі” – прадстаўлена ў творах Аляксандра Грубэ, Я. Кругера, Валянціна Волкава. “Краязнаўчыя” матывы і народныя тыпы распрацоўваліся ў работах студэнтаў Віцебскага мастацкага тэхнікума, дзе кіраўніком майстэрні малюнка быў Міхаіл Эндэ. Асобныя мастацкія характарыстыкі даваў сам М. Шчакаціхін: “М. Філіповіч – гэта наогул амаль адзіны мастак на выстаўцы, у працах якога зусім няма не беларускіх матываў, творчасць якога наскрозь прасякнута уважлівай цікавасцю і шчырым каханнем да роднае краіны. Гэта – адно з найбольш цікавых і каштоўных з’явішч у нашым сучасным нацыянальным мастацтве, што дазваляе спадзявацца на пышны яе далейшы росквіт”. Краязнаўчыя партрэты – у творах А. Бразера (Я. Купала і Я. Колас), яўрэйскія тыпы – у творах Меера Аксельрода, А. Касцялянскага, Юдэля Пэна.

Бразер Абрам Маркавіч. 1892–1942. Галава яўрэйскага хлопчыка. 1920-я. Папера, туш, пяро. 19х17.

Даследчык адзначаў вялікую колькасць экспанатаў на тэмы пейзажу і тыпаў, якія аўтар лічыў “самымі асноўнымі хібамі”. І ў сувязі з такімі акалічнасцямі кінуў вокліч: “Бліжэй да жыцця і яе рэальных інтарэсаў!”

Віер Гаўрыіл Сямёнавіч. 1890–1964. Юны мастак. 1923. Фанера, алей. 49,9х48,3.

М. Каспяровіч у артыкуле “Краязнаўства ў сучаснай графіцы” (“Наш край”, 1926, №12) вызначыў самае характэрнае: “Натуральна ў нашых графікаў побач з адбіткамі агульнанацыянальных матываў адбіваецца і мясцовая архітэктура, або помнікі (“Калона 1812 года” Яфіма Мініна, “Касцёл Антона” Саламона Юдовіна); мясцовыя тыпы (С. Юдовін, Я. Мінін, Павел Гуткоўскі; мясцовы краявід – Я. Мінін, Анатоль Тычына, С. Юдовін і інш. Перад творцамі ставілася задача: “даваць чулы водгук на акаляючае жыццё, удзел у новым культурным будаўніцтве не толькі мастацкаю, але і мастацка-грамадскаю працаю”.

Волкаў Валянцін Віктаравіч. 1881–1964. Веліж. 1923. Папера, аловак, гуаш. 22х32,5.

У сваім артыкуле “Шляхі выяўленчага мастацтва БССР”(“Узвышша”, 1929, №3) А. Касцялянскі падводзіў слушны вынік: “Ад 1925 г. пачынаецца сістэматычная дзейнасць мастакоў Беларусі ў накірунку арганізацыі перыядычных выставак, заснавання творчых аб’яднанняў і г.д.”. У канцы артыкула прыведзены наступныя выказванні: ”... мы павінны цвёрда зазначыць, што праз высокую мастацкую культуру мы здолеем прайсці да красавання беларскага выяўленчага мастацтва. Першым чынам мы павінны перамагчы правінцыялізм як нашага мастацтва, гэтак і нашага гледача”. Гэтыя словы можна лічыць ключом для адкрыцця новых перспектыў у беларускім мастацтве другой паловы 1920-х. А. Касцялянскі таксама адзначыў моцныя бакі ў творчасці М. Філіповіча ў сэнсе ”майстроўства”, а таксама творы “энергічнага і смелага маляра” Івана Ахрэмчыка і Вячаслава Руцая, “які ўпарта вывучаў праблемы колеру і малярскай формы”. Менавіта А. Касцялянскі назваў “пэўным зрушшам у сучаснай літаграфіі” аркуш Міхаіла Горшмана “Яўрэйскае вяселле”, а таксама тэмы яўрэйскіх мястэчак у кампазіцыйным жывапісным плане, адзначыў творы Якава Тайца, “які бярэ матывы з яўрэйскай вёскі”. Яму спадабаліся графікі С. Юдовін і Я. Мінін: “Сярод графікаў БССР самыя выдатныя Юдовін і Мінін унеслі шмат своеасаблівага ў мастацтва БССР”.

Змудзінскі Генадзь Яўгенавіч. 1897–1938. Альбом малюнкаў, прысвечаных Першай імперыялістычнай вайне. Нямецкая кавалерыя, якую праследуе агонь нашых кулямётаў. 1916. Папера, акварэль, тушь. 27,5х55.

Але надыходзілі новыя часы – 1930-я гады, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “барацьбы з нацдэмам”, фармалізмам, з варожымі буржуазнымі ўплывамі. На старонках сваёй кнігі “Изобразительное искусство БССР” (1932) А. Касцялянскі прапаноўвае іншы, варожы вобраз той Першай: ”Характерно, что на этой выставке национал-демократы считали нужным также демонстрировать стародавнее искусство Беларуси, заключающееся в иконах будто бы белорусского письма и стиля”. Аўтар адзначае “кулацкие реставраторские тенденции национал-демократии”, абвяшчае Кастуся Каліноўскага “героем польской шляхты”. Ён канстатуе, што большая частка мастакоў “проявляла националистические тенденции, идя в своих работах от белорусской церкви, скорининской библии, слуцких поясов и др.”. У полі зроку мастацтвазнаўцаў і крытыкаў, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “вульгарны сацыялагізм”, асобная ўвага надавалася творам Я. Мініна, Рамана Семашкевіча, П. Даркевіча і інш. А. Касцялянскі выказваўся: “У гравюрах Мініна “Цыкл вайны” адчуваецца ўплыў экспрэсіянісцкай чырвонай групы Нямеччыны і ёсць небяспека рэмаркізму” (ЛІМ, 1932, №24, 15.12). “Сярод мастакоў БССР былі класава варожыя выступленні, як эксперыментаванні віцебскага мастака Мініна на 5 Усебеларускай выстаўцы ў экслібрысе для Віцебскага музея, у якім маецца яскравая ідэалізацыя панскага мінулага ў Беларусі” (ЛІМ, 1933, 6.11). Аўтар не чураецца і самакрытыкі: “Гэтыя ўплывы буржуазнага мастацтва адчваюцца, у прыватнасці, і ў маёй творчай практыцы”(ЛІМ, 1932, 3.04). Віцебскі даследчык Аркадзь Падліпскі – аўтар артыкула “Один экслибрис – и вся жизнь” даследуе адносіны да творчасці Мініна былога дырэктара Віцебскага мастацкага тэхнікума Віталя Вольскага (“Народное слово”, 2007, 03.04). Застаецца адно пытанне: хто нацкаваў гэтых таленавітых творцаў на таленавітых мастакоў, якія былі вядомы ў мастацкіх і грамадских колах? У прыватнасці, Мінін – сябра таварыстваў краязнаўства і бібліяфілаў, беларускага таварыства мастакоў, Камісіі гісторыі мастацтва ІБК.

Кудрэвіч Уладзімір Мікалаевіч. 1884–1957. Раніца вясны. 1924. Палатно, алей. 101х79,5.

У гэтым годзе А. Касцялянскаму споўнілася б 120 гадоў. Ён быў актыўным дзеячам беларускага мастацтва ў сферы арганізацыі выставак і творчых калектываў. На Першай экспанаваліся яго жывапісныя палотны пад назвамі, тыповымі для творцы яўрэйскай нацыянальнасці: эцюды з цыкла “Мястэчка”, “Яўрэй-земляроб”, “Хлопчык з казой”, “Партрэт артыста”. У калекцыі НММ РБ захоўваюцца яго палотны “ Сінагога ў Нароўлі”, “Швачка”, “Піянеры”. Як і мастакі Я. Мінін, Р. Семашкевіч, браты Пётр і Хрыстафор Даркевічы, Іван Гаўрыс, мастацтвазнаўцы М. Шчакаціхін, М. Каспяровіч, Я. Дыла, І. Цвікевіч, а таксама яго сябра Ізі Харык былі рэпрэсіраваны ў 1937 годзе. А. Касцялянскі гэтага ўжо не ведаў, бо пайшоў з жыцця ў 1934 годзе.

Лебедзева Марыя Васільеўна. 1895–1942. Экслібрыс А.М. Макаравай. 1925. Папера, клішэ. 6,9 х 5,5.

Крытэрыямі паспяховасці Першай Усебеларускай сталі шмат якія структурныя вызначэнні, што да гэтага часу маюць незвычайную навуковую прыцягальнасць. Перш за ўсё – каталог са зместам экспазіцыі па трох аддзелах. Першы – жывапіс, графіка, скульптура, другі – тэатр, трэці – прыкладное мастацтва.

Невядомы мастак. Беларускі мастацкі тэхнікум. Мужчына з ражком. 1925. Кардон, акварэль, гуаш. 72х42.

Бадай, самым галоўным у мастацкім жыцці краіны 1920-х гг. стаў працэс засваення мастацкай спадчыны, аб чым сведчаць экспанаты ўсіх трох аддзелаў. Гэта замалёўкі слуцкіх паясоў, народных строяў, сялянскага побыту, працы. Вынікам навукова-грамадскай дзейнасці мастакоў стаў альбом пад назвай “Слуцкія паясы”, аўтарамі якіх былі М. Філіповіч, М. Лебедзева, А. Тычына. Яскравым сведчаннем гістарычнасці Першай з’яўляецца творчая дзейнасць Язэпа Драздовіча, на палотнах якога – вобразы славутых дзеячаў гісторыі, помнікі дойлідства. М. Філіповіч уразіў сваёй этнаграфічнай феерыяй купальскае свята. Яна – ад натуральных вытокаў народнай культуры, дзе шануецца метафара, свабода формы. Плённа выкарыстоўваліся ўзоры народнага мастацтва – арнамент, ці ткацтва (П. Гуткоўскі), вышыўка (А. Тычына), шрыфты, што стылізаваліся пад скарынінскія (П. Гуткоўскі, М. Лебедзева, М. Эндэ). Лебедзева замалёўвала фрэскі і роспісы полацкіх цэркваў.

Пэн Юрый Майсеевіч (Юдаль Моўшавіч). 1854–1937. Шавец-камсамолец. 1925. Кардон, алей. 99х78.

Удзельнікамі сталі ў будучым вядомыя творцы і дзяржаўныя дзеячы, педагогі, народныя мастакі Заір Азгур, А. Грубэ, В. Волкаў, Аскар Марыкс, заслужаныя – Я. Кругер, А. Бразер, Уладзімір Кудрэвіч, Леў Лейтман, Алена Аладава, Уладзімір Сухаверхаў. Станавіліся “на крыло” маладыя творцы, лёсы якіх у далейшым працягваліся ў Фінляндыі (Алексантэры Ахола-Вало), Маскве (М. Філіповіч, Р. Семашкевіч, Алесь Быхоўскі, Іван Гаўрыс, М. Аксельрод, М. Горшман і інш. студэнты ВХУТЭМАСа і Акадэміі мастацтваў), Ленінградзе (С. Юдовін, М. Лебедзева, Валерый Дваракоўскі), на захадзе Беларусі (Я. Драздовіч). Экспанавалі свае творы студэнты Віцебскага мастацкага тэхнікума Алесь Пузынкевіч, Мікалай Гусеў, Алесь Булычоў, Валянцін Дзежыц і інш.

Станюта Міхаіл Пятровіч. 1881–1974. Партрэт дачкі. Эскіз да партрэта. 1923. Кардон, тэмпера. 87,7х60,2.

Графіка Першай – выдатны струмень чыстай вобразнасці. Менавіта графіка сцвярджала магчымасці стварэння сінтэзу мастацтваў. Аўтар плакатных аркушаў “Набат”, “Левіафан” Аляксандр Быхоўскі дэманстраваў стылявыя разнавіднасці мадэрнізму. Яго кампазіцыі мелі выгляд складаных канструкцый з геаметрычных формаў, дзе аўтар шырока выкарыстоўваў зааморфныя матывы яўрэйскага выяўленчага фальклору. Стылявое адзінства дэманстраваў у сваіх пейзажных аркушах Аркадзь Астаповіч. Для П. Гуткоўскага тэхніка не стала самамэтай, ён імкнуўся перадаваць вобразную ідэю такіх выданняў, як “Маладняк”, “Малады араты”, абапіраючыся на нацыянальную тэматыку, рэаліі і каштоўнасці з выявамі Францыска Скарыны, Францішка Багушэвіча, паэтаў-маладнякоўцаў. Касмічная тэматыка – аснова лінарыта А. Вало, дзе ў зорнай прасторы над планетай Зямля лунае штучны падарожнік! І гэта да яго сапраўднага стварэння і запуску на арбіту?!

Тычына Анатоль Мікалаевіч. 1897–1986. Гомель. У парку. 1923. Папера, чорная акварэль, каляровая туш. 14х20,5.

Такім чынам быў пакладзены дыялог, які паспрыяў кансалідацыі мастацкіх сіл, выяўленню здольнасцей творцаў і згуртаванасці на адзінай платформе думак, творчых стыляў дзеля актыўнага ўдзелу ў будаўніцтве новага грамадства.

Філіповіч Міхаіл Мацвеевіч. 1896–1947. На купалле. Паміж 1921–1922. Кардон, алей. 71х84.

У калекцыі НММ РБ знаходзяцца 50 твораў-экспанатаў Першай Усебеларускай мастацкай выстаўкі. Спадчыну складаюць “На Купалле” М. Філіповіча, дзе адлюстравана архаічнае беларускае народнае свята, рытуал, які мае дагістарычны пачатак. “Партрэт дачкі” Міхаіла Станюты адлюстроўвае маладую актрысу, постаць і настрой якой перадаюць адчуванне абуджанасці, вялікіх надзей. У славутым пейзажы У. Кудрэвіча “Раніца вясны” выкарыстаны традыцыі імпрэсіянізму, якія раней не атрымалі ў беларускім жывапісе сваёй творчай апрабацыі. Партрэт Ю. Пэна пэндзля А. Бразера – яскравае сведчанне цікавасці аўтара да асобы свайго сучасніка, віцебскага мастака-настаўніка. Сам майстар экспанаваўся партрэтам вучня Іосіфа Туржанскага “З балкона” і станковай карцінай “Камсамолец-шавец”. Аўтар сюжэтнай кампазіцыі “За чытаннем” Леў Альпяровіч, вучань Ільі Рэпіна і прыхільнік прынцыпаў мастацтва перасоўнікаў, набыў вядомасць як пясняр жыцця і быту мінчукоў. Палатно “На беразе мора” зараз выглядае рамантычным пейзажам, які ўпрыгожвае фігура маладой жанчыны. Экспанаваліся малюнкі “Партрэт юнака”, “Групавы партрэт”, “Партрэт невядомай”. Гаўрыіла Віера натхніў вобраз “Маладога мастака”, што схіліўся над малюнкам. А. Тычына прысвяціў свае творы Гомельскаму парку, якія кампануюцца з графічных формаў і выяў. П. Гуткоўскі зафіксаваў адзін з прыгажэйшых момантаў прыроды – каляровую навальніцу ў акварэльным аркушы “Гумно”. А. Бразер дэманстраваў партрэт пад назвай “Галава хлопчыка” ў тэхніцы атраманта (чарнілы). В. Волкава захапіла відовішча аколіц Веліжа з Заходняй Дзвіной на пярэднім плане. Песняром пейзажа розных пор года прадстаў А. Астаповіч (“Раніца”, “Зімовы дзень”, “Старыя могілкі”, “Вуліца на вёсцы”). Дзесяць малюнкаў з альбома аб падзеях першай імперыялістычнай вайны прапанаваў мастак Генадзь Змудзінскі. Яго твор “Калікі перахожыя” ў тэхніцы акварэлі – своеасаблівая ілюстрацыя жыцця беларускага народа на дарогах вайны. Серыю графічных вобразаў беларускіх сялян з прадметамі працы і быту (сярпом, граблямі, збанам, ражком, народнымі інструментамі) дэманстравалі навучэнцы Віцебскага мастацкага тэхнікума. Калекцыю дапаўняюць эскізы распрацовак ткацтва і вышыўкі. Настаўніца майстэрні малюнка М. Лебедзева выставіла экслібрысы, адзін з якіх прысвячаўся сяброўцы Макаравай.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва, кандыдат мастацтвазнаўства Л.Д. Налівайка

Вярнуцца >>