Юбілейная выстава Віктара Аляксандравіча Грамыкі, да 95-годдзя мастака
29.12.2017-02.02.2018 (Урачыстае адкрыццё -3 студзеня а 17-й гадзіне)

Юбілейная выстава народнага мастака Рэспублікі Беларусь, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Віктара Аляксандравіча Грамыкі адкрывае ў 2018 годзе серыю персанальных экспазіцый майстроў, якія сталі класікамі беларускага мастацтва ХХ стагоддзя.

Прымеркаваная да 95-годдзя мастака выстава дэманструе толькі малую частку спадчыны таленавітага партрэтыста і пейзажыста, майстра сюжэтна-тэматычнай карціны, які ўвасобіў подзвіг і непахіснасць беларускага народа ў цяжкіх умовах вайны. Імя гэтага мастака для многіх аматараў і знатакоў мастацтва таксама стала сінонімам манументальнасці, эпічнасці, прасторы і шыраты, якіх можна дасягнуць у пейзажным мастацтве. З-пад пэндзля Віктара Грамыкі выйшлі цудоўныя пейзажы-карціны, што распавядаюць пра перадсвітальныя туманы і ўзараныя палі, пра родную зямлю, убачаную з вышыні птушынага палёту, і ўрачыстасць неба, пра сінь беларускіх азёр і квітнеючы лён. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь захоўвае каля 40 твораў мастака, два з якіх упрыгожваюць пастаянную экспазіцыю.

Візітнай карткай, якая доўгія гады прадстаўляе творчасць Віктара Грамыкі ў пастаяннай экспазіцыі музея, стала хрэстаматыйнае палатно «1941. Над Прыпяццю» (1970). Чалавек ваеннага пакалення, член падпольнай арганізацыі Канстанціна Заслонава ў Оршы, рэдактар газеты «Народныя мсціўцы» Віктар Грамыка як ніхто іншы здолеў перадаць драматызм і трагічнасць ваенных падзей, дасягнуць адчування маўклівага крыку ў карціне. 18-гадовым маладым чалавекам ён сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны, што перапыніла звыклую плынь жыцця і пару шчаслівага юнацтва. Стаўшы мастаком, ужо ў 1960-я гады ён аддаў даніну тэме Вялікай Айчыннай вайны. «Салдаты» (1967), «Песня аб маім атрадзе» (1978) і іншыя творы мастака – гэта своеасаблівыя аўтабіяграфічныя сведчанні трагедыі мінулай вайны, якія пад пэндзлем майстра набылі эфект прысутнасці, датычнасці гледача да момантаў, перажытых аўтарам.

У 1960-я гады фарміруецца і пейзажны код мастака. Да ліку праграмных палотнаў Грамыкі належаць панарамныя эпічныя пейзажы «Полымя лістапада» (1977), «Зямля» (1971), «Чырвоныя землі Полаччыны» (1970), прадстаўленыя на выставе. Гэтыя палотны сведчаць аб новым разуменні задач пейзажнага жанру, аб выяўленні філасофскай дыхатаміі «малая радзіма – Вялікая зямля», які вызначыў увесь далейшы творчы шлях мастака. Простая і някідкая беларуская прырода, палі і палоскі лесу, возера і берагі ў оптыцы мастака ператвараюцца ў вялікі і магутны арганізм, адкрываючы манументальнасць і складанасць, сілу і глыбіню ў кожным, на першы погляд, выпадковым матыве.

Грунтоўны ва ўсім, Віктар Грамыка актыўна заявіў сябе і ў грамадскай і выкладчыцкай дзейнасці. Каля 40 гадоў мастак выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, быў дэканам мастацкага факультэта, кіраўніком персанальнай творчай майстэрні Беларускай акадэміі мастацтваў. У 2000 годзе Віктар Грамыка быў абраны ганаровым членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Творчасць Віктара Грамыкі нязменна суадносіцца з глыбокімі маральнымі ідэаламі, высокімі ўяўленнямі пра сэнс жыцця, ідэямі патрыятызму і любві да сваёй зямлі і да свайго народу.

Вярнуцца >>