Выстава "Уладзімір Хадаровіч. Жывапіс". Да 70-годдзя мастака
з 21 сакавіка да 22 красавіка 2018 года (адкрыццё выставы 20 сакавіка а 17-ай гадзіне)

20 сакавіка 2018 года а 17-ай гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца урачыстае адкрыццё выставы "Уладзімір Хадаровіч. Жыва піс". Да 70-годдзя мастака.

Уладзімір Хадаровіч нарадзіўся ў 1947 г. у горадзе Слуцку. У 1977 г. скончыў аддзяленне станковага жывапісу Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў. Лаўрэат першай прэміі рэспубліканскага конкурсу сярод жывапісцаў (1993).

Уладзімір Паўлавіч – прызнаны майстра нацюрморта. У сваёй творчасці аўтар арганічна спалучае дакладнасць натуры з глыбінёй духоўнай спадчыны беларускай культуры. Упэўненае далікатнае пісьмо падкрэслівае значнасць прадметаў, выяўленых на палатне. Старадрукі, кераміка, абразы, даматканыя ручнікі – культурны пласт, які мастак адлюстроўвае для адраджэння нацыянальнай самасвядомасці праз сваю любоў да радзімы і мастацтва.

Жывапіс Уладзіміра Паўлавіча сумяшчае ў сабе тонкія нюансы, пяшчотны серабрысты каларыт, строгую ўстойлівую кампазіцыю, рытм і плаўнасць форм. У пейзажах талент мастака раскрываецца з другога боку. Паэтычны настрой, асаблівае бачанне прыроды, глыбокае асабістае яе асэнсаванне прываблівае гледача і не пакідае яго абыякавым.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, а таксама ў прыватных калекцыях і галерэях як на радзіме, так і далёка за яе межамі.

Выстава будзе працавать да 22 красавіка 2018 года

Вярнуцца >>