Выстава твораў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Да Дня памяці і смутку беларускага народа – 75-годдзю трагедыі Хатыні
з 22 сакавіка

Дзень памяці трагедыі Хатыні. У гэты дзень, 22 сакавіка, у 1943 годзе нацысцкія карнікі спалілі беларускую вёску Хатынь разам з усімі яе жыхарамі – у асноўным жанчынамі, старымі і дзецьмі. Гэта адна з крывавых старонак гітлераўскага генацыду часу Вялікай Айчыннай вайны ў нашай краіне.

За час акупацыі 1941–1944 гадоў лёс Хатыні падзялілі 628 беларускіх вёсак, спаленых разам з насельніцтвам, 186 вёсак ужо ніколі больш не адрадзіліся. Гэтую трагедыю немагчыма забыць.

Тры пакаленні беларускіх мастакоў стварылі свой летапіс падзей Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў. Гэтыя творы складаюць вялікую і значную частку калекцый сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

За манументальную серыю каляровых літаграфій «Памяці вогненных вёсак» (1979–1985) аўтар, народны мастак Беларусі, прафесар Васіль Пятровіч Шаранговіч, у 1986 годзе быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.

Назва серыі з’явілася пад уражаннем ад кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Івана Калесніка «Я з вогненнай вескі...» (1975), дзе сабраны сведчанні людзей, якім выпадкова пашчасціла выратавацца падчас знішчэння фашыстамі жыхароў беларускіх вёсак.

Графічныя аркушы серыі працяты любоўю да Радзімы, да родных людзей. Кампазіцыйнае ўвасабленне, тэхніка і колеры твораў – своеасаблівы сплаў, з якога народны мастак Васіль Шаранговіч рэалістычна і падрабязна стварыў свой мемарыял памяці трагедыі Хатыні, раскрываючы злачынства гітлераўскіх акупантаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва Беларусі. Чырвоны і чорны – два асноўныя колеры твораў. Чырвоны – колер агню і крыві, чорны – попелу пажарышчаў. Ствараючы кампазіцыі, спалучаючы рэальнае з ірэальным, максімальна канцэнтруючы ўвагу гледача на вочы і асобы персанажаў, Шаранговіч знаходзіць да болю дакладныя вобразы безабаронных, але мужных людзей. Асэнсаванне духоўнага подзвігу і трагедыі беларускага народа ў серыі – гэта словы мастака ў размове з сучаснікам, з душой кожнага гледача. Цыкл складаецца з дзевяці работ, у кампазіцыйнай пабудове кожнай з іх ёсць агульны сімвал – вобраз полымя вайны. Агню, што знішчае, разрывае прастору, напоўненую рухам людзей, які адлюстроўваецца ў вачах старых, крывава-чырвоным колерам асвятляючы апошнія імгненні жыцця дзіцяці на руках маці. У графічную серыю мастак уключае і свае ўспаміны пра вайну. Так, адна з работ «Партызанскі каваль» прысвечана бацьку мастака.

Серыя Васіля Шаранговіча «Памяці вогненных вёсак» – прысвячэнне чалавечай мужнасці і стойкасці беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, увасобленае строгімі сродкамі графікі гучання набату званоў Хатыні.

 

Васіль Пятровіч Шаранговіч (нар. 14 студзеня 1939 г. у в. Качаны Мядзельскага р-на Мінскай вобл.) – беларускі графік, жывапісец, педагог. Народны мастак Беларусі (1991), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986), заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986), прафесар (1981). Член Беларускага саюза мастакоў з 1970 г. Выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) з 1967 г., у 1989–1997 гг. – рэктар. 1997–2009 гг. – дырэктар Музея сучаснага мастацтва ў Мінску.

Працуе ў кніжнай і станковай графіцы і жывапісе. Майстар ілюстрацый да твораў нацыянальнай і сусветнай літаратуры. Творчая спадчына прадстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і інш.

Вярнуцца >>