Аляксандр Васільевіч Канавалаў. Маргіналіі, або нататкі на палях / Жывапіс. Графіка
24.08 - 23.09.2018 (адкрыццё 23 жніўня а 17-й гадзіне)

23 жніўня 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы мастака з Полацка Аляксандра Васільевіча Канавалава (нар. 1948) “Маргіналіі, або нататкі на палях”, прымеркаванай да 70-годдзя з дня нараджэння. У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за 40 твораў жывапісу і графікі з калекцыі аўтара, створаных ім за апошнія 20 гадоў. Кароткаметражны фільм “Майстар-клас ад аўтара”, які будзе прадэманстраваны, раскажа пра займальны працэс ператварэння “чыстага ліста” ў закончаны твор. Экспанаванне выставы пройдзе з 24 жніўня па 23 верасня 2018 года.

Яркі, дынамічны майстар з’яўляецца асобай складанай і шматграннай, адчувальнай і ўзнёслай. У сваім імкненні пазнаць і адлюстраваць свет ён, як дэміург, таленавіты чалавек і мастак, які ўжо даўно знайшоў сябе, рэдка бывае задаволены вынікамі ўласнай творчай працы. Назва юбілейнай выставы раскрывае спецыфіку творчасці мастака апошніх дзесяцігоддзяў. Тэрмін “маргіналіі” (у перакладзе з латыні – “які знаходзіцца на краі”) абазначае малюнкі і запісы на палях кніг, рукапісаў, лістоў, што ўтрымліваюць каментарыі, тлумачэнні, меркаванні адносна фрагментаў тэксту ці думкі. У гісторыі беларускага мастацтва Аляксандр Канавалаў пакідае свае мастакоўскія “нататкі”, якія выбіваюцца з агульнага рэчышча.

У сваёй творчасці мастак рухаецца да карціны, якая не столькі “адлюстроўвае”, малюючы знешняе, колькі выказвае ўнутранае. Ён адзначае для сябе, што “мастацтва гэта не проста гульня, гэта тое няўлоўнае падсвядомае, спазнаўшы якое і даверыўшыся яму, можна наблізіцца да ілюзорнай сутнасці светабудовы”. Метад калажу, які выкарыстоўваецца ў якасці галоўнага прынцыпу формаўтварэння, пры ўсім сваім пастаянстве вельмі варыятыўны, і мастак па-майстэрску і свабодна пераадольвае магчымыя моманты аднастайнасці. У яго жывапісных палотнах і графічных аркушах выяўляецца прыцягальная сіла, якая прымушае ўглядацца ў гэтыя складаназлучаныя кампазіцыі, напоўненыя колерам, лініямі і гульнёй фактур. Яго жывапісна-рэчавыя калажы з’яўляюцца фрагментамі рэальнага свету, нясуць тактыльную інфармацыю. Мастак шукае іншы, звышпачуццёвы ўзровень ўспрымання, у якім інтуітыўна, магчыма, і раскрываецца “быццё ў сваёй сапраўднасці ў пазачасавым кантынууме”.

 

Аляксандр Васільевіч Канавалаў

Нарадзіўся 1 мая 1948 года ў г. Кіравабадзе (сёння – п.г.т. Пяндж), Таджыкістан.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М. Кірава (зараз – Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава) у 1976 годзе. Вучыўся ў Альберта Васільевіча Някрасава.

Удзельнік мастацкіх выстаў з 1991 года.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1995 года.

Член Міжнароднай грамадскай арганізацыі мастакоў “Сонечны квадрат” (сёння – Міжнароднае грамадскае аб’яднанне мастакоў “Сонечны квадрат”) з 1998 года.

Жыве і працуе ў Полацку.

У 1976–1981 гг. – мастак Віцебскіх мастацка-вытворчых майстэрняў. У 1986–1987 гг. працаваў мастаком-рэстаўратарам у Полацкім гісторыка-археалагічным музеі-запаведніку (цяпер – Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік). У 1987–1991 гг. выкладаў жывапіс у Полацкай дзіцячай мастацкай школе. У 1990–1996 гг. быў адным з заснавальнікаў прыватнай галерэі “Рыса” ў Полацку.

Працуе ў станковым жывапісе і графіцы, ствараючы на плоскасці кампазіцыі з сінтэзу абстрактнага мастацтва і тэхнікі калажа.

Творы знаходзяцца ў фондах Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь (Мінск), Музея Марка Шагала ў Віцебску, Мастацкага музея чарапавецкага музейнага аб’яднання (Чарапавец, Расія), Музея сучаснага мастацтва на Дзмітраўскай (Растоў-на-Доне, Расія), у калекцыі галерэі “Du Beau” (Борнхайм, Германія), а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.

Начны дождж. 2010 г. Палатно, акрыл, калаж. 40х50 см

Уласнасць аўтара

Ускраіна. 2013 г. Палатно, акрыл, калаж. 40х50 см

Уласнасць аўтара

 

Куратар выставы – Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва.

 

Вярнуцца >>