17 лютага - да 17чэрвеня 2012 года 17 лютага - да 17чэрвеня 2012 года

З 17 лютага 2012 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будуць упершыню прадстаўлены 4 слуцкія паясы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Літвы ў Вільнюсе. Многія памятаюць выстаўку шаўковых паясоў з Гістарычнага музея Масквы, якая праходзіла ў нашым музеі на працягу 2008–2010 гг. Некаторыя гледачы тады ўпершыню ўбачылі шырока вядомыя па літаратурных творах слуцкія паясы. Гістарычна склалася так, што ў музейных зборах Беларусі гэтыя рарытэты прадстаўлены адзінкавымі помнікамі ў адрозненне ад Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны. Улічваючы вялікую цікавасць публікі да нацыянальнай спадчыны, плануецца і ў далейшым дэманстраваць паясы з розных збораў у музейнай экспазіцыі.

Слуцкія паясы 

 

Слуцкія паясы прызнаныя ва ўсім свеце нацыянальнай рэліквіяй беларускага народа як унікальны від ручнога ткацтва і сімвал самавызначэння нацыі. Па-майстэрску выкананыя шэдэўры ткацтва ствараліся на працягу сярэдзіны XVIII – першай паловы XIX стагоддзя на мясцовых мануфактурах, самай вядомай з якіх была Слуцкая.

На выстаўцы прадстаўлены паясы са збору Літоўскага мастацкага музея (Вільнюс).

Паясы былі важнай часткай мужчынскага касцюма, служылі сімвалам узроўню ўлады і багацця яго ўладальніка, суправаджалі чалавека ў розных жыццёвых сітуацыях. На выстаўцы экспануецца партрэт пэндзля Валенція Ваньковіча (1800–1842), які адлюстроўвае слонімскага маршалка дваранства Войцеха Пуслоўскага ў традыцыйным касцюме шляхціца з поясам слуцкага тыпу. Гэты прыклад дае ўяўленне пра значнасць пояса і яго дэкаратыўную ролю ў шляхецкім касцюме.

Узорнымі лічылі вырабы майстроў з Асманскай імперыі, Персіі (Ірана), Кітая. Прывазныя паясы былі рэдкімі і дарагімі, таму ўзнікла неабходнасць стварэння мясцовых мануфактур (“персіярань”) па вытворчасці падобных рэчаў. У 1758 г. князь Міхал Казімір Радзівіл запрасіў са Станіслава (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна) ткача Яна Маджарскага (? – 1800 або 1801) для працы спачатку на Нясвіжскай, а пасля – Слуцкай мануфактуры. Армянскі майстар, родам са Стамбула, перанёс у Рэч Паспалітую ўсходнюю традыцыю вырабу шаўковых паясоў і навучыў свайму рамяству мясцовых ткачоў.

З цягам часу на змену экзатычным усходнім букетам прыходзяць матывы мясцовай флоры – лёгка распазнавальныя незабудкі, валошкі, макі, званочкі. Пояс упрыгожваўся махрамі, на аблямоўцы змяшчалі ткацкую марку з вытканым імем майстра (“Ян Мажарски”, “Лео Мажарски”) ці месцам вытворчасці (“Слуцкъ”, “Въ грдъ Слуцкъ”). З 1781 па 1807 гг. мануфактуру арандуе сын Яна Маджарскага Лявон Маджарскі (1740–1811). Ён развіў і ўдасканаліў дэкаратыўнае і колеравае рашэнне паясоў, паспяхова прадоўжыў іх вытворчасць. На выстаўцы прадстаўлены два поясы перыяду работы Яна Маджарскага (1767–1780), адзін – з яго меткай і два – з меткай “Лео Мажарски”, затканыя залацістымі і сярэбранымі ніцямі. Яны адметныя вытанчанай колеравай гамай, па канцах тонкі і складаны малюнак з кветкавых букетаў і авальных картушаў, увітых расліннымі парасткамі з кветкавымі вянкамі ўнутры.

У выніку канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння этнічных зямель Беларусі да Расійскай імперыі асартымент Слуцкай мануфактуры скарачаецца. Пасля паўстання 1831 года нашэнне традыцыйнага касцюма шляхты становіцца знакам палітычнай ненадзейнасці – выходзіць з ужывання і слуцкі пояс. Мануфактура закрылася ў 1848 годзе; яна існавала галоўным чынам дзякуючы вытворчасці паясоў. У другой палове XIX ст. паясы становяцца прадметам калекцыяніравання.

Яшчэ ў перыяд росквіту вытворчасці з’явіліся фабрыкі, якія выпускалі паясы па ўзорах, распрацаваных у Слуцку. Самым вядомым арганізатарам вырабу паясоў у Польшчы быў армянін Пасхаліс Якубовіч (? – 1816 або 1817). Ткацкім знакам яго фабрыкі было велікоднае ягня з харугвай. Выпускалі такія паясы ва Украіне, Францыі, Аўстрыі.

Слуцкія паясы – унікальная з’ява нацыянальнай мастацкай культуры. Дзякуючы развітаму мастацкаму густу і прыроднаму пачуццю колеру беларускія майстры ўнеслі вялікі ўклад у гісторыю еўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Слуцкія паясы з іх бездакорнай кампазіцыйнай гармоніяй і своеасаблівай вытанчанай арнаментыкай з’яўляюцца адным з найвышэйшых дасягненняў сусветнай мастацкай культуры.

 

ВАЛЕНЦІЙ ВАНЬКОВІЧ (1800–1842)

ПАРТРЭТ ВОЙЦЕХА ПУСЛОЎСКАГА (1762–1833),

МАРШАЛКА ДВАРАНСТВА СЛОНІМСКАГА ПАВЕТА. Да 1833

Палатно, алей. 102х82

Літоўскі мастацкі музей, г. Вільнюс

 

“Кунтушовы старац”

 

Гэта першы твор пэндзля Валенція Ваньковіча, які экспануецца ў Беларусі пасля 1919 года. Партрэт Войцеха Пуслоўскага мог быць замоўлены маладому Ваньковічу як у Вільні, дзе ён вучыўся ва ўніверсітэце (1818–1824), так і ў Пецярбургу, дзе мастак працягваў сваю адукацыю ў Акадэміі мастацтваў (па 1829 год). І Вільню, і Пецярбург Войцех Пуслоўскі неаднаразова наведваў у сувязі са сваёй актыўнай грамадскай дзейнасцю. Партрэт мог быць напісаны і на слонімскай зямлі. У родзе Пуслоўскіх там быў не адзін маёнтак, а Валенцій Ваньковіч, яшчэ будучы студэнтам, часта бываў у тых краях – на радзіме сваёй жонкі Анелі з роду Растоцкіх.

Войцех Пуслоўскі герба “Szeliga” (odm.) – прадстаўнік старадаўняга шляхецкага роду Рэчы Паспалітай, вядомы грамадска-палітычны і гаспадарчы дзеяч беларуска-літоўскіх зямель, правадыр дваранства Слонімскага павета з 1797 па 1816(?) гады, уладальнік шэрага маёнткаў у Слонімскім, Кобрынскім, Гродзенскім, Пінскім, Віленскім, Трокскім і іншых паветах у той час Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі – тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы. Самыя вядомыя з іх – Пескі і Альбярцін, а таксама Мерачоўшчына – радзіма Тадэвуша Касцюшкі – і Косава (рэстаўрацыя палаца Пуслоўскіх у Косаве скончыцца праз некалькі гадоў).

Войцех Пуслоўскі, сын Францішка, падстольніка рэчыцкага, і Саламеі з роду Грабоўскіх, нарадзіўся ў 1762 годзе ў радавым маёнтку Пескі Слонімскага павета (цяпер вёска Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці). У 1799 (?) годзе ажаніўся на Юзэфе з роду Друцкіх-Любецкіх, дачцэ пінскага кашталяна Францішка і Генавефы з Алізараў. У шлюбе з семярых дзяцей выжыла пяцёра сыноў (Францішак, Уладзіслаў, Цітус, Ксаверый, Вандалін) і дачка Генавефа, у замужжы Тызенгаўз.

Пуслоўскі атрымаў у спадчыну толькі добрае імя і невялікі радавы маёнтак. Але, удала ажаніўшыся і набыўшы карысныя сувязі, у канцы жыцця валодаў ужо тысячамі сялянскіх душ і прыстойным капіталам, скупляў казённыя маёнткі за невялікія грошы, будаваў разнастайныя фабрыкі (суконныя, папяровыя і інш), адкрываў прадпрыемствы (па вырабе шкіпінару, алкагольных напояў). Не забываў дзейны шляхціц і аб вечных каштоўнасцях: Пуслоўскі ўзначальваў Віленскае Дабрачыннае таварыства, ахвяраваў грошы на рамонт і ўтрыманне храмаў, а таксама на іх будаўніцтва. У Альшэва (цяпер вёска Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці) на яго сродкі быў узведзены храм Святога Войцеха з капліцай-пахавальняй, дзе пасля Пуслоўскі і знайшоў свой апошні прытулак.

Войцех Пуслоўскі на партрэце Ваньковіча паўстае асобай выдатнай – заможным, прадпрымальным і кемлівым у справах, франтам і моднікам і пры ўсім гэтым – чалавекам вельмі набожным. Сучасніца назвала яго «кунтушовым старцам»: «Рыхтуючыся да вяселля дачкі, замовіў сабе столькі шаўковых кунтушоў, колькі сукенак мелася ў дачкі-нявесты». Твар шляхціца, добра змадэляваны мастаком, прыцягвае ўнутранай энергіяй, аптымізмам, упэўненасцю ў сабе. Чырвоны крыж ордэна Св. Ганны I ступені Пуслоўскі атрымаў за фінансавую падтрымку і пастаўкі рускай арміі ў антынапалеонаўскай кампаніі 1812 года. Высокая расійская ўзнагарода на старапольскім кунтушы з багатым слуцкім поясам дазваляе мастаку адлюстраваць своеасаблівасць беларускай шляхты, якая жадае прымірыць у сваёй свядомасці гістарычную памяць з новай рэчаіснасцю.

Выстаўка будзе працаваць да 17чэрвеня 2012 года.

Вярнуцца >>