Інклюзіўны арт-праект "І адчуваючы, бачыць…"
03.12.2018 - 03.02.2019

Інклюзіўны арт-праект створаны беларускім мастаком Васілём Зянько ў сааўтарстве з невідушчай піяністкай Марыяй Рудко. У дадзеным праекце гарманічна перапляліся жывапіс і літаратура. Арыгінальная ідэя выставы нарадзілася ў Васіля яшчэ падчас яго ўдзелу ў інклюзіўных творчых лабараторыях «ІнкАртЛаб», арганізаваных Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь сумесна са шведскай культурнай арганізацыяй ShareMusic & Performing Arts.

Экспазіцыя складаецца з сямі арыгінальных тактыльных твораў. Гэта жывапісна-рэльефныя ілюстрацыі «пункціраў» (кароткіх вершаў лірыка-філасофскага зместу) з новага зборніка беларускага паэта Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж» (2018). Мастак выбраў «колеравыя» пяцірадкоўі і стварыў своеасаблівую жывапісную імправізацыю-парафраз з увядзеннем вершаў, перакладзеных на шрыфт Брайля (у выглядзе мазкоў-кропак, якія выступаюць). Невідушчыя людзі могуць чытаць карціны Васіля Зянько і «глядзець» іх рукамі. Для відушчых жа працы гэтага таленавітага і крэатыўнага мастака ўяўляюць сабой гарманічныя па колеры творы з прыпаднятай рэльефнай паверхняй плаўных ліній. Алесь Разанаў, запрошаны на адзін з перформансаў, высока ацаніў наватарскую сутнасць жывапісна-паэтычных сублімацый Васіля Зянько, параўнаўшы іх з «рэлігійнымі містэрыямі», якія праводзіў Ісус і прарок Ілья для лячэння хворых і ажыўлення мёртвых.

Выстава працуе да 3 лютага 2019 года. 

Васіль Васільевіч Зянько

Нарадзіўся ў 1977 г. у г. Стоўбцы (Рэспубліка Беларусь).

З 1989 г. жыве ў г. Мінску.

1989–1996 гг. – вучыўся ў Беларускім ліцэі мастацтваў (цяпер – Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка).

2006 г. – скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

З 2009 г. – член Беларускага саюза мастакоў.

З 2011 г. – член Беларускага саюза дызайнераў.

З 1995 г. удзельнічае ў выставах, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных.

З 2010 г. з’яўляецца аўтарам і арганізатарам многіх персанальных і групавых арт-праектаў, якія праходзяць у Беларусі, Расіі і Польшчы. На сённяшні дзень мастак рэалізаваў каля 20 персанальных арт-праектаў.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (г. Мінск, Рэспубліка Беларусь), Цэнтры сучаснага мастацтва (г. Віцебск, Рэспубліка Беларусь), Музеі сучаснага рускага мастацтва (г. Нью-Ёрк, ЗША), а таксама ў прыватных калекцыях Амерыкі, Беларусі, Германіі, Нарвегіі, Расіі, Польшчы, Турцыі, Францыі.

Вярнуцца >>