Людвіг Асецкі. Хроніка жыцця. Летапіс краіны
21.12.2018 – 27.01.2019

20 снежня 2018 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё выставы “Хроніка жыцця. Летапіс краіны”, прымеркаванай да 90-годдзя з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, графіка і кніжнага ілюстратара Людвіга Пятровіча Асецкага (1929–2005), які пачаў свой творчы шлях у 60-я гады ХХ стагоддзя ў часы Савецкага Саюза і завяршыў яго ўжо ў XXI стагоддзі ў гады суверэннай Беларусі. Экспанаванне выставы пройдзе з 21 снежня 2018 года па 27 студзеня 2019 года.

У экспазіцыі будзе прадстаўлена больш за 40 твораў тыражнай і арыгінальнай графікі са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Дапоўняць экспазіцыю 13 праілюстраваных майстрам кніг з фондаў бібліятэкі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і сям’і мастака, а таксама фотаздымкі, дакументы і ўзнагароды з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і сям’і мэтра. Дакументальны фільм Аляксандра Дамарацкага з цыкла “Святло далёкай зоркі” раскажа пра жыццёвы і творчы шлях Людвіга Асецкага вачыма яго сям’і, сяброў і калег.

Людвіг Асецкі належыць да выдатнай плеяды беларускіх мастакоў, якія сфарміраваліся ў дынамічныя 1960-я гады, адзначаныя ўздымам у развіцці беларускай графічнай школы і авеяныя пошукам новых змястоўных і пластычных рашэнняў у беларускім выяўленчым мастацтве ў цэлым. Вядомасць мастаку прынесла праца ў сферы станковай графікі і кніжнай ілюстрацыі, дзе ён праявіў сябе як майстар са сваім індывідуальным бачаннем, метадам, стылем.

У сваіх творах Людвіг Асецкі ствараў летапіс краіны, адлюстроўваючы знамянальныя падзеі ў жыцці рэспублікі, і выступаў хранікёрам жыцця суайчыннікаў, адлюстроўваючы будні савецкага чалавека. Таму галоўнай формай мастацкай рэпрэзентацыі становяцца серыі графічных работ, разнастайныя па стылі, форме, тэхніцы і тэмах. Гэта і рэвалюцыйныя падзеі (серыя лінагравюр “Кастрычніцкія дні ў Беларусі”), і працоўныя будні (серыя літаграфій “Жодзіна” і афортаў “Будні ваенна-марскога флоту”), і гарадскія віды і пейзажы роднага краю (серыя каляровых літаграфій “Памяць” і серыя ў тэхніцы сухой іголкі “Родныя прасторы”), і тэхнагенныя катастрофы (серыя ў тэхніцы сухой іголкі “Квадрат Чарнобыля”), і філасофскія разважанні (серыя ў тэхніцы сухой іголкі “Замкнёнасць кола”). Вялікім творчым дасягненнем мастака сталі драматычныя серыі пра гераізм беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны (серыі літаграфій “Падполле Мінска” і “Вызваленне”, серыя ў тэхніцы сухой іголкі “Балада пра Лаўскі бой”).

Важнай часткай мастацкай спадчыны Людвіга Асецкага з’яўляюцца ілюстрацыі да твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. У іх мастак імкнуўся раскрыць змест тэксту, перадаць асноўныя яго ідэі ў вобразнай эмацыянальнай форме. Зробленыя ім творы кніжнай графікі адзначаны арганічным адзінствам малюнка, шрыфту, заставак і вокладкі.

Мастак яркай творчай індывідуальнасці Людвіг Пятровіч Асецкі пражыў цікавае і насычанае жыццё. Сіла яго таленту спалучалася з яго выключнай працаздольнасцю і патрабавальнасцю да сваёй працы. Мастак нястомна шукаў і знаходзіў пластычныя рашэнні, якія робяць вобраз запамінальным і які нязменна выклікае эмацыянальную рэакцыю.

ЛЮДВІГ ПЯТРОВІЧ АСЕЦКІ

мастак-графік, кніжны ілюстратар

Нарадзіўся 9 мая 1929 года ў в. Продзвіна Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці.

1937–1947 – вучоба ў сярэдніх школах №13 і №12 г. Бабруйска.

1945–1947 – наведванне студыі выяўленчага мастацтва пры Бабруйскім Доме піянераў пад кіраўніцтвам педагога, мастака-самавука Барыса Фёдаравіча Бяляева.

1947–1950 – навучэнец Мінскага мастацкага вучылішча.

1950–1954 – служба ў радах Савецкай Арміі, дзе скончыў 10-ы клас вячэрняй школы №2 г. Мінска.

1954–1960 – студэнт графічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння – Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Вучыўся ў Сяргея Пятровіча Геруса, Аляксандра Пятровіча Мазалёва, Віталя Канстанцінавіча Цвіркі. Дыпломная праца – серыя лінагравюр “Кастрычніцкія дні ў Беларусі” пад кіраўніцтвам Паўла Канстанцінавіча Любамудрава.

1959–1960-я – мастак Дзяржвыда БССР, 1960–1962 – галоўны мастак Дзяржвыда Міністэрства культуры БССР.

1962–1967 – выкладчык кафедры малюнка і графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.

З 1967 па 1989 – як мастак-графік быў заняты творчай працай, як член Саюза мастакоў БССР працаваў па дагаворах і на розных пасадах у Саюзе мастакоў: намеснік старшыні праўлення Саюза мастакоў БССР (1968–1973), старшыня праўлення Мастацкага фонду БССР (1968–1970), член праўлення Саюза мастакоў СССР (1968–1973), член рэвізійнай камісіі Саюза мастакоў БССР (1973–1976), адказны рэдактар, галоўны рэдактар рэдкалегіі “Агітплаката” (1975–1976), сакратар праўлення Саюза мастакоў БССР па прапагандзе выяўленчага мастацтва і выставачнай дзейнасці (1981), старшыня секцыі графікі Саюза мастакоў БССР (1985).

Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі ў розных тэхніках (лінагравюра, афорт, сухая іголка, літаграфія, тэмпера, акварэль) і жанрах (гісторыя, сюжэтна-тэматычная карціна, пейзаж), стварыў шэраг твораў манументальнага мастацтва для музейных экспазіцый рэспублікі.

Удзельнік мастацкіх выставак з 1960. Дыплом II ступені Усесаюзнага конкурсу на лепшую кнігу 1965 года за мастацкае афармленне кнігі “Мы раскажам пра Мінск”. Член Беларускага саюза мастакоў з 1967. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1981). Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1975), медалём “За працоўную доблесць” (1986), медалём Францыска Скарыны (2003).

Творчыя камандзіроўкі і турыстычныя паездкі ў Францыю (1967), Італію (1969, 1985), Венгрыю (1970), Польшчу (1973, 1975), Фінляндыю (1976), Чэхаславакію (1982).

Памёр 9 лістапада 2005 года ў Мінску.

Творы знаходзяцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Мінскага абласнога краязнаўчага музея (Маладзечна), Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя. П.В. Масленікава, Бабруйскім мастацкім музеі, у фондах БСМ.

Куратар выставы  Анастасія Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва.


“Звязда”. З серыі “Падполле Мінска”. 1968
Папера, лінагравюра. 62х105 см
З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Інв. № 774

Аркуш 4. З серыі “Родныя прасторы”. 1983
Папера, сухая іголка. 25х31,7 см
З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Інв. № 1523

Слава загінуўшым у барацьбе. З серыі “Кастрычніцкія дні ў Беларусі”. 1960
Папера, каляровая лінагравюра. 44x86 см
З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Інв. № 486

Каля пірса. З серыі “Будні ваенна-марскога флоту”. 1971
Папера, афорт. 49х63 см
З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Інв. № 612

Плошча Перамогі. З серыі “Памяць”. 1984
Папера, каляровая аўталітаграфія. 51,2х41,6 см
З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Інв. № 1437

Сохранить

Сохранить

Вярнуцца >>