Калекцыя спявачкі Лідзіі Русланавай ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Да 80-годдзя з дня заснавання музея
03.12.2018 - 01.03.2019

На выставе і пастаяннай экспазіцыі музея будут прадстаўлены 29 карцін (з 39) з калекцыі заслужанай артысткі РСФСР (1942) Лідзіі Русланавай, знакамітай на ўвесь Савецкі Саюз выканаўцы народных песень, росквіт творчасці якой прыпаў на 1930–1940-я гады. Тады ж пачала фарміравацца і яе прыватная калекцыя, якая канчаткова склалася ў першыя пасляваенныя гады.

Калекцыяніраваннем жывапісу і рэдкіх кніг Лідзію Русланаву ў 1930 годзе захапіў яе трэці муж – артыст эстрады, канферансье Міхаіл Гаркавы. Пераняўшы захапленне мужа, Русланава неўзабаве перасягнула яго ў ведах. «...Да набыцця мастацкіх палотнаў я аддавалася з усім запалам», – распавядала яна. Русланава вывучала манаграфіі пра мастакоў, купляла альбомы і каталогі выстаў, уважліва слухала заўвагі сваіх дарадцаў –лепшых экспертаў таго часу: папячыцеля Траццякоўскай галерэі, мастака, рэстаўратара і гісторыка мастацтваў Ігара Грабара, кіраўніка рэстаўрацыйных майстэрняў Дзяржаўнага Эрмітажа ў Ленінградзе Сцяпана Ярэміча. Ёй дапамагалі таксама мастак Філіп Тоскін, рэстаўратар Рускага музея Сасноўскі. Гэта дало свой плён: Русланова выхавала ў сабе неверагоднае чуццё, інтуіцыю на сапраўдныя дасканалыя творы. “Не прафесар, але арыгінал ад копіі заўсёды адрозніць змагу”–гаварыла яна. Фінансавыя дакументы спявачка афармляла вельмі старанна і захоўвала іх доўгія гады, што дапамагло ёй пасля лагераў і турмы вярнуць большую частку сваёй калекцыі.

Яна марыла стварыць у сваёй велізарнай кватэры на Лаўрушынскім завулку асабліву. аўру –“рускі”жывапісны свет. Карціны натхнялі яе на пошукі новых інтэрпрэтацый старой рускай песні –галоўнай часткі яе творчасці. “Яны мне дапамагаюць спяваць, навяваюць настрой» –казала яна. – Пра гэтыя палі, пра гэтыя лясы і рэкі, пра гэтых малявінскіх баб я спяваю”. Русланова любіла ўсё расійскае, спрадвечнае, што нагадвала ёй пра даўніну, пра глыбокія традыцыі рускага народа. Вельмі блізкім па духу быў ёй жывапіс братоў Макоўскіх, Васняцова і Кустодзіева, Шышкіна, Несцерава. Калекцыя атрымалася суцэльная, вытанчаная,штоадпавядала густу сваёй гаспадыні.

«Калі мае бацькі пажаніліся ўлетку 1942 года, у мамы ў гэты час ужо былі ўсе карціны, сабраныя яшчэ да вайны» – піша ў сваіх успамінах падчарка Русланавай, дачка генерала Крукава Маргарыта.

Падчас вайны Лідія Русланава выступала ў складзе франтавых брыгад, на яе зберажэнні былі падораны фронту дзве батарэі «кацюш». Увайшоў у гісторыю яе славуты канцэрт 1945 года ля сцен Рэйхстага. У 1948 годзе Русланава была арыштавана па абвінавачванні ў антысавецкай прапагандзе, у марадзёрстве, па так званай «трафейнай справе» разам са сваім мужам, генералам Уладзімірам Крукавым і атрымала 10 гадоў лагераў.

Усе звесткі пра канфіскаваную калекцыю Русланавай вядомыя з пратаколаў яе допытаў, каталога Траццякоўскай галерэі і сведчанняў сучаснікаў. Пералік калекцыі складзены следчымі ў 1948 годзе падчас арышту спявачкі. Усяго ў гэтым спісе было 132 карціны. Прыкладна 60 карцін эксперты НКУС не змаглі вызначыць, але і без гэтага спіс ўражвае: карцін Канстанціна Макоўскага – 7, Барыса Кустодзіева – 5, Івана Шышкіна – 5, Ільі Рэпіна – 4, Міхаіла Несцерава – 4, Івана Айвазоўскага – 4, Васіля Паленава – 3, Філіпа Малявіна – 3, Канстанціна Сомава – 3, Міхаіла Урубеля – 2, Фёдара Рокатава, Васіля Верашчагіна, Васілія Сурыкава, Віктара Васняцова, Паўла Фядотава, Васілія Трапініна, Ісака Левітана, Івана Крамскога, Карла Брулова, Генрыха Семірадскага, Рыгора Мясаедава, Канстанціна Юона, Зінаіды Серабраковай, Густава Шварца, Арсенія Мяшчэрскага – па адной.

Былы галоўны захавальнік Траццякоўкі Лідзія Рамашкова, якая працавала там з 1956 года, са слоў старых супрацоўнікаў галерэі, успамінала: «...спачатку ў Галерэю прыйшлі людзі з НКУС і перадалі некалькі дзесяткаў палотнаў, не сказаўшы, хто быў уладальнікам гэтых карцін і як яны трапілі да іх у рукі. Пра тое, што гэта былі творы з калекцыі Русланавай, супрацоўнікі галерэі даведаліся значна пазней. А затым, у 1953 годзе, тыя ж“органы”раптам паведамілі пра рэабілітацыю Русланавай і сказалі, што “усё канфіскаванае павінна быць неадкладна вернута сям’і і выкраслена з каталогаў”. Частка гэтых карцін яшчэ ў 1949 годзе паступіла ў Дзяржаўную закупачную камісію і была размеркавана паміж музеямі ў пачатку 1950-х.

“... Яна сама хацела ў далейшым аддаць калекцыю дзяржаве, але ёй не далі гэтай магчымасці ... мама пасля рэабілітацыі паволі пачала з ёй развітвацца: вялікая частка калекцыі – у Беларускім музеі, некалькі работ у Таганрогскай галерэі і, здаецца, у Кіргізскім нацыянальным музеі, некаторыя працы патрапілі ў прыватныя рукі...” – ўспамінала прыёмная дачка.

У 1954 годзе пасля вяртання з лагераў ёй вярнулі з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі 103 карціны. Некалькі работ Рэпіна, Рокатава, Фядотава, Серабраковай, Васняцова яна прадала ў фонды Траццякоўскай галерэі па просьбе яе кіраўніцтва. Велізарную ролю ў набыцці карцін з калекцыі Русланавай сыграла настойлівасць і абаянне Алены Аладавай, дырэктара Дзяржаўнай Карціннай галерэі БССР у 1944–1977 гадах.

Карціны з калекцыі Русланавай сталі паступаць у Дзяржаўны мастацкі музей БССР пачынаючы з 1950 па 1989 год з трох крыніц: ад Дзяржаўнай закупачнай камісіі СССР, з выстаў калекцый з прыватных збораў у 1961–1962 гадах, паступалі асабіста ад Русланавай, у далейшым, пасля яе смерці ў 1973 годзе, ад яе падчарыцы Маргарыты, ад калекцыянера Н. Якаўлевай, якой былі прададзены некаторыя творы самой спявачкай. Усяго паступіла 43 творы: 42 – жывапісу і 1 графічны аркуш.

У 1962 годзе дзве карціны – «Гусар» Мікалая Свярчкова і «Малюта Скуратаў» невядомага мастака – былі перададзены на пастаяннае захоўванне ў Пінскі краязнаўчы музей (Пінскі Музей гісторыі Палесся), а ў 1963 годзе два творы – «Пераправа»  Пятра Сакалова і «Наданнне сакольнікам звання начальнікаў у прысутнасці цара Аляксея Міхайлавіча» Клаўдзія  Лебедзева – Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею.

На жаль, не можа быць складзены поўны каталог карцін з калекцыі Русланавай. Ды і сам збор пасля вайны распаўся. Пасля вызвалення ў яе “перагарэў” запал да жывапісу і адпала ўсялякае жаданне займацца калекцыяніраваннем. Яна казала: «У нашай рэчаіснасці валодаць прыватнай уласнасцю – поўная бязглуздзіца, у доме павінна быць чыста, утульна, але без усялякіх калекцый».

Карцін з калекцыі Лідзіі Русланавай -  касцяк экспазіцыі класічнага рускага мастацтва, падмурак двухтысячнай калекцыі рускага жывапісу музея.

Вярнуцца >>