Магія лістапада ў “Восеньскім святле” Валерыя Шкарубы

Глубокой стариной

Повеяло... Сад возле храма

Засыпан палым листом.

Мацуо Басе

У 1998 годзе Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь была перададзена карціна вядомага беларускага пейзажыста, цяпер ужо заслужанага дзеяча мастацтваў Валерыя Шкарубы Белае змярканне (1991). Дар паступіў ад спадарыні Мерэт Меер-Грабер, віцэ-прэзідэнта Камітэта Марка Шагала. Гэта палатно ўнучка сусветна вядомага авангардыста набыла для сябе, аднак даведаўшыся, што ў мастацкім музеі ў Мінску няма ні адной працы мастака, падарыла карціну музею.

Гэта падзея стала шчаслівым пачаткам папаўнення калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея творамі Валерыя Шкарубы. Зараз у фондах іх ужо дзевяць, і яны выклікаюць нязменную цікавасць у публікі і запамінаюцца надоўга. Чаму? Мабыць, таму, што ў іх ёсць асаблівая філігранная індывідуальна-непаўторная пластыка, што гіпнатызуе і дзякуючы якой някідкія пейзажныя матывы беларускай зямлі зменьваюцца і ўспрымаюцца як фрагменты Вечнасці. Уменне ствараць “высокую прастату”, здольнасць Малое пераўтварыць у Вялікае, пагрузіць гледача ў глыбіннае ўспрыманне Часу, якое цяжка перадаць словамі, – вось што робіць почырк майстра пазнавальным з першага погляду.

Дакранаючыся да пейзажаў Валерыя Шкарубы, а менавіта гэты жанр з’яўляецца прызваннем мастака, без цяжкасці пераконваешся ў арыгінальнасці іх стылістыкі. Думаю, што ў свядомасці многіх людзей, якія цікавяцца мастацтвам, нават існуе ўстойлівае паняцце – шкарубаўскі пейзаж або іншае, яшчэ лепшае, якое апісвае яго стыль, – нерэальны рэалізм.

Пейзажы Валерыя Шкарубы – гэта простыя і сціплыя матывы, заўсёды бязлюдныя: ранняя вясна са снегам; засыпаная лістотай зямля; бясконцасць белага неба; голыя дрэвы, што ўзнікаюць з туману; дарога, якая сыходзіць у глыбіню карціны крыху па дыяганалі; заснежаныя палі і самае галоўнае – практычна заўсёды пераходны перыяд. Усё гэта прасякнута глыбокім лірычным перажываннем, заўсёды з адценнем суму і смутку. У яго працах няма нічога яркага, кідкага, экстравагантнага – таго, што вокамгненна прыцягвае ўвагу. Аднак штодня нешта ўтрымлівае сотні гледачоў каля карцін мастака. Нібы адтуль ідзе кліч, нібы ў іх ёсць нейкая асаблівая магія прыцягнення…

Менавіта такімі ўласцівасцямі валодае палатно Восеньскае святло Валерыя Шкарубы, прадстаўленае ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. На першы погляд – нічога дзіўнага, і нават абраны мастаком матыў уяўляецца выпадковым. Перад намі адкрываецца невялікі кавалачак ляснога гушчару, увесь пакрыты рознакаляровым дываном з апалага лісця. Лясная прастора, пагружаная ў цішыню, ачышчаная ад якога б там ні было цывілізацыйнага складніка, і нічога больш. Першае ўражанне, што ўзнікае ад карціны: ды гэта проста рэалістычны твор, восень, лістапад... Аднак праз момант: гэта нешта ірэальнае, магнетычнае, якое зачароўвае...

У чым жа загадка гэтага палатна? У напружанні, якое выяўляецца адточанымі лініямі, колерам? Што робіць гэтую карціну не проста восеньскім пейзажам з засыпанай лісцем прасторай, а пейзажам-карцінай пад назвай Формула Вечнасці? Ці, хутчэй, Высокая прастата Валерыя Шкарубы?

Сакрэт наколькі складаны, настолькі і просты. Мастак літаральна змяшчае гледача ўнутр ляснога інтэр’ера, без усялякіх мультымедыйных выкрутаў дамагаючыся папулярнага цяпер эфекту 3D. Мы нібы ўваходзім у замкнёную прастору, набліжаючыся да прыроды. Гэтаму садзейнічаюць і зрэзаныя верхавіны дрэў, і набліжаныя да пярэдняга плана магутныя паваленыя ствалы, і багацце каларыту са складанымі найтанчэйшымі пераходамі ў межах вохрыста-карычневай гамы. Дзякуючы гэтаму ствараецца адчуванне, што мы глядзім не з боку, а знутры палатна, мы атрымліваем асалоду ад не толькі якаснага, добрага жывапісу, але і нязменна паглыбляемся ў царства гармоніі, супакаення, цішыні.

Распавядаючы пра свае ўражанні, многія гледачы гавораць, што гэта праца супакойвае, заклікае да сузірання і медытацыі. У ёй ёсць смутак адзіноты і адчуванне адыходзячага імгнення, прыглушанасць на мяжы знікнення фарбаў і гукаў і адхіленасць ад свецкай мітусні, стан духоўнай засяроджанасці, у ёй ёсць тое, што японцы называюць мона-но аварэ. Гэта паняцце, якое пранізвае ўсю гісторыю японскай культуры, літаральна азначае сумнае зачараванне рэчаў і звязана з усведамленнем тленнасці, мімалётнасці жыцця, яго часавай прыроды. Але і ўсведамленнем таго, што калі б жыццё не было такім мімалётным, то ў ім не было б і зачаравання.

Адчуванне непахіснасці вечнага ў бесперапынна зменлівым свеце, кругазварот пор года ў самым шырокім сэнсе – вось што родніць творчасць Валерыя Шкарубы з японскім мастацтвам. Нядзіўна, што на сваёй выставе ў Японіі, у горадзе Сёндай – пабраціме Мінска, мастак адчуў нешта накшталт эфекту дэжа вю. Творы Валерыя Шкарубы былі прадстаўлены ў мастацкай галерэі, у цэнтры горада. Палову памяшкання займала экспазіцыя беларускага майстра, а другая палова прадстаўляла творчасць японскага мастака. Якое ж было здзіўленне нашага земляка пасля прагляду экспазіцыі свайго суседа! Валерый Шкаруба так расказаў пра гэту гісторыю: Калі перад адкрыццём выставы я прыйшоў пазнаёміцца з працамі майго японскага калегі, то ўбачыў на яго палотнах... шэрае неба, чарот, рабізну на халоднай восеньскай вадзе. Тое ж, што было намалявана і на маіх карцінах! Я адчуў, шчыра прызнаюся, здзіўленне, нават шок. Японскі мастак – таксама. Ён жыве ў Токіа, скончыў Акадэмію мастацтваў, крыху старэйшы за мяне, нічога раней не ведаў пра Беларусь. Але нашы пейзажныя вобразы былі на здзіўленне падобнымі... У мяне прама мурашкі пабеглі. Я прыехаў на край свету і ўбачыў тыя ж тэмы, настрой, каларыт, пластыку….

Сапраўды, вельмі лаканічная выяўленчая мова мастака, у якой дакладны кожны штрых, кожная лінія, кожны мазок, – гэта менавіта тое, што спрадвеку складала сутнасць усяго далёкаўсходняга мастацтва. Роля лініі ў ім першарадная, яна заклікана не проста пазначаць умоўныя межы прадметаў, але непасрэдна перадаваць бег каня, палёт птушкі, гнуткасць галін бамбука, гэта значыць гаварыць не пра сам прадмет, а пра яго функцыі, уласцівасці сувязі з навакольным светам.

Для Валерыя Шкарубы лінія з’яўляецца таксама галоўным сродкам выразнасці. Яму ўласціва дзіўная здольнасць адной або дзвюма рысамі выявіць самае галоўнае і характэрнае, абагульніць і ператварыць просты вобраз у сапраўдны філасофскі іерогліф, у формулу Быцця.

Пры гэтым графічна-лінейная манера Шкарубы валодае якасцю зманлівай парадаксальнасці. На адлегласці яна апускае нас у стан спакою і сузіральнасці, у смугу туману, у мяккае восеньскае святло... Але што робіць пэндзаль мастака пры набліжэнні гледача да палатна, унутры буйнога плана! Выкарыстоўваючы збліжаныя колеравыя суадносіны, ён працуе вельмі рухома, рэзка, з максімальнай нервовай энергіяй, літаральна ўзрываючы знутры гэты вольны, спакойны свет хаосам рэзкіх мазкоў, то перарывістых, то кароткіх, то доўгіх, якія перабіваюць адзін аднаго...

Але вось мы адыходзім, і перад намі зноў малюнак мімалётнасці, застылае тут і цяпер, што ўвасабляе прынцыпы філасофіі дзэн.

Менавіта таму творчасць мастака была так цёпла сустрэта японскімі гледачамі. Сёндай, Хірасіма, Токіа і інш. Але не толькі Усход… І ў гэтым яшчэ адна дзіўная асаблівасць творчасці мастака: калі казаць пра свет Валерыя Шкарубы ў тэрмінах геаграфічных, то ён – невялічкі, гэта сціплыя куточкі беларускай прыроды, аднак геаграфія выставачнай дзейнасці мастака сапраўды ўражвае. Персанальныя выставы Валерыя Шкарубы з вялікім поспехам прайшлі ў прэстыжных музеях і галерэях Францыі, Бельгіі, Расіі, Германіі, Італіі, Аўстрыі, Кітая. Гэтым і па сённяшні дзень можа пахваліцца не кожны беларускі мастак. Зараз работы Валерыя Шкарубы знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея; у фондах Міністэрства экалогіі Эгейскага мора (Афіны), Музея мастацтваў Джынтай (Пекін), Музея замежнага мастацтва Міністэрства культуры Кітая, у прыватных зборах краін СНД, Германіі, Францыі, ЗША, Аўстрыі, Японіі, Італіі і многіх іншых.

Вось яна, сіла сучаснага рэалізму! Без якой бы там ні было патэтыкі, мінімалістычнымі сродкамі перадаць унікальнасць адкрытай прасторы, прачытаць прыроду як дыханне вечнасці, як сукупнасць знакаў і сімвалаў, якія прымушаюць задумацца пра неабходнасць берагчы далікатны баланс наасферы. Вось што ў бушуючым моры тэндэнцый, часта вельмі радыкальных і незразумелых простаму гледачу (а нярэдка і спецыялістам), неабходна нам. Гэта магчымасць спыніць і адчуць смак адыходзячага імгнення свету, што праплывае міма: палюбавацца месячным снегам, вясновым сонцам, квітнеючай яблыняй і пачуць шолах восеньскага лісця.

Дэталі

Валерый Фёдаравіч Шкаруба нарадзіўся 10 снежня 1957 года ў Барысаве. Скончыўшы дызайнерскае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, ён пачаў свой творчы шлях як дызайнер ЭВМ, аднак лёсам стаў жывапіс. Сёння Валерый Шкаруба – адзін з самых вядомых і прызнаных беларускіх пейзажыстаў. Мастак звярнуўся да адвечнай прыгажосці навакольнага свету, да ціхіх, напоўненых паэзіяй і замілаваннем сціплых куточкаў беларускай прыроды. У 2002 годзе за серыю пейзажаў Спрадвечнае В. Шкаруба быў удастоены высокага звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Кацярына Ізафатава,

загадчык аддзела сучаснага беларускага мастацтва

Артыкул апублікаваны ў часопісе “Алеся” №11/2015

Вярнуцца >>