ВАЛЕРЫЙ ШКАРУБА. Жівапіс
23.12.2017-21.01.2018

Пейзаж для Валерыя Фёдаравіча Шкарубы – сродак, які дае магчамасць данесці да гледача той свет ідэй, вобразаў і пачуццяў, што ўрэшце і складаюць змест яго творчасці. Пад яго пільным вокам усё становіцца важным, набывае свой асаблівы сэнс. Гэта могуць быць зусім звычайныя, не адзін раз бачаныя намі куточкі прыроды, дзе мастак знаходзіць і ўзнаўляе на палатне нешта такое, што аказвае магічнае ўздзеянне, выклікае хвалю эмоцый і асацыяцый. У дадзеным выпадку мае месца не проста натуралістычная канстатацыя факта існавання самога пейзажа, а яго індывідуальнае, паэтычнае пераўвасабленне. У пейзажах ёсць імкненне да філасафічнасці і сімвалічнасці, разам з тым яны пазбаўлены штучнага ўскладнення формы на карысць тым ці іншым модным павевам. Форма – толькі неабходны выразны сродак. Каштоўнасць твора вызначаецца ступенню яго лагічнай стройнасці і яснасці, упарадкаванасцю кампазіцыі, прадуманасцю і дакладнасцю адбору выяўляемых элементаў пейзажа. Аўтару важна ўсвядоміць і сфармуляваць для сябе задачу ў кожнай рабоце. Ад яснасці асэнсавання залежыць форма і спосабы далейшай яе рэалізацыі. Мастацтва Валерыя Шкарубы ў значнай ступені канцэптуальнае, паколькі заўсёды падпарадкавана выражэнню папярэдне вызначанай і прадуманай аўтарскай ідэі. У пейзажах адсутнічаюць людзі, што стварае дадатковы бар’ер таямнічасці, робіць атмасферу карціны некалькі ірэальнай, дазваляе адысці ад пастаральнай сентыментальнасці і надаць вобразнаму ладу кампазіцыі большую ёмістасць і глыбіню. В. Шкаруба – мастак аналітычнага складу, які заўсёды бачыць канчатковую мэту, паслядоўна і настойліва ідзе да яе рэалізацыі. Аўтарская воля і логіка – тыя структурныя сілы, што даюць магчымасць не патануць у бясконцай разнастайнасці прыродных матываў. Мастак валодае шчаслівай здольнасцю прыўзняць заслону, якая хавае ад чужых вачэй прыгажосць звычайнага. Пад яго пэндзлем нязначныя, на першы погляд, пазбаўленыя голасу і душы фрагменты прыроды, імя якім – пейзаж, пераўвасабляюцца, набываюць індывідуальнасць, пачынаюць весці ціхую, пранікнёную размову, становячыся карцінамі. Ён заўсёды імкнецца да выяўлення не таго канкрэтнага пейзажу, бачнага ў рэальнасці, а таго, што створаны ім ва ўяўленні. В. Шкаруба – мастак, які валодае карцінным мысленнем, які піша не “віды”, а стварае партрэт пейзажу.

Знешне амаль заўсёды ўсё зведзена да нескладанай, канкрэтнай і жыццёва-праўдзівай карціны: кусты на пагорку, прыцярушанае снегам поле, дарога… Аднак гэтая прастата ніяк не вычэрпвае (ды і не можа вычарпаць) сапраўднага сэнсу, глыбокай лірыка-філасофскай сутнасці яго карцін. Сам іх вобразны лад, пластычная структура, сціпласць колеравай палітры ствараюць тую трывалую жывапісную вобразнасць, якая захапляе гледача, трапяткім пачуццём радасці пазнавання адгукаецца ў сэрцы.

У карцінах мастака амаль заўсёды адлюстраваны пераходны стан у прыродзе – позняя восень, ранняя вясна, змярканне, вечар, туман, апошні прамень сонца... Ён перадае мяккае святло восені, глухія фарбы пажоўклай, калючай травы, халодны змрок на пачатку зімы. І кожны твор мастака пранізаны адчуваннем лёгкага смутку, задуменнасцю і ўнутранай напружанасцю і трывогай. Мастацкая прастора з яе рэальнай глыбінёй, неакрэсленасцю і бязмежнай працягласцю часта змяняецца замкнёнасцю, калі перад намі толькі трава, вада каля берага альбо калючы хмызняк. Важнае месца ў яго творах займае матыў дарогі. Яна можа выклікаць пачуццё хвалявання і адчування чагосьці няўлоўнага і нявызначанага, адчуванне страху і таямнічасці, цяжкасці выбару сярод няўтульнасці быцця. Яна можа ледзь прыкметна весці вас да нечага патаемнага, поўнага нечаканасці і трывогі. 

На першы погляд выпадковасць у выбары таго ці іншага пейзажнага матыву пры ўважлівым разглядзе саступае месца заканамернасці і прадуманасці вырашэння. Мастак жывапіснымі і кампазіцыйнымі сродкамі стварае новае, надзеленае філасофскім сэнсам асяроддзе. Размешчаныя на карцiннай плоскасцi элементы пейзажа, паслядоўнасць прасторавых планаў – усё падпарадкавана дасягненню звышзадачы: данесці галоўную думку мастака, перадаць яго эмацыянальны стан нам, гледачам. У патоку зрокавых і эмацыянальных асацыяцый ён шукае ніці, якія аб'ядноўваюць пейзаж рэальны і той, што бачыць ён у сваім уяўленні, у адзінае кампазіцыйнае цэлае. У сучасным свеце з яго шумам, эпатажам, агрэсіўнасцю, дзе кожны імкнецца быць непаўторным і арыгінальным, не так часта мы можам дазволіць сабе раскошу весці павольную, пранікнёную, ціхую і жывую размову адзін на адзін з жывапісным палатном, паглыбіцца ў чысты, паэтычны свет прыроды, які прасвятляе і ачышчае душу. Менавіта гэтую магчымасць стаць крышку больш чуллівымі і неабыякавымі і дае нам сваімі творамі Валерый Шкаруба. Давайце ж пройдзем разам з мастаком па дарогах і сцежках яго карцін, каб адчуць шэпт і шорахі цішыні.

В.І. Жук,

доктар мастацтвазнаўства, прафесар,

лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь

Вярнуцца >>