Адкрыццё выставы “Прарок свайго часу. Адам Міцкевіч. Ілюстрацыі і медалі” ў Музее “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя”

11 лютага 2015 года а 16й гадзіне ў філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Музее “Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва першай паловы XIX стагоддзя (вул. Інтэрнацыянальная, 33А) адбудзецца адкрыццё выставы Прарок свайго часу. Адам Міцкевіч. Ілюстрацыі і медалі.

Па ініцыятыве Пасольства Беларусі ў Францыі і асабіста Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Паўла Паўлавіча Латушкі Музеем Адама Міцкевіча ў Парыжы і Польскім гістарычным і літаратурным таварыствам у Парыжы была сфарміравана выстава з 23 прадметаў: 6 памятных медалёў, прысвечаных Адаму Міцкевічу (1798–1855), 16 арыгінальных гравюр да твораў Адама Міцкевіча “Пані Твардоўска” (1822), “Гражына” (1823), “Конрад Валенрод” (1828) і кніга Адама Міцкевіча “Славяне”, у якую ўвайшлі лекцыі, прачытаныя паэтам у 1842–1844 гг. у Калеж дэ Франс.

У рамках адкрыцця выставы таксама адбудзецца ўрачыстая прэзентацыя копіі з партрэта Марыі Шыманоўскай (1789–1831), славутай піяністкі, кампазітара і музычнага дзеяча першай паловы XIX стагоддзя, пэндзля вядомага беларускага жывапісца Віктара Уладзіміравіча Альшэўскага (род. 1953). Арыгінал партрэта пэндзля Валенція Ваньковіча (1800–1842) знаходзіцца ў Польскай бібліятэцы ў Парыжы.

Вярнуцца >>