Вынікі выстаўкі “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”

10 ліпеня 2014 года закончыўся тэрмін экспанавання маштабнага выставачнага праекта “Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі”, прымеркаванага да 75-гадовага юбілею музея. Выстаўка працавала больш за тры месяцы, з 27 сакавіка 2014 года, і выклікала шматлікі рэзананс, аб чым сведчыць Кніга водгукаў. Выстаўка праходзіла падчас Чэмпіянату свету па хакею і прыцягнула ўвагу не толькі турыстаў, але і перш за ўсё саміх беларусаў, якія, магчыма, упершыню адкрылі для сябе прыгажосць і значнасць сваёй гісторыі і культуры.

У чым феномен гэтай выстаўкі? Надышоў час падвесці вынікі гэтага ёмістага праекта і асэнсаваць зробленае.

За час працы выстаўкі

  • яе наведалі 55 075 чалавек, з якіх 13 960 – прыйшлі мэтанакіравана (735 – дарослых і 13 222 – студэнтаў);
  • 10 працэнтаў ад усіх наведвальнікаў выстаўкі – замежныя турысты;
  • было прададзена: 51 каталог, кошт аднаго-  398 тысяч руб., 243 каталогі ў электроннай версіі (флэшка коштам 50 тыс. руб.);
  • паслугай аўдыягіда скарыстаўся 531 наведвальнік;
  • толькі за адну “Ноч музеяў” 18 мая 2014 года на выстаўку прыйшлі каля 10 тысяч чалавек;
  • супрацоўнікамі музея праведзена 320 экскурсій.

Ідэя і мэта арт-праекта

Ідэя і фінансавая рэалізацыя выстаўкі былі прапанаваны старшынёй ТАА “Белгазпрамбанк” В.Д. Бабарыкам, які некалькі гадоў таму пачаў збор карпаратыўнай калекцыі нацыянальнага мастацтва, сярод якой – творы мастакоў, што адсутнічаюць у дзяржаўных зборах Беларусі – карціны мастакоў парыжскай школы: Шагала, Суціна, Любіча, Крэменя, Кікоіна, Царфіна, Сцялецкага, Глюкмана, скульптуры Цадкіна, Індэнбаўма. У 2012 г. з поспехам прайшоў першы сумесны праект “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”. У 2014 годзе былі набыты карціны Валенція Ваньковіча і кніга “Жазло праўлення” Сімяона Полацкага.

Мэтай выстаўкі стаў збор галоўных шэдэўраў беларускага мастацтва ў беларускіх зборах на адной выставачнай пляцоўцы,  дэманстрацыя яго паступовага развіцця на працягу тысячагоддзя.

Ідэя выстаўкі была падтрымана кіраўніцтвам музея і зацверджана Вучонай радай музея.

Новая канцэпцыя: погляд збоку 

Аўтар канцэпцыі выстаўкі – Уладзімір Шчасны, былы старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, які ўжо другі раз плённа супрацоўнічае з музеем. Шчасны – літаратар, аўтар некалькіх п’ес пра мастакоў, кнігі “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”.

Канцэпцыя выстаўкі “Дзесяць стагоддзяў…” абапіралася на вынікі апошніх даследаванняў у трохтомніку па гісторыі мастацтва Барыса Лазукі, які, у сваю чаргу, – на фундаментальную шматтомную працу навукоўцаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі 1987–1994 гадоў “Гісторыя беларускага мастацтва” і шматлікія публікацыі апошніх гадоў вядомых мастацтвазнаўцаў. Канцэпцыя прадугледжвала нязвыклыя прынцыпы выбару і рэпрэзентацыі мастацкага матэрыялу. Яна мела на мэце не толькі храналагічны паказ твораў па стагоддзях і стылях, але і вылучэнне пэўнай праблематыкі ўнутры кожнай з частак: “Традыцыі мастацтва Візантыі”, “Рэнесанс і барока”, “ХІХ стагоддзе: дыялог культур”, “Мастацкія школы ХІХ–ХХ стагоддзяў”, “Гістарычны рамантызм 1980–2000 гадоў” і “Мастацтва постмадэрнізму”.  

Новае ў гэтай канцэпцыі – нацыянальны акцэнт; увага да твораў, якія створаны народамі, што насяляюць Беларусь, – беларусамі, татарамі, яўрэямі, палякамі, рускімі, а таксама беларусамі замежжа. Гэта надало выстаўцы паліфанічнасць і разнастайнасць. Але існавалі і пэўныя рамкі: было вырашана абмежавацца толькі выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, выключыўшы народнае і інсітнае. Адным з прынцыповых рашэнняў стала ўключэнне ў спіс экспанентаў выстаўкі мастакоў, народжаных на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Выключэнне было зроблена толькі для творцаў, ганараваных званнямі народных мастакоў Беларусі.

Новы этап вывучэння беларускага мастацтва

“Дзесяць стагоддзяў…” – вынік збіральніцкай і навуковай працы музеяў і розных акадэмічных інстытуцый Беларусі. Выстаўка падагуліла апісальнае вывучэнне мастацтва Беларусі і пачала новы этап, які закрывае лакуны айчыннай культуры. “Выстаўка паказала нам вялікую колькасць моцных і знакавых артэфактаў. Сабраныя разам, яны прымусілі па-новаму паглядзець на гісторыю беларускай культуры і мастацтва, а значыць і адыграць значную ролю на пачатку новага этапа іх вывучэння”, – адзначыла доктар мастацтвазнаўства Вольга Бажэнава.

Самы буйны і маштабны праект

Гэта быў самы маштабны праект Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, прымеркаваны да 75-годдзя з дня ўтварэння музея. Ён мог быць ажыццёўлены толькі з падтрымкай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, добрай воляй праваслаўнай і каталіцкай царквы і прыватных калекцыянераў.

Магчыма, упершыню пад адным дахам была сабрана такая колькасць экспанатаў – 473 творы ад часоў Візантыі да нашых дзён з 47 музейных, царкоўных і прыватных збораў. Невыпадкова на адкрыцці Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў назваў праект “культураёмістым”.

Удалы прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства

Фінансаванне выстаўкі ўзяў на сябе ТАА “Белгазпрамбанк”, які рэпрэзентаваў некалькі выдатных твораў са сваёй карпаратыўнай калекцыі – творы Суціна, Шагала, Любіча, Кікоіна, Крэменя, Ваньковіча і Цадкіна.

Генеральны партнёр праекта ўзяў на сябе аплату падрыхтоўчага перыяду: працы трох дызайнерскіх бюро, мантаж і дэмантаж выстаўкі, афарбоўку залаў музея, выраб рам, транспартныя выдаткі, набыццё трубак для аўдыягідаў, выданне каталога выстаўкі, рэкламную кампанію ў СМІ і гарадской прасторы. Упершыню адной установай былі вылучаны на выстаўку вельмі значныя фінансавыя сродкі.

Моладзь і студэнцтва галоўная катэгорыя наведвальнікаў

Галоўны акцэнт і пасыл пры падрыхтоўцы гэтага праекта быў накіраваны на моладзь, школьную і студэнцкую.

Нядзіўна, што выстаўка карысталася вялікім поспехам у наведвальнікаў, асабліва ў студэнцкай моладзі і школьнікаў старэйшых класаў. За тры месяцы яе наведалі 55 075 чалавек, з якіх 13 860 прыйшлі на гэту выстаўку мэтанакіравана. 12 тысяч з апошніх – моладзь і студэнты.

Галоўныя эмоцыі гэтай выстаўкі – гонар за свой народ, за яго культуру, пачуццё патрыятызму. Аб гэтым пісаў кожны пяты наведвальнік. Наогул такой колькасцю прыўзнята-эмацыянальных водгукаў (усяго іх было 703) на ўсіх мовах можа пахваліцца не кожная музейная экспазіцыя.

Вішчынскі грашова-рэчавы скарб. Срэбра. XII–XIII стагоддзі. Вучэбная лабараторыя музейнай справы гістарычнага факультэта БДУ   

Нацыянальныя духоўныя святыні 

На кароткі тэрмін у музей былі прывезены нацыянальныя святыні духоўнай культуры – Крыж Еўфрасінні Полацкай (копія зроблена брэсцкім майстрам Мікалаем Кузьмічом) з Полацка і Статут Вялікага Княства Літоўскага на старабеларускай мове з Музея горада Магілёва, на набыццё якога збіралі грошы “ўсёй грамадою”.У гэтыя дні ў музеі была рэкордная колькасць наведвальнікаў – некалькі тысяч чалавек штодня.

Адкрыцці выстаўкі

Выстаўка ўзняла пытанні даследавання і пошуку новых аўтараў беларускага мастацтва ХІХ стагоддзя. Куратары выстаўкі Уладзімір Шчасны і Надзея Усава, адказныя за экспазіцыі музейныя эксперты Алена Карпенка, Аляксей Харак, Вольга Архіпава імкнуліся абраць характэрныя творы майстроў, якія б дакладна адлюстравалі прынцыпы прынятай канцэпцыі. Выстаўка інтрыгавала нечаканымі супастаўленнямі: побач з творамі масцітага мастака змяшчаліся творы пакуль малавядомага майстра, карціны якога эксперты палічылі патрэбным паказаць. Варта назваць прыклады такога суседства: народны мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля і нікому пакуль не вядомы Мацвей Зайцаў; знакаміты Фердынанд Рушчыц і Зінаіда Астаповіч, працы якой нядаўна патрапілі ў музей; сучасныя жывапісцы-міфатворцы – прызнаны Мікалай Селяшчук і невядомы Сяргей Кухто з Віцебска, якія трагічна загінулі; пейзажны шэдэўр Хаіма Суціна і эцюд яго аднакласніка па школе Кругера Івана Ахрэмчыка. Многія творы сталі адкрыццямі для беларусаў – урэчскае шкло, свержанскі фаянс, Арон кодэш (НММ РБ), карона Торы з Пінска, жывапісныя дзіцячыя партрэты Паўла Южыка са Смаргоні, пінскія ксілаграфіі эмігранта Арсеня Зайца, мінскія пейзажы-эцюды Мікалая Дучыца, напісаныя адразу пасля вызвалення горада ў 1944 годзе.

Музейная галерэя на другім паверсе была цалкам прысвечана мастацтву Беларусі XX–XXI стагоддзяў. Адкрывала шэраг позняя карціна Марка Шагала “Закаханыя” (1980-я гады) – паэтычны гімн кахання вялікага майстра, скразная тэма яго творчасці. Насупраць – “Партызанская мадонна” Міхаіла Савіцкага, яркі антываенны гуманістычны твор выдатнага майстра другой паловы ХХ стагоддзя. Гэта – своеасаблівыя духоўныя контрапункты выстаўкі.

Абсалютна бліскучай часткай выстаўкі стала прэзентацыя мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў ХІХ – першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя. Былі прадстаўлены розныя школы, мастакі, якія ўразілі непасрэднай і чыстай цягай да творчасці, як быццам сапраўды ў грамадстве адкрылася непераадольная “воля да мастацтва”. Вяршыняй такога ўздыму сталі творы 1920-х гадоў віцебскага рэнесансу і вынікі працы творцаў з парыжскага “Вулля” маладых беларускіх мастакоў. Іх запал і сіла відаць на карцінах. Нягледзячы на адсутнасць твораў Казіміра Малевіча, які працаваў у Віцебску, былі паказаны артэфакты яго непасрэдных вучняў з калекцый музеяў Мінска і Віцебска, што не менш уражвала.

Нацыянальная школа жывапісу фарміравалася шляхам развіцця іншых мясцовых школ – ад віцебскага народнага вучылішча, арганізаванага Шагалам у 1918 годзе, да Беларускай акадэміі мастацтваў, выпускнікі якой у канцы ХХ стагоддзя звярнуліся да спадчыны папярэднікаў. Навучальныя ўстановы Віцебска і Мінска прадстаўлены найбольш вядомымі выкладчыкамі і былымі выпускнікамі – Віталем Цвіркам, Паўлам Масленікавым, Маем Данцыгам, Заірам Азгурам, Георгіем Паплаўскім, Мікалаем Селешчуком, Рыгорам Сітніцам, Уладзімірам Тоўсцікам, Анатолем Бараноўскім, Валерыем Шкарубам і іншымі. Некаторыя творы гэтых мастакоў на выстаўцы – іх уласнасць і шырокаму гледачу былі невядомыя. Пазначаны некалькімі творамі беларускі брэнд – мастацкае шкло завода “Нёман”.

Адведзена месца і мастацтву эпохі постмадэрнізму – скульптурам Канстанціна Селіханава, аб’ектам Аляксандра Малея. Многія мастакі далі творы са сваіх збораў: агульную ўвагу прыцягваў арыгінальны праект Уладзіміра Цэслера і Сяргея Войчанкі “Дванаццаць з ХХ”, “Крыху жоўтага” Руслана Вашкевіча.

На гэтай выстаўцы наведвальнікі ўпершыню ўбачылі набытыя Белгазпрамбанкам за межамі краіны тры новыя карціны Марка Шагала, “Еву” Хаіма Суціна, партрэт Тамаша Зана пэндзля Валенція Ваньковіча – адзінае яго арыгінальнае палатно ў Беларусі.

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, ці Трэці збор законаў ВКЛ. 1588. Музей гісторыі Магілёва

Каталагізацыя выстаўкі

Выстаўка рыхтавалася ў сціслы тэрмін – на працягу 9 месяцаў. Выдавецтвам “Чатыры чвэрці” пад навуковай рэдактурай кандыдата мастацтвазнаўства Барыса Лазукі быў зроблены каталог з удзелам 20 лепшых мастацтвазнаўцаў, гісторыкаў і культуролагаў з Мінска, Вільнюса, Віцебска і Барысава. Сярод іх буйныя навукоўцы – дактары навук Адам Мальдзіс і Іаланта Шыркайтэ, кандыдаты навук Андрэй Ярашэвіч, Вольга Бажэнава, Аляксандр Лісаў, Людміла Вакар. Артыкулы і біяграфіі мастакоў былі перакладзены на рускую і англійскую мовы. Вокладку каталога выканаў вядомы беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер.

На працягу трох месяцаў працавала група лепшых беларускіх музейных фатографаў і журналістаў (Дзмітрый Казлоў, Алег Лукашэвіч, Аляксандр Аляксееў), якія падрыхтавалі неацэнны відэа- і фатаграфічны матэрыял для каталога выставы, аб’ехаўшы амаль усе рэгіёны краіны. Многія творы мастацтва ў гэтым каталогу былі апублікаваны ўпершыню і такім чынам уведзены ў навуковы зварот: напрыклад, шкло гуты Краеўскіх з Барысаўскага аб’яднанага музея, карона Торы з Музея Беларускага Палесся ў Пінску і пакуль адзіны ў Беларусі жывапісны эцюд народнага мастака СССР Яўсея Майсеенкі з Буда-Кашалёўскай раённай галерэі яго імя, разьбяныя драўляныя падсвечнікі з НММ РБ і многія іншыя, не менш каштоўныя рарытэты.

На XXI Міжнародным спецыялізаваным форуме па тэлекамунікацыях, інфармацыённых і банкаўскіх тэхналогіях супрацоўнікам сектара маркетынгу Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь А. Сцепанцом было зроблена навуковае паведамленне “Электронный каталог художественной выставки: плюсы и недостатки”, якое шырока абмяркоўвалася ўдзельнікамі.

Невядомы майстар. Партрэт Льва Сапегі. Алей. 1617 (?). Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь

Новае жыццё старых твораў: рэстаўрацыя шэдэўраў беларускага мастацтва

Перад тым, як стаць часткай маштабнай экспазіцыі, многім экспанатам спатрэбілася рэстаўрацыя. Некаторыя прадметы набылі другое жыццё: напрыклад, партрэты фундатараў касцёла ў Кемелішках, жырандоль урэчскага шкла з Ружанскага касцёла, над якімі працавалі рэстаўратары НММ РБ Аляксандр Лагуновіч-Чарапко, Аляксандр Петракоў і Гейдар Аліеў. Арнаты з выкарыстаннем фрагментаў слуцкіх паясоў – галоўны літургічны ўбор каталіцкіх святароў – аднаўляла ў сціслыя тэрміны рэстаўратар Ілона Карліёнава, а партрэт Тамаша Зана – Святлана Дзікуць.

Прайшоў рэстаўрацыю ў вядомай саломапляцельшчыцы Любові Селівончык адзін з самых незвычайных экспанатаў – саламяная Царская брама (XVIII – пачатак XX стагоддзя) з Музея народнага мастацтва ў Раўбічах. Такія брамы ўпрыгожвалі іканастасы ў праваслаўных і ўніяцкіх храмах. Вядомы толькі тры такія брамы, аналагаў унікальнаму помніку народнага мастацтва ў свеце няма.

Двухбаковы кунтушовы пояс. Шоўк, нітка залотная, нітка срэбная. 1760 (1762) 1776. Мінскі абласны краязнаўчы музей

Прывялі ў экспазіцыйны выгляд партрэт першай у рэспубліцы народнай артысткі СССР Ларысы Александроўскай, напісаны Іванам Ахрэмчыкам, і партрэт пэндзля Міхася Станюты яго дачкі Стэфаніі. У рэстаўрацыйных майстэрнях пабываў і шэдэўр народнага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва – маляваны дыван “Дзева на водах” мастачкі Алены Кіш (з музея-запаведніка ў Заслаўі), імя якой нароўні з Пірасмані занесена ў “Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва”.

Вялікае ўражанне зрабіў і нязвыклы твор Язэпа Драздовіча. Яго нядаўна адрэстаўрыраваная сімвалічная карціна “Прарок” 1931 года, замоўленая ксяндзом Станіславам Глякоўскім для віленскага касцёла і падораная ў 1987 годзе Нацыянальнаму мастацкаму музею нашчадкам ксяндза, кампазітарам Яўгенам Паплаўскім, стала адкрыццём выстаўкі.

Гэтыя адкрыцці дазваляюць вырашаць новыя праблемы ў вывучэнні беларускага мастацтва, значна паглыбляючы яго змест.

Нараджэнне Маці Божай. Дошка, тэмпера. Каля 1700. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Інтэрвенцыя ў класічную прастору: нязвыклы дызайн 

Экспазіцыйная плошча выставы больш за 1200 квадратных метраў.

Наведвальнікі прывыклі да класічнага аблічча музея, да яго ўрачыстай беламармуровай каланады і лесвіцы. Але на гэтай выстаўцы інтэр’еры набылі незвычайны выгляд. Маладыя архітэктары з Санкт-Пецярбурга распачалі своеасаблівую дызайн-інтэрвенцыю ў архітэктурную класіку: закрылі велізарным белым палатном калоны і ўзнялі на балюстраду дадатковыя стэнды, якія ў два разы павялічылі выставачную прастору.

Вырашана было не парушаць звыклага аблічча пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея, а выкарыстоўваць магчымасці пяці залаў першага паверха і галерэі вышэй, змяніўшы на сучасны лад выставачныя пляцоўкі.

Для ажыццяўлення мастацкага рашэння выстаўкі былі запрошаны тры дызайнерскія групы – з Беларусі “Astula” (дызайн-студыя Алены Матросавай), Літвы (архітэктар гістарычных інтэр’ераў Відутэ Павілаўскайтэ) і Санкт-Пецярбурга (бюро “Ludi architeкts” Любові Лявонцьевай, С.-Пецярбург), якія, прыняўшы агульную дызайн-канцэпцыю, зладжана працавалі ў адзіным ключы. “Экспазіцыя заснавана на дадатковых экспазіцыйных модулях, што дазваляюць ствараць у сярэдзіне кожнай залы свой асаблівы сцэнарый, які адпавядае тэме, раскрываецца там і правакуе наведвальніка на даследаванне. Мы імкнуліся мінімальна задзейнічаць сцены і максімальна нагрузіць інфармацыяй штучна створаныя ў сярэдзіне памяшкання прасторы. Але, тым не менш, сцены важныя для нас як колеравая аснова экспазіцыі і як носьбіт вялікіх блокаў інфармацыі. Мы перафарбавалі ўсе сцены ў музеі (у залах, адведзеных пад экспазіцыю), што, безумоўна, на наш погляд, змяніла многія памяшканні, дадаўшы ім глыбіні, строгасці і сэнсу”, – зазначыла Любоў Лявонцьева, аўтар дызайн-канцэпцыі выстаўкі.

Падбор рам, багетаў і мастацкае афармленне графічных твораў разам з музейнымі супрацоўнікамі ажыццяўляла дызайнер Надзея Кухарэнка (дызайнерскае бюро ТАА “Ладэс”).

Іван Хруцкі. Партрэт хлопчыка ў саламяным капелюшы. Алей. Канец 1830-х – пачатак 1840-х. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Святло вырашае ўсё: новае светлавое абсталяванне

Новае светлавое абсталяванне дазволіла па-іншаму падаць многія музейныя прадметы. “Першыя залы – у ззянні золата і срэбра – перасягнулі чаканні радавой публікі і выглядалі надзвычай эфектна”, – пісалі крытыкі. Гледачоў сустракала выява сімвала выстаўкі – зрэз старога векавога дуба з гадавымі кольцамі. Драматызм нашай гісторыі падкрэслены глыбокімі расколінамі, што перарывалі гарманічнае развіццё. Вестыбюль ператварыўся ў жывую прастору. На вялікія белыя палотны бесперапынна праектаваліся прадстаўленыя на выстаўцы экспанаты і помнікі архітэктуры.

 Фердынанд Рушчыц. Каля касцёла. Алей. 1899. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Святло не толькі дапамагло выявіць прыгажосць выцвілых маляванак Язэпа Драздовіча, Алены Кіш (у вестыбюлі) і стараверскіх бісерных абразоў з Веткі ў разьбяных рамах, яно зайграла на паліхромных пазалочаных драўляных скульптурах, каштоўных старадруках Скарыны і Мсціслаўца, на пазалоце старадаўняй царскай брамы і прымусіла зазіхацець крышталь урэчскага шкла ўнікальнай жырандолі, срэбныя і залатыя ніці слуцкіх паясоў у каталіцкіх арнатах. Новае асвятленне дазволіла інакш убачыць звычныя музейныя экспанаты, падкрэсліць іх артактыўнасць.

Атмасфера выстаўкі: роля відэа і музыкі

Хаім Суцін. Ева. Алей. 1928. Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка

У трох залах выстаўкі і ў фае ў рэжыме нон-стоп дэманстраваліся спецыяльна знятыя фільмы пра шэдэўры беларускага мастацтва і дойлідства (аўтары – журналісты, аўтары праекта “Спадчына Беларусі” Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў). Удала падабраны музычны фон з шэдэўраў беларускай музыкі XVI–ХIХ стагоддзяў дадаваў выстаўцы спакойны гарманічны і пранікнёны настрой, правакаваў адных на роздум і філасофскія разважанні, другіх – на эмацыянальную сузіральнасць і спакой.

Язэп Драздовіч. Прарок. Алей. 1931. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Мікола Селяшчук. Дарога дадому. Алей. 1996. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь

Камунікацыя: разнастайнасць і новы сцэнарый  

Гэтая выстаўка – адна з нямногіх, дзе быў старанна прадуманы сцэнарый камунікацыі наведвальнікаў і твораў: ад вонкавай і тэлевізійнай рэкламы, якая нагадвала аб выстаўцы на працягу ўсяго тэрміну, да бясплатнага плана экспазіцыі і інтэрнэт-сюжэтаў на сайце музея і банка.

Акрамя каталога на трох мовах і яго таннай электроннай версіі, наведвальнікі маглі скарыстацца аўдыягідамі з 2-хвілінным аповедам пра 60 твораў мастацтва, змешчаных на выстаўцы, падрыхтаваным супрацоўнікамі музея. Гэтая паслуга была вельмі запатрабаваная і ўхваленая шматлікімі наведвальнікамі. Атрымаць інфармацыю пра кожны музейны прадмет можна было і пры дапамозе мабільных тэлефонаў. Па ўсёй экспазіцыі быў даступны QR-код. Скарыстацца паслугай змаглі тыя, у каго ў сотавым тэлефоне быў доступ у інтэрнэт і наяўнасць праграмы счытвання штрых-кодаў.

Супрацоўнікамі музея быў распрацаваны інтэрактыўны праект “Надышоў час вучыцца. Tempus discendi est”, а таксама аднайменная інтэрактыўная музейная праграма. Падчас працы выстаўкі было проведзена 5 канцэртаў і 4 лекцыі на тэму “Мастацкія аб’яднанні Беларусі”, прайшоў паказ фільма пра Юдэля Пэна (тэлевізійны праект “Адваротны адлік”, кіраўнік У. Бокун).

Іосіф Бродскі

Уладзімір Маякоўскі

Сяргей Войчанка, Уладзімір Цэслер. Праект стагоддзя Дванаццаць з ХХ. 1999. Уласнасць аўтараў

Важныя міжнародныя візіты

29 мая 2014 года выстаўку наведала Адміністратар Праграмы развіцця ААН (ПРООН) Хелен Кларк, якая мае рэпутацыю галоўнага ў свеце ідэёлага па ўстойліваму развіццю.

18 красавіка Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь наведала прадстаўнічая міжнародная арганізацыя на чале з Генеральным дырэктарам ЮНЕСКА Ірынай Бокавай, якая вельмі высока ацаніла выстаўку і яе ролю ў культурнай прасторы Беларусі.

У ліку іншых наведвальнікаў 1–2 чэрвеня 2014 г. на выстаўцы пабываў прадстаўнік аўкцыённага дома Сотбіс (Нью-Ёрк) Скот Нічэл, спецыяліст па творах мастацтва Расіі.

Лічбы выстаўкі

  • Найбольшая колькасць партнёраў-удзельнікаў – 47 удзельнікаў; 

акрамя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка, у выстаўцы прынялі ўдзел 22 дзяржаўныя і прыватныя музеі, рарытэты 2 бібліятэк – Нацыянальнай і Акадэміі навук, уласныя творы 12 мастакоў і 3 прыватных калекцыянераў, творы мастацтва з 2 касцёлаў і збораў Праваслаўнай Епархіі.

  • 473 творы ад часоў Візантыі да нашых дзён.
    • На выстаўцы ўпершыню дэманстравалася самая дарагая карціна ў Беларусі Хаіма Суціна “Ева”, якая была набыта Белгазпрамбанкам на аўкцыёне Sotheby’s у Нью-Ёрку за 1 млн. 860 тысяч долараў.  
    • Атрымана найбольшая колькасць водгукаў – 703, я якіх 73 – ад замежных турыстаў.
    • Гэты праект заняў І места ў намінацыі “Культурны праект” на III Міжнародным фестывалі тэрытарыяльнага маркетынгу і брэндынгу OPEN.
    • Каталог выстаўкі, створаны Белгазпрамбанкам пры партнёрскай падтрымцы 20 экспертаў-мастацтвазнаўцаў, навуковых супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, выдадзены выдавецтвам “Чатыры чвэрці”, адзначаны ганаровым дыпломам у намінацыі “Гран-пры” XI Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі”.

Водгукі з выстаўкі

Очень хорошо организована выставка, где видны все периоды развития нашей культуры. Очень понравились и работы, которые представлены впервые! Огромное спасибо!” (Учащиеся БГПУ, гр. 210)

“Дзякую за цудоўную выставу. Гэта сапраўдная асалода – дакрануцца да былых стагоддзяў. Надта спадабалiся творы XIX ст. Шчыры дзякуй!” 

“Большое спасибо за выставку! Это очень важно для современной молодёжи”. 

“Благодарим за чудесное чувство проникновения в великолепное прошлое, загадочное и щемящее сердце своей недосягаемой мощью и благородством, а также за гордость талантами дня сегодняшнего, передающими неизбывную красоту и величие людей и природы Беларуси! Спасибо! Успехов в вашей благородной работе сохранения “чудных мгновений”. (Белоруски с украинскими корнями Т. Корниенко и Е. Корниенко)

“Дзякуй агромнiсты ўсiм, хто спрычынiўся так цi iнакш да гэтай выставы, якая дае адчуваннi, што мы, беларусы (лiцвiны), роўныя сярод роўных у гэтым свеце, і што нам ёсць чым ганарыцца і ёсць што пакiнуць нашчадкам”. (Дамiнiка Бабрыцкая, Таццяна Магугава)

Высновы

Выстаўка ўпершыню прадэманстравала магчымасці прыватна-дзяржаўнага партнёрства, уражальныя вынікі агульнай працы – Міністэрства культуры, абласных упраўленняў культуры, фінансавай, выдавецкай, музейнай і канфесіянальных структур. Зладжаная праца за кароткі тэрмін дала станоўчыя вынікі.

“Выстаўка выявіла зусім новы навуковы і культурны дыскурс, версію таго, на чым беларусы могуць грунтаваць сваю ідэнтычнасць і якія каштоўнасці перадаваць наступным пакаленням,” – лічыць мастацкі крытык С.Харэўскі.

Тым не менш “выставачны эксперымент” паставіў перад гледачамі пытанні, якіх з’явілася больш, чым было. Што ёсць наша класіка і да якой ступені колішняя сістэма яе кадыфікацыі адпавядае сучаснасці? Што выпадае з нашай увагі і ў якой форме адбываецца канструяванне нацыянальнай гісторыі культуры – такія высновы прафесійнай крытыкі.

Адказы на гэтыя пытанні – у развіцці навукі аб мастацтве Беларусі ХХI стагоддзя, дзе адпаведнае месца зойме і гэты выставачны праект.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь шчыра дзякуе ўсім наведвальнікам і ўдзельнікам выстаўкі “ДЗЕСЯЦЬ СТАГОДДЗЯЎ МАСТАЦТВА БЕЛАРУСІ” за прафесійны ўдзел і падтрымку гэтага ўнікальнага праекта:

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь Барысу Святлову

Намесніку Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васілю Чэрніку

Галоўнаму спецыялісту Мінстэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрыю Шляхціну

Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Паўлу, патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі

Архіепіскапу Мітрапаліту Мінскаму і Магілёўскаму Тадэвушу Кандрусевічу

Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь (дырэктар – Алег Рыжкоў)

Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” (дырэктар – Сяргей Клімаў)

Нацыянальнаму Полацкаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку (дырэктар – Тамара Джумантаева)

Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (дырэктар – Раман Матульскі)

Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны (дырэктар – Мікалай Скобелеў)

Барысаўскаму дзяржаўнаму аб’яднанаму музею (дырэктар – Наталля Раховіч)

Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту (рэктар – Сяргей Абламейка)

Веткаўскаму музею народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава (дырэктар – Галіна Нячаева)

Віцебскаму абласному краязнаўчаму музею (дырэктар – Глеб Савіцкі)

Галерэі мастацкага шкла і керамікі «VAIVA» (г. Мінск, дырэктар – Леанід Чарняк)

Гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Заслаўе” (дырэктар – Мікалай Паграноўскі)

Гомельскаму палацава-паркаваму комплексу (генеральны дырэктар – Аляксандр Госцеў)

Гродзенскаму дзяржаўнаму музею гісторыі рэлігіі (в.а. дырэктара – Алег Рыбак)

Гродзенскаму дзяржаўнаму гісторыка-археалагічнаму музею (дырэктар – Юрый Кітурка)

Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы (дырэктар – Алена Ляшковіч)

Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (дырэктар – Зінаіда Кучар)

Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (дырэктар – Вячаслаў Даніловіч)

Інстытуту культуры Беларусі (в.а. рэктара – Ірына Лапцёнак)

Карціннай галерэі імя Я.Я. Майсеенкі (г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобласці; дырэктар – Людміла Жукава)

Магілёўскаму абласному мастацкаму музею імя П.В. Масленікава (дырэктар – Аляксандр Хахракоў)

Музею гісторыі Магілёва (дырэктар – Аляксей Бацюкоў)

Музею гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі (дырэктар – Вадзім Акапян)

Мінскаму абласному краязнаўчаму музею (г. Маладзечна; дырэктар – Таісія Лянкевіч)

Музею Беларускага Палесся (г. Пінск; дырэктар – Ірына Дзямчук)

Смаргонскаму гісторыка-краязнаўчаму музею (дырэктар – Любоў Белуш)

Цэнтру даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (дырэктар – Аляксандр Лакотка)

Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (дырэктар – Аляксандр Груша)

Сядзібна-паркаваму комплексу “Панскі маёнтак Сула” (в. Сула Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці; дырэктар – Андрэй Запольскі)

Парафіі касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Кемелішкі Астравецкага раёна (ксёндз Раман)

Парафіі касцёла Святой Тройцы ў г.п. Ружаны Пружанскага раёна (ксёндз Януш Пуліт)

ААТ “Белгазпрамбанк” (старшыня праўлення – Віктар Бабарыка)

ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” (генеральны дырэктар – Уладзімір Маёраў)

ААТ “Белгазпрамбанк” Уладзіміру Сажыну – саветніку, члену праўлення банка

ААТ “Белгазпрамбанк” Уладзіміру Шчаснаму – аўтару канцэпцыі выстаўкі

ААТ “Белгазпрамбанк” Сяргею Прыемку – кіраўніку аддзела спецпраектаў

ААТ “Белгазпрамбанк” Іне Бушыле – каардынатару спонсарскіх праектаў

Журналістам Алегу Лукашэвічу і Александру Аляксееву

Члену Беларускага саюза мастакоў Уладзіміру Цэслеру

Члену Беларускага саюза мастакоў Уладзіміру Савічу

Члену Беларускага саюза мастакоў Віктару Альшэўскаму

Члену Беларускага саюза мастакоў Ягору Батальёнку

Члену Беларускага саюза мастакоў Ігару Бархаткову

Члену Беларускага саюза мастакоў Валерыю Шкарубу

Мастаку Васілю Васільеву (г. Віцебск)

Уладальніку прыватнай калекцыі Раісе Кухто (г. Віцебск)

Уладальніку прыватнай калекцыі Андрэю Кулажэнку

Уладальніку прыватнай калекцыі Алегу Лукашэвічу

Уладальніку прыватнай калекцыі Ільі Шталянкову

Уладальніку прыватнай калекцыі Дзмітрыю Рабунскаму

Уладальніку прыватнай калекцыі Алене Смірновай

ТАА “Ладэс” (кіраўнік Надзея Кухарэнка)

«Astula» дызайн-студыя, г. Мінск (кіраўнік – Алёна Матросава)

Архітэктару Відутэ Павілаўскайтэ (г. Вільнюс)

Дызайнерскаму бюро “Ludi architects”, С.-Пецярбург (кіраўнік – архітэктар Любоў Лявонцьева)

Выдавецтву “ Чатыры чвэрці” (кіраўнік – Ліліяна Анцух)

Кіраўніку групы мантажа выстаўкі Ігару Асоўскаму ( г. С.-Пецярбург)

Другому нацыянальнаму тэлеканалу (старшыня праўлення – Рыгор Кісель)

Інтэрнэт-парталу TUT.BY (кіраўнік – Юрый Зісер)

Газеце “Советская Беларусь” (Беларусь сегодня) (галоўны рэдактар – Павел Якубовіч )

Белтэлерадыёкампаніі (старшыня – Генадзь Давыдзька)

Журналісту Віктару Корбуту (газета “Советская Беларусь”( Беларусь сегодня”)

Тэлежурналісту Аляксандру Мацясу (Другі нацыянальны тэлеканал)

Тэлежурналісту Алене Борматавай (Белтэлерадыёкампанія)

Вярнуцца >>