Вобраз Найсвятой Багародзіцы ў іканапісе Беларусі XVII–XIX стст.

4 мая 2012 года ў мастацкай галерэі ў Полацку адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Вобраз Найсвятой Багародзіцы ў іканапісе Беларусі XVII–XIX стст.»

На выстаўцы прадстаўлена 32 творы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да іканаграфіі Багародзіцы. Большасць выканана ў праваслаўнай традыцыі, толькі тры з іх – абразы з выявай Маці Божай Кракаўскай, Барунскай і Снежнай – напісаны ў традыцыях не візантыйскай, а італьянскай іканаграфіі. У экспазіцыі, акрамя беларускіх, змешчаны таксама іконы рускай школы іканапісу ХIX стагоддзя.

Вобраз Маці, якая глыбока перажывае будучыя пакуты Сына, – адзін з самых эмацыянальных сюжэтаў праваслаўнай іканаграфіі.

Асноўныя тыпы выявы Маці Божай, што сталі кананічнымі, сфарміраваліся ў IX стагоддзі ў Візантыі, у пасляіканаборскі перыяд. Абразы, якія прывозілі на землі Кіеўскай Русі, станавіліся як аб’ектам шанавання, так і ўзорамі для новых іканаграфічных варыянтаў. Паводле падання, першыя абразы Маці Божай напісаў евангеліст Лука. Гэта Адзігітрыя (з грэч. – Правадніца), Замілаванне і, верагодна, выява святой Марыі без немаўля. Гістарычнае сведчанне аб гэтай падзеі ўзыходзіць да VI стагоддзя. Візантыйскі гісторык Феадор Чытальнік гаворыць аб адпраўцы з Іерусаліма ў Канстанцінопаль у 450 г. імператрыцай Еўдакіяй, жонкай імператара Феадосія Малодшага, яго сястры Пульхерыі, пасля кананізаванай, абраза Маці Божай, напісанага евангелістам Лукой.

Найбольш распаўсюджаны вобраз Маці Божай атрымаў назву «Адзігітрыя» ад імя храма ў Канстанцінопалі – Тэас Адзігас («Храм правадыроў»), дзе маліліся ваеначальнікі перад бітвай. Маці Божая малюецца з немаўлём на левай руцэ, які правай рукой бласлаўляе, а ў левай трымае скрутак.

Пазней варыянты іканаграфіі атрымалі назвы па месцы з’яўлення або цудатварэння: Кракаўская, Мінская, Барунская і інш. Паясныя выявы Марыі з немаўлём на правай руцэ носяць назву Панагія Дэкса (з грэч. – Усесвятая). Да гэтага тыпу належаць Пачаеўская, Іерусалімская, Холмская, а таксама прадстаўленыя ў экспазіцыі абразы «Троеручыца», «Фёдараўская». Акрамя таго, прадстаўлены вобразы Маці Божай у складаных кампазіцыях: «Багалюбская», «Усіх смуткуючых радасць», у якіх іканаграфічны прататып існуе ў завуаліраванай форме. Многія беларускія абразы ілюструюць асноўныя падзеі жыцця Маці Божай: «Цалаванне Іаакіма і Ганны. Дабравесце Ганне», «Нараджэнне Маці Божай», «Дабравешчанне» і г.д., якія адпавядаюць двунадзесятым святам. Паўтор некаторых сюжэтаў дазваляе параўнаць розныя мастацкія і кампазіцыйныя прыёмы, што выкарыстоўваюцца іканапісцамі, зварот іх да візантыйскай або заходнееўрапейскай традыцыі, ступень прытрымлівання канону.

Беларускія майстры часта выкарыстоўвалі гравюры ў якасці іканаграфічных узораў, што прыкметна ў творах святочнага рада 1642–1649 гг. – «Нараджэнне Хрыстова», «Пакланенне вешчуноў», «Святое сямейства» і інш.

Дзякуючы планамернай працы рэстаўратараў музея пастаянна расце колькасць твораў, якія пашыраюць наша ўяўленне пра беларускі іканапіс. Адкрываюцца новыя тэмы, сюжэты, іканаграфічныя варыянты.

На выстаўцы ўпершыню дэманструюцца дванаццаць абразоў, адроджаных рэстаўратарамі. Дзякуючы іх карпатлівай працы шматлікія раскрытыя абразы набылі іншыя назвы, іканаграфічны рад музейных твораў папоўніўся выявамі Маці Божай Кракаўскай, Барунскай, Шкаплернай, Сямістрэльнай, якія раней не былі прадстаўлены ў калекцыі, і абразамі святочнага рада – Сашэсце Святога Духа, Нараджэнне Маці Божай, Успенне.

Абразы Найсвятой Багародзіцы, прадстаўленыя на выстаўцы, сведчаць пра выключную значнасць яе выявы для беларускай мастацкай культуры і ўсяго хрысціянскага свету.

Выстаўка будзе працаваць да 16 ліпеня.

Вярнуцца >>