СЯРГЕЙ КАТКОЎ І ВУЧНІ

З 27 чэрвеня 2012 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстаўка «Сяргей Каткоў і вучні», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння мастака. Прадстаўлена каля 80 твораў жывапісу і графікі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, з калекцыі дачкі мастака Святланы Катковай і творы вучняў Каткова з уласных збораў. Асаблівае месца на выстаўцы займаюць дзіцячыя малюнкі 1960-х гадоў, якія былі зроблены маленькімі навучэнцамі студыі Каткова пры Палацы піянераў і школьнікаў.

Сяргей Пятровіч Каткоў (1911–1976) – выключная і непаўторная асоба ў беларускім мастацтве сярэдзіны ХХ стагоддзя, мастак, педагог, заслужаны настаўнік БССР (1966). Яго жывыя наватарскія ўстаноўкі дапамаглі студыйцам стаць выдатнымі жывапісцамі, графікамі, манументалістамі. Сярод яго вучняў – вядомыя дзеячы беларускага мастацтва, народныя мастакі Май Данцыг, Уладзімір Стэльмашонак, Уладзімір Тоўсцік, заслужаныя дзеячы мастацтваў Васіль Сумараў, Нінэль Шчасная, Зоя Літвінава, Святлана Каткова і многія іншыя.

Кожны твор Сяргея Каткова – гэта цудоўнае адлюстраванне жыцця. Яму было цікава маляваць розныя куткі краю, пракладаючы свае асабістыя сцежкі ў пейзажных прасторах. Ён быў адначасова выдатным майстрам гарадскога і вясковага краявідаў, камерных і панарамных матываў. У яго творах захоўваецца жывы пульс часу 1950–1970-х гг. У свой сталы перыяд ён стварыў выдатныя буйнамаштабныя жывапісныя пано, прысвечаныя тэме ўраджайнай і сакавітай зямлі.

Работа выстаўкі плануецца па 30 ліпеня 2012 года.

Вярнуцца >>