Адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Алтарная скульптура і мастацкія тканіны Беларусі XVII–XIX стст.”

4 снежня 2012 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы “Алтарная скульптура і мастацкія тканіны Беларусі XVII–XIX стст.” (з фондаў НММ РБ). Канцэпцыю і ідэю стварэння выставы прадставіў генеральны дырэктар НММ РБ У.І. Пракапцоў. На адкрыцці выставы з прывітальным словам выступілі: арцыбіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, протаіерэй, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Аляксандар Шымбалёў, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Мішэль Рэнеры, пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі П.П. Латушка, галоўны спецыяліст апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей С.У. Вечар, загадчык навукова-рэстаўрацыйнага аддзела НММ РБ А.С. Шпунт. Выступоўцы адзначылі важнасць захавання і вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, рэдкае з’яўленне алтарнай скульптуры на тэматычных выставах, выказалі падзяку арганізатарам экспазіцыі. Кіраўнік навукова-рэстаўрацыйнага аддзела А.С. Шпунт, які асабіста ўдзельнічаў у выратаванні і аднаўленні прадстаўленых твораў, адзначыў, што музей захаваў частку велізарнага пласта беларускай мастацкай культуры, па якім вызначаецца багацце нашай нацыянальнай спадчыны ў мінулым. Удзельнікі ўрачыстасці выказалі надзею на паспяховы працяг традыцыі дэманстрацыі фондавых калекцый. На адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі прэсы і тэлебачання.

На выставе прадстаўлена каля 30 твораў культавай драўлянай скульптуры эпохі барока. Збіранне твораў скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Заходняй Беларусі пачалося яшчэ да Другой сусветнай вайны супрацоўнікамі Віленскага Беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Аднак асноўная частка калекцыі разьбяной скульптуры XVII–XIX стст. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, якая налічвае цяпер больш за 500 узораў, была вывезена навуковымі экспедыцыямі музея ў 1960–1980-я гг. з закрытых у той час храмаў і выратавана ад знішчэння. Творы былі адрэстаўрыраваны музейнымі спецыялістамі, вывучаны і апублікаваны. Некаторыя з іх паказваюцца ўпершыню. Экспануюцца таксама ўзоры мастацкага ткацтва – літургічнае адзенне, у тым ліку з фрагментамі слуцкага пояса.

Выстава працуе па 21 студзеня 2013 года.

Вярнуцца >>