Год Івана Хруцкага

8 лютага 2010 года споўнілася 200 гадоў з дня нараджэння I.Ф. Хруцкага, славутага беларускага жывапісца XIX стагоддзя. Відавочна, што ўвесь мінулы 2010 год быў адзначаны ўздымам цікавасці да спадчыны мастака. Гэтаму шмат у чым спрыяў пералік юбілейных мерапрыемстваў на высокім урадавым узроўні, ініцыятарамі i ўдзельнікамі якіх з’яўляліся Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, а таксама Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, “Пріорбанк” ААТ, газета “Комсомольская правда в Беларуси”.

Імя беларускага мастака І. Хруцкага актыўна пазіцыяніравалася на культурнай прасторы Еўропы. Юбілейная дата нашага славутага земляка была занесена ў Cпic памятных дат ЮНЕСКА 2010–2011 гг. Разам з імем Івана Хруцкага ў гэты пералік унесены імёны такіх выдатных асоб, як Антон Чэхаў, Фрэдэрык Шапэн, Mixaіл Ламаносаў, Роберт Шуман.

Іван Фаміч Хруцкі (1810–1885) нарадзіўся на Віцебшчыне. Прафесійную адукацыю мастак атрымаў у Пецярбургу, што абумовіла развіццё яго творчасці пераважна ў рэчышчы рускага мастацтва XIX стагоддзя. Яго мастацкая спадчына – набытак культуры не толькі Беларусі. Творы мастака І. Хруцкага захоўваюцца ў вядомых музеях краін Еўропы i СНД – Украіне, Казахстане, Pacii – Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўным Рускім музеі ў С.-Пецярбургу, а таксама шэрагу іншых буйнейшых расійскіх музеяў, Нацыянальным музеі ў Варшаве, Латвійскім нацыянальным мастацкім музеі ў Рызе, у Літоўскім мастацкім музеі ў Вільнюсе i Кракаўскім мастацкім музеі імя Чурлёніса.

8 лютага 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння славутага беларускага жывапісца XIX стагоддзя Івана Фаміча Хруцкага.

У праграме вечара адбыліся наступныя мерапрыемствы:

-       прэзентацыя Міністэрствам сувязі i інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь памятнага канверта з маркай да юбілею мастака;

-       прэзентацыя Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь сярэбранай манеты, выпушчанай да юбілею мастака;

-       адкрыццё выстаўкі твораў Івана Фаміча Хруцкага з калекцыі музея;

-       адкрыццё выстаўкі твораў жывапісу праўнучкі мастака Ядвігі Маціеўскай (1916–1996);

-       прэзентацыя твораў медальернага мастацтва беларускага мастака Алеся Шацілы, прысвечаных Івану Хруцкаму.

22 верасня 2010 года ў Штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы ў гонар юбілейнай даты – 200-годдзя з дня нараджэння Івана Фаміча Хруцкага – адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі твораў гэтага славутага мастака.

З 4 жніўня па 7 верасня 2010 года ў г. Полацку экспанавалася выстаўка жывапісу Івана Фаміча Хруцкага з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь як захавальнік самай вялікай калекцыі твораў І. Хруцкага сумесна з Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам адзначыў знамянальны юбілей мастака правядзеннем выстаўкі і міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Іван Хруцкі ў дыялогу культур”. У канферэнцыі ўдзельнічалі супрацоўнікі буйнейшых музеяў, мастацтвазнаўцы, краязнаўцы з Масквы, С.-Пецярбурга, Варшавы, Вільнюса, Мінска, Віцебска, Полацка. Гэта паспрыяла шматбаковаму абмеркаванню новых даследаванняў спадчыны І.Ф. Хруцкага. У г. Полацку былі праведзены навуковыя канферэнцыя, пленэр, конкурсы маладых мастакоў пры падтрымцы Полацкага райвыканкама і Упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. Імя I. Хруцкага прысвоена адной з вуліц г. Полацка, дзіцячай мастацкай школе г. Полацка i сярэдняй школе пас. Ула Бешанковіцкага раёна, на месцы сядзібы мастака “Захарнічы” ў Полацкім раёне ўсталяваны памятны знак.

З 17 верасня па 17 кастрычніка 2010 года ў г. Вільнюсе (Літва) экспанавалася сумесная выстаўка жывапісу Івана Фаміча Хруцкага з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (23 творы) і Літоўскіх музеяў (6 твораў) у рамках правядзення Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы.

З 29 лістапада 2010 года па 16 студзеня 2011 года ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (г. Масква) экспанавалася сумесная выстаўка жывапісу Івана Фаміча Хруцкага з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (23 творы) і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (12 твораў).

У рамках святкавання юбілею І. Хруцкага былі падрыхтаваны і выдадзены наступныя выданні:

– Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Іван Хруцкі ў дыялогу культур”, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага жывапісца XIX стагоддзя Івана Фаміча Хруцкага (5 верасня 2010 года, г. Полацк);

–     альбом-каталог “Творы Івана Хруцкага ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і “Пріорбанк” ААТ;

–     буклет выстаўкі “Творы Івана Хруцкага ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”;

–     паштоўка з рэпрадукцыяй жывапіснага твора Івана Хруцкага з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Партрэт невядомай з кветкамі і садавіной. 1838”;

–     альбом “Іван Хруцкі”, т. 31, з серыі “Вялікія мастакі”, выдадзены “Комсомольской правдой в Беларуси”.

Вярнуцца >>