«Усё мяняецца тут і цяпер»

Цізер «Усё мяняецца тут і цяпер» – некамерцыйны праект, які быў ініцыяваны рэжысёрамі  Пятром Дайноўскім і Нікітам Костачкам, і кіраўніком прадакшн студыі KUDU Антанасам Клейнасам для Нацыянальнага мастацкага музея. Пасля праект прыцягнуў да сябе вялікую колькасць яркіх і зацікаўленых людзей: рэнтал-кампанію First Rental (Сяргей Якубоўскі), якая дала тэхніку, камп’ютэрнага графіка Ілью Кастэнку з VIDEPIX і кампанію LG Electronics. І вось – выдатнае відэа, якое вы зможаце ўбачыць і якому зможаце парадавацца разам з намі!

Ролік здымаўся фактычна адны суткі – ад 8 гадзін раніцы да 4 гадзін раніцы. Для музея гэта быў першы падобны вопыт узаемадзеяння. 20 гадзін – 100% выкладкі і распланаванай па хвілінах працы, па кожным пункце музейнай прасторы. Працэс падрыхтоўкі да здымак доўжыўся 2 тыдні, а працэс абмеркаванняў, узгадненняў кадраў, перастановак, пошуку новых ракурсаў і магчымасцей – некалькі месяцаў. Гэта было шматпланавае тэатральнае дзейства, у якое кожны раз дадаваліся новыя прафесіяналы: аператар- пастаноўшчык Мікалай Лайдра, гукарэжысёр Яўген Дзячак, мапінг – Арцемій Калінін. Можна смела казаць, што «Усё мяняецца тут і цяпер». Гэта відэа – ода любві да Нацыянальнага мастацкага музея. Уся мастацкая група працавала бясплатна.

Для нас важна, што ніхто ў музеі раней такім позіркам не глядзеў на здабытак краіны. Начны, пусты і ціхі музей паўстаў у велічным святле.

Чаго мы хочам? Натхняйцеся музеем і яго фондамі, рэалізоўвайце разам з намі свае мары, і хай такіх праектаў стане больш!

Вярнуцца >>