Прэзентацыя кнігі “МАСТАЦТВА ДЗЕЛЯ СЛАВЫ БОЖАЙ: Саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы”

11 верасня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэзентацыя кнігі “МАСТАЦТВА ДЗЕЛЯ СЛАВЫ БОЖАЙ: Саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы” (аўтар – доктар мастацтвазнаўства ВОЛЬГА ЛАБАЧЭЎСКАЯ).

Выданне прадстаўляе шэдэўры беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – саламяныя царскія вароты пачатку XIX ст. з іканастасаў палескіх цэркваў. Два ўзоры царскіх варотаў з саломкі сёння захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, адзін – ў Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. У Другую сусветную вайну былі страчаны саламяныя іканастасныя вароты са збору Дзяржаўнага музея ў Мінску, фота якіх экспанавалася ў 1925 г. на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы. Ёсць звесткі і пра існаванне пятага па ліку саламянага твора народнага манументальнага-дэкаратыўнага мастацтва. Саламяныя шэдэўры, створаныя палескімі майстрамі ў пачатку ХІХ ст. – гэта рарытэты беларускай культуры, якія не маюць аналагаў у мастацтве іншых краін і народаў. Таму мы павінны быць ўдзячнымі шматлікім дзеячам беларускай культуры за тое, што творы з саломкі – зусім простага нетрывалага матэрыялу – цудоўным чынам зберагліся да нашага часу.

На падставе грунтоўнага навуковага даследавання, упершыню ўведзеных архіўных крыніц і публікацый аўтар кнігі разглядае гісторыю вывучэння, музеефікацыі і рэстаўрацыі ўнікальных саламяных твораў сакральнага прызначэння, аналізуе народныя вытокі гэтага віду мастацтва, мастацкую стылістыку і тэхніку іх пляцення.

У альбоме паказаны сучасны працяг гэтай унікальнай традыцыі – выраб копій старадаўніх саламяных іканастасных варот і вянчальных вянцоў, арыгінальных твораў для цэркваў – іканастасаў, ківотаў абразоў, вянчальных абразоў і мітр для святароў.

Кніга ўзбагачае веды аб гісторыі беларускага мастацтва і прызначана яго знаўцам і аматарам, музейным супрацоўнікам, выкладчыкам гісторыі мастацтва і беларусазнаўства, настаўнікам сусветнай і беларускай мастацкай культуры.

Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы  Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У рамках прэзентацыі адбудзецца аднаднеўная выстава аднаго шэдэўра – будуць экспанавацца саламяныя вароты з в. Вавулічы Драгічынскага раёна, якія былі зроблены майстрам Клімовічам у 1835 г. Гэты ўнікальны твор не паказваўся гледачам з 2010 г., і яго ўпершыню можна будзе ўбачыць зблізку, не схаваным за шклом вітрыны.

Падчас прэзентацыі выдавецкі дом “Беларуская навука” прадставіць таксама свае выданні па мастацтву і культуры Беларусі і арганізуе продаж кнігі “Мастацтва дзеля Славы Божай”.

 

Вольга Лабачэўская, доктар мастацтвазнаўства, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва (Мінск). Займаецца  вывучэннем пытанняў тэорыі і гісторыі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, промыслаў і рамёстваў, традыцыйнага тэкстылю і касцюма беларусаў. Аўтар навуковых манаграфій: “Зберагаючы самабытнасць. З гісторыі народнага мастацтва і промыслаў Беларусі” (1989), “Повязь часоў – беларускі ручнік” (2002, 2009), “Беларусы у фотаздымках Ісака Сербава 1911–1912 гадоў  (2012), “Белорусский народный текстиль: художественные основы, взаимосвязи, новации” (2013), “Белорусский народный костюм: крой, вышивка и декоративные швы” (2009, 2013, 2015) і інш.

Вернуться >>